Вясковае вяселле, вартае музейнай экспазіцыі

15 Января 2018 2149

У актавай зале Лідскага хлебазавода існуе своеасаблівы музейны куток, дзе захоўваюцца найбольш цікавыя конкурсныя работы кандытараў прадпрыемства. За кожным выстаўленым тут кандытарскім вырабам стаіць перамога ў тым ці іншым прафесійным конкурсе, кожны з іх, без перабольшання, можна назваць мастацкім творам і доўга разглядаць, атрымліваючы эстэтычную асалоду. Адна з гэтых работ, у выглядзе вясковай хаты, дзе поўнай хадой адбываецца вяселле, мяне ўразіла настолькі, што я вырашыла напісаць пра яе асобна.

Хачу ўдакладніць, што маё наведванне хлебазавода ў той дзень было невыпадковым: з абласнога конкурсу, прысвечанага навагодняй тэматыцы, толькі што вярнуліся пераможцамі кандытары прадпрыемства Алена Сяргей і Вольга Цешкель. З гэтай нагоды я сустракалася з імі, пабачыла іх навагоднія кандытарскія шэдэўры. А потым стала аглядаць міні-музей. Аказалася, што аўтарам арыгінальнага вырабу, які зафіксаваў у незвычайнай форме яркі фрагмент вясковага жыцця, была адна з маіх суразмоўцаў – кандытар 5-га разраду Лідскага хлебазавода Алена Сяргей. Яна патлумачыла, што рыхтавала гэты кандытарскі выраб на абласны конкурс на тэму «Беларускія традыцыі». Яна выбрала традыцыю святкавання вясковага вяселля. За дакладнасць увасаблення тэмы і мастацкія вартасці кандытарскі выраб Алены Сяргей тады быў удастоены Гран-пры конкурсу.

Гэтым вырабам проста нельга не залюбавацца. Кампазіцыя (велічынёй прыкладна з лямпавы тэлевізар «Гарызонт» апошніх мадэляў) уяўляе сабой хату ў разрэзе разам з прылягаючай часткай вуліцы. У хаце – тыповая абстаноўка, характэрная для першай паловы мінулага стагоддзя. Вясельны стол устаўлены прысмакамі. Маладыя за сталом. Госці – у памяшканні і на вуліцы – частуюцца, танчаць, размаўляюць, мілуюцца. Кампазіцыя ў цэлым вельмі дакладна перадае агульную атмасферу вяселля. А калі ўглядацца ў дэталі…

IMG 058

IMG 055

IMG 061

Наогул, аб дэталях – асобная размова. Кожная з іх – чарговае пацвярджэнне вялікага самабытнага таленту Алены Сяргей, яе незвычайнай назіральнасці, глыбокага ведання беларускіх вясковых традыцый і культуры. Давайце разам угледзімся ў кампазіцыю. Перш за ўсё – ва ўбранства хаты. Мэбля ў памяшканні такая, якая тады і была ў жыцці, – простая, грубаватая, зробленая саматужным спосабам. Алена Віктараўна не толькі дакладна перадала форму вясковай мэблі той эпохі (лавак, шафаў, паліц, буфета, зэдліка), але і старанна папрацавала над фактурай «драўлянай» паверхні. Цікава, што ў вясковай хаце драўляныя стольныя бэлькі таксама з’яўляюцца як бы часткай «карыснага інтэр’еру» – на іх падвешаны на імітаваных вяроўках (між іншым, з сапраўднага льновалакна) і люлька, таксама драўляная, і нізка каўбас. Звяртае на сябе ўвагу адметны прадмет вясковага інтэр’еру – куфар. Ну а калі зараз вяселле, то ён напоўнены новенькім пасагам.

IMG 041IMG 057

Важным элементам убранства хаты з’яўляюцца самаробныя тэкстыльныя вырабы (дзяружкі, яркія паласатыя дарожкі, вышытыя беларускім арнаментам ручнікі, упрыгожаны махрамі абрус) і, канешне, карункі. Карункі тут усюды, як у любой хаце, у якой гаспадыня сапраўдная майстрыха і клапоціцца аб утульнасці, – у буфеце, на насценных паліцах. Фіранкі на вокнах і абажур – таксама карункавыя. І выглядаюць яны як сапраўдныя! 

IMG 060

А як натуральна перададзены паставы людзей, іх рухі, выразы твараў! Вось маці з абразом у руках, і ў яе такі шчасліва-прасветлены твар! На ім – спадзяванне, што ў дачкі складзецца шчаслівы лёс, і адлюстраванне радасці, што вяселле ідзе ладна, па-людску. Гарманіст крыху стаміўся, але грае выдатна, што бачна па гасцях: пад пералівы гармоніка яны з задавальненнем танчаць і спяваюць, а хтосьці і мілуецца за плотам.

Сур’ёзна падышла Алена Віктараўна да пытання, у што апрануць гасцей і маладых. Іх адзенне (ільняныя кашулі, вышытыя беларускім арнаментам, каляровыя саматканыя спадніцы і г. д.) – тыповыя святочныя ўборы таго часу, асаблівасці якіх вырашыла адлюстраваць у сваёй кампазіцыі кандытар хлебазавода.

IMG 048

Акрамя непасрэдна самога вяселля, другім цэнтрам прыцягнення ўвагі ў хаце з’яўляецца печ. Яна як сапраўдная: добра пабеленая перад вяселлем, з чыгунком бульбы, вілкамі для чыгунка, нізкамі грыбоў і каўбас і… шэрым хітраватым катом. А гліняныя размаляваныя збанкі на плоце, посуд на стале і ў буфеце, чыгунны прас на паліцы, снапы і мяхі за хатай, рамонкі з дзьмухаўцамі ў траве, саламяная страха, буслы на даху… Колькі ні ўглядаешся ў кампазіцыю, знаходзіш новыя і новыя цікавыя дэталі і не перастаеш здзіўляцца: якая карпатлівая праца прароблена, і з якой любоўю! Ды яшчэ ўлічваючы, што ўсё гэта трэба было зрабіць з прадуктаў, якія ўжываюцца як ежа.

IMG 045-1

IMG 046

IMG 064

Я пацікавілася ў Алены Віктараўны: а якія гэта менавіта прадукты? Яна патлумачыла, что сама хатка зроблена з абаранкавага цеста; мэбля, печ, фігуркі – з салёнага цеста; дробныя дэталі – з цукровай масцікі. Калі ўлічыць, што гэты кандытарскі выраб, да ўсяго, мае неаспрэчныя мастацкія вартасці і глыбокі сэнс, бо ўтрымлівае нямала пазнавальнай інфармацыі аб беларускіх народных традыцыях, культуры, побыце, гісторыі, – то, на мой погляд, ён цалкам заслугоўвае таго, каб быць экспанатам сапраўднага музея.

У завяршэнне – некалькі слоў пра аўтара гэтага арыгінальнага кандытарскага вырабу. Кандытар 5-га разраду Алена Сяргей – яшчэ і выдатны пекар. На хлебазаводзе яна працуе 18 год. З іх апошнія чатыры гады – у кандытарскім цэху, дзе спецыялізуецца на заказных тартах (робіць для іх упрыгажэнне з цукровай масцікі). Мае шмат узнагарод з конкурсаў кандытараў і пекараў рознага ўзроўню (ад абласных да міжнародных). У вольны час любіць папрацаваць над вырабамі з салёнага цеста – фігуркамі, карцінамі.

 

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться