Ганаровы грамадзянін Лідскага раёна Аляксандр Каранюк адзначыў 85-гадовы юбілей

05 Июня 2014 3350

У мінулую суботу ў Бердаўскім культурна-дасугавым цэнтры адбылося святочнае мерапрыемства, прысвечанае 85-годдзю аднаго са старэйшых і найбольш вядомых жыхароў аграгарадка – Аляксандра Аляксандравіча Каранюка, які сваім жыццём і дзейнасцю ўпісаў адну з яркіх старонак у стваральную гісторыю Лідчыны савецкага часу. Гэты паважаны ўсімі чалавек – жывая легенда Бердаўкі (яго імя ўжо цяпер, пры яго жыцці, носіць адна з вуліц аграгарадка), Ганаровы грамадзянін Лідскага раёна. У рамках святочнай праграмы прайшла прэзентацыя аўтабіяграфічнай кнігі Аляксандра Каранюка “Сэнс жыцця”. У той жа дзень Аляксандру Аляксандравічу была ўручана Ганаровая грамата раённага Савета дэпутатаў.

Перад пачаткам імпрэзы ля культурнай установы сабралася шмат людзей. Гэта былі аднавяскоўцы, сябры, родныя і блізкія слыннага юбіляра, яго былыя калегі па працы ў сельскай гаспадарцы. Павіншаваць юбіляра прыехалі таксама кіраўнікі раённай улады – старшыня райвыканкама Аляксандр Астроўскі і старшыня раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш. Тут жа была і старшыня Бердаўскага сельскага Савета Галіна Суботка. У парадным касцюме, які ўпрыгожвалі шматлікія ордэны і медалі, падыходзіў Аляксандр Аляксандравіч да кожнага, кожнаму паціскаў руку, для кожнага знаходзіў цёплыя прывітальныя словы і, у сваю чаргу, прымаў ад усіх прысутных цёплыя віншаванні з юбілеем. І вось гаспадары культурнай установы, Аляксандр і Інэса Парфенчыкі, гасцінна запрашаюць усіх прайсці ў будынак і падняцца ў канцэртную залу. Тут удзельнікі імпрэзы знаёмяцца з кнігай “Сэнс жыцця”, а праз кнігу – нанава “перагортваюць” старонкі жыцця Аляксандра Каранюка. 

Да юбілея – прэзентацыя кнігі

Напісаць кнігу “о времени и о себе” Аляксандр Аляксандравіч цвёрда паабяцаў пяць гадоў назад, у свой папярэдні юбілей. Мэтай стварэння кнігі было пакінуць нашчадкам памяць аб сабе, аб часе, на які прыйшоўся доўгі жыццёвы і працоўны шлях, аб людзях, з якімі працаваў разам і чыю падтрымку адчуваў, нарэшце – аб яркай старонцы ў гісторыі Бердаўкі, “напісанай” працалюбівымі і нераўнадушнымі людзьмі. Аўтар кнігі прызнаецца, што, перш чым пачаць работу над ёй, схадзіў у царкву і паспавядаўся (перад тым ён шмат гадоў не быў у споведзі) – і з Божай дапамогай за некалькі год напісаў аб’ёмную і цікавую аўтабіяграфічную працу. У стварэнні кнігі пасадзейнічаў дырэктар Бердаўскай школы Анатоль Крупа. Кніга “Сэнс жыцця” прысвечана памяці дзеда Аляксандра Каранюка – Васіля Вікенцьевіча, чалавека працалюбівага і мудрага, які ва ўсім стаў прыкладам для ўнука, навучыў яго многім вясковым рамёствам. Гэтая кніга – летапіс роду Каранюкоў ад канца XIX стагоддзя да нашых дзён. У ёй прасочваюцца лёсы родных, блізкіх, аднавяскоўцаў, а праз іх – лёс заходнебеларускай вёскі на працягу больш чым стогадовага адрэзка часу. Аўтар імкнуўся згадаць усіх, з кім перасякаліся яго жыццёвыя дарогі, з кім разам ствараў “новую” Бердаўку. 

IMG 1009

Не хлебам адным

Вядучыя імпрэзы Аляксандр і Інэса Парфенчыкі правялі кароткі экскурс па старонках кнігі – і біяграфіі яе аўтара. Найбольш падрабязна яны спыніліся на амаль 30-гадовым перыядзе старшынства Аляксандра Каранюка ў калгасе “Бердаўка” (да 1975 года – “Барацьбіт”), яго плённай дэпутацкай дзейнасці. Увесь гэты перыяд Аляксандр Аляксандравіч самааддана працаваў дзеля высакароднай мэты – зрабіць калгас квітнеючай гаспадаркай, а жыццё яго працаўнікоў – заможным і камфортным. І гэта кіраўніку гаспадаркі ўдалося. Пры Каранюку калгас дасягнуў вялізных поспехаў, была створана добрая вытворчая база, пабудаваны аб’екты сацыяльнага прызначэння. Як кіраўнік гаспадаркі і дэпутат Аляксандр Каранюк клапаціўся не толькі аб хлебе надзённым – не пакідаў ён па-за ўвагай культуру, ахову здароўя, навучанне і выхаванне дзяцей, усё, чым жывуць вяскоўцы.

IMG 0963

З 1967 года ў так званай новай Бердаўцы пачалося будаўніцтва двухпавярховых чатырохкватэрных жылых дамоў. Пры Аляксандры Аляксандравічы ўзводзіліся адміністрацыйны цэнтр праўлення калгаса, будынак сельскага Савета, гандлёва-сервісны цэнтр са сталовай і гасцініцай, лазнева-пральны камбінат, школа, ферма “Філіпкі” і іншыя аб’екты. У дамы бердаўчан прыйшоў газ, а па дарогах пралёг асфальт. У 1986 годзе адчынены новы дзіцячы садок. Не на апошнім месцы для старшыні былі і культурнае жыццё працаўнікоў гаспадаркі, іх вольны час. Менавіта ў “эпоху Каранюка” пачаў сваю дзейнасць народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў, які і цяпер з’яўляецца адной з візітак Бердаўкі. Пры актыўным удзеле Каранюка быў адноўлены мясцовы Дом культуры. Варта таксама згадаць штучны вадаём, ля якога ў тыя гады размяшчалася цэлая зона адпачынку.

Увогуле, Бердаўка таго часу адпавядала ўсім патрабаванням цяперашніх аграгарадкоў (толькі паняцця такога тады не было). У роднай вёсцы з задавальненнем заставалася жыць мясцовая моладзь. Было шмат жадаючых пераехаць жыць і працаваць у Бердаўку.

– Прытрымліваючыся спрадвечных запаветаў, сапраўдны мужчына павінен пабудаваць дом, пасадзіць сад, – казалі вядучыя імпрэзы. – Дык вось, герой нашага мерапрыемства выканаў гэтыя запаветы з ліхвой. Ён будаваў дамы, ён садзіў сады… І ўсё гэта не дзеля сябе і не дзеля славы. Ён гэта рабіў для людзей, гэта было сэнсам усяго яго жыцця.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться