Спекуляцыя на мове, або Пра тое, як матэрыял на надзённую тэму стаў не прадметам для канструктыўнага дыялога, а прычынай для беспадстаўных абвінавачванняў “Лідскай газеты” з боку мясцовых актывістаў партыі БНФ

09 Августа 2018 2486

редакцияЖыхары нашага раёна, В. Мінец, які з’яўляецца старшынёй Ёдкаўскай суполкі ТБМ імя Францішка Скарыны, і С. Пантус, старшыня Лідскай раённай арганізацыі БНФ “Адраджэньне”, абвінавацілі раёнку ў распальванні нацыянальнай варожасці на моўнай глебе. Вось так, ні больш ні менш. Заяву з шэрагам патрабаванняў яны накіравалі ў Следчы камітэт, пракуратуру, Міністэрства інфармацыі, райвыканкам. Але нават не сталі чакаць адказу з боку кампетэнтных органаў. Інфармацыя пра тое, што раённая газета друкуе “варожыя” матэрыялы, з’явілася на сайце "Радыё Свабода”, а затым на іншых сайтах, у тым ліку мясцовых, ахвочых да розных «сенсацый». Што стала перадгісторыяй гэтага?

У №51 за 27 чэрвеня ў газеце была надрукавана нататка “Интерес в этом деле скорее личный”, у якой ішла размова пра адкрыццё прыватнай установы адукацыі “Універсітэт імя Ніла Гілевіча”. У прыватнасці, апавядалася пра тое, што сёлета большасць выпускнікоў 2018 года для здачы на ЦТ абралі рускую мову, а паколькі новая ўстанова адукацыі будзе беларускамоўнай, то ёсць рызыка, што ўніверсітэт не набярэ вялікай колькасці студэнтаў. (Дарэчы, раней такая ж тэма ўзнімалася ў Інтэрнэце, але дзе сказана, што аўтар не можа прадастаўляць свае матэрыялы розным СМІ? Ва ўсялякім разе на заканадаўчым узроўні такой забароны не існуе. Ды нават не ў гэтым справа, але на ёй таксама была акцэнтавана ўвага.)

Лагічна было меркаваць, што пры нязгодзе з фактамі, выкладзенымі ў публікацыі, у рэдакцыю будуць звароты для таго, каб выкласці свой пункт погляду. Аднак напачатку была напісана заява, растыражыраваная праз Інтэрнэт. Вось яе змест:

Пракурору Лідскага раёна
Міністэрства інфармацыі
Рэспублікі Беларусь
Лідскі райвыканкам
Следчы камітэт
Рэспублікі Беларусь

Заява

У «Лідскай газеце» ад 27 чэрвеня 2018 года, у рубрыцы «Без рэтушы», быў надрукаваны артыкул «Интерес в этом деле скорее личный» за аўтарствам Антона Быстрыцкага.

У гэтым артыкуле раскрываецца тэма адкрыцця ўстановы адукацыі Нацыянальны універсітэт імя Ніла Гілевіча. Пры гэтым матэрыял падаецца ў кплівай i абразлівай форме, зняважліва да Таварыства Беларускай Мовы i персанальна да ганаровага старшыні ТБМ Алега Трусава. Дзяржаўная беларуская мова абразліва бярэцца ў двукоссе, нібы неіснуючы прадмет. Бацькі дзяцей, жадаючых атрымліваць адукацыю на дзяржаўнай беларускай мове, у абразлівым кантэксце называюцца “свядомымі”, нібыта правакуючы канфлікт між беларускамоўнымі i рускамоўнымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. Праводзіцца відавочнае атаясамліванне ўсіx беларускамоўных грамадзян “змагароў”, згодна з тэкстам артыкула, з апазіцыйнай ула-дзе часткай грамадства, што не адпавядае рэчаіснасці.

Такім чынам дадзены артыкул відавочна распальвае варожасць паміж рознамоўнымі часткамі адзінага беларускага грамадства. Змест артыкула цалкам супярэчыць патрабаванням Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у частцы моўных правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь.
Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь неаднаразова выказваўся аб неабходнасці пашырэння ўжывання роднай беларускай мовы ў адукацыі i штодзённым побыце: “Если вы меня спросите, а я как хотел бы... Я хотел бы, чтобы эти предметы изучались на белорусском языке. Мы больше общаемся, в том числе в быту, на русском языке. Белорусского языка в нашем быту не хватает”.

Лічым, што дадзены артыкул груба парушае моўныя правы грамадзян Рэспублікі Беларусь i супярэчыць прынцыпам роўнага двухмоўя, закладзеным у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Патрабуем прыняць вычарпальныя меры па недапушчэнню надалей распальвання варожасці ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі на моўнай глебе, надаць магчымасць сапраўднай роўнасці ў выкарыстанні абедзьвух дзяржаўных моваў Рэспублікі Беларусь.

Пpociм Пракуратуру даць прававую ацэнку як выказванням аўтара, так i дзеянням кіраўніцтва газеты, дапусціўшага друк дадзенага артыкула. Відавочна дзеянні вышэйузгаданых асобаў трапляюць пад дзеянне артыкула 9.22 КоАП РБ.

Просім Следчы камитэт кваліфікаваць дзеянні супрацоўнікаў газэты адносна артыкула 9.22 КоАП РБ i прыцягнуць вінаватых да адказнасці згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Просім Міністэрства інфармацыі прыняць меры прафілактычнага ўздзеяння па недапушчэнні такога кшталту выказванняў.

Пpociм Лідскі гарвыканкам разгледзець мэтазгоднасць знаходжання на пасадзе галоўнага рэдактара “Лідскай газеты” сёняшняга кіраўніка рэдакцыі.

Старшыня Ёдкаўскай суполкі ТБМ імя Францішка Скарыны Мінец В. У.

Старшыня Лідскай раённай арганізацыі БНФ «Адраджэньне» Пантус С. І.

(Правапіс захаваны.)

Што мне спадабалася ў пісьме В. Мінца і С. Пантуса, дык гэта тое, што яны цытуюць Прэзідэнта краіны! Мая думка – свядомым грамадзянам так і належыць рабіць.

На жаль, тэкст адказу, падрыхтаваны мной як рэдактарам газеты, свет так і не пабачыў. Вось яго змест:

Пракурору Лідскага раёна
Старшыні Ёдкаўскай суполкі ТБМ імя Францішка Скарыны Мінцу В. У.
Старшыні Лідскай раённай арганізацыі БНФ “Адраджэньне” Пантусу С. І.

Рэдакцыя “Лідскай газеты” па факце заявы грамадзян Мінца В. У., Пантуса С. І. паведамляе: 27 чэрвеня 2018 года ў №51 на старонках газеты быў надрукаваны матэрыял Антона Быстрыцкага “Интерес в этом деле скорее личный” у рубрыцы “Без ретуши”, але ён ні ў якім разе не правакуе канфлікт паміж грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, як гэта сцвярджаюць заяўляльнікі.

Зазначым, што аўтары, якія друкуюцца на старонках раённай газеты, маюць права на выбар тэмы, жанру, cтылю, і гэта не супярэчыць заканадаўству.

Сцвярджэнне, што тэма адкрыцця прыватнай установы адукацыі “Універсітэт імя Ніла Гілевіча” (памылкова ў заяве названы Нацыянальным універсітэтам) пададзена ў абразлівай, зневажальнай форме, з’яўляецца галаслоўным. Так, аўтары звароту пішуць, што “дзяржаўная беларуская мова абразліва бярэцца ў двукоссе, нібы неіснуючы прадмет”. На самой справе дзяржаўная беларуская мова ў артыкуле не бярэцца ў двукоссе, слова “мова” ўзята ў двукоссе згодна з правіламі граматыкі, паколькі тэкст артыкула падрыхтаваны на рускай мове.

Аўтары заявы пішуць: ”Бацькі дзяцей, жадаючых атрымліваць адукацыю на дзяржаўнай беларускай мове, у абразлівым кантэксце называюцца “свядомымі”, нібыта правакуючы канфлікт між беларускамоўнымі і рускамоўнымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. Праводзіцца відавочнае атаясамліванне ўсіх беларускамоўных грамадзян “змагароў”, згодна з тэкстам артыкула, з апазіцыйнай уладзе часткай грамадства, што не адпавядае рэчаіснасці”.

У заяве праігнараваны наступныя радкі артыкула, цытуем: ”Примечательно, что тема “мовы” давно используется белорусской оппозицией. Среди белорусов бытует мнение, что белорусский язык любили бы больше, если бы “змагары” не коверкали его и не использовали язык в качестве инструмента в своей “независимой” деятельности.” І гэтыя словы пацвярджае змест заявы, накіраванай у розныя інстанцыі, у тым ліку і ў пракуратуру Лідскага раёна.

Рэдакцыя на працягу апошніх год выдала некалькі кніг па гісторыі роднага краю, зборнік паэтычных твораў – усе выданні надрукаваны на беларускай мове. Акрамя таго, пры рэдакцыі “Лідскай газеты” дзейнічае літаратурнае аб’яднанне “Суквецце”, у яго рамках праводзяцца сустрэчы з вядомымі ў рэспубліцы беларускамоўнымі паэтамі, празаікамі. Рэпартажы, інтэрв’ю з імі друкуюцца на старонках газеты. Штомесяц выходзіць падборка вершаў мясцовых аўтараў, у тым ліку і прыхільнікаў ТБМ імя Францішка Скарыны. Вядзецца даследчая работа над унікальным праектам “Матчына мова”.

У цэлым у сваёй штодзённай рабоце рэдакцыя не робіць розніцы паміж рускай і беларускай мовамі, што адпавядае прынцыпам роўнага двухмоўя, закладзенага ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Лічым небяспечным не размяшчэнне на старонках газеты матэрыяла па надзённай тэме, а тую падтасоўку фактаў, што вядзецца В. У. Мінцом, С. І. Пантусам у дачыненні да дзяржаўнай газеты, якая ў сваёй дзейнасці арыентуецца на кансалідацыю беларускага грамадства”.

Я разумею, чаму дадзены мною адказ, хаця ўжо прайшло колькі часу, так і не з’явіўся на прасторы Інтэрнэта, – каму ж хочацца, каб бачылі іх некампетэнтнасць, імкненне паставіць усё з ног на галаву і проста неадукаванасць?

Каб спекуляваць на мове, яе неабавязкова ведаць?

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім (да ўсяго з’яўляецца і старшынёй Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны) звярнулася ў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь з пытаннямі. У прыватнасці, было зададзена такое пытанне: “Чаму газэта, якая абазначана як дзьвюхмоўная, значную большасьць сваіх матэрыялаў друкуе на расейскай мове, а ў дачыненьні дзяржаўнай беларускай мовы дэманструе зьняважлівыя адносіны?”

Прыводзім тэкст адказу Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь:

адказ копия

адказ2 копия

І я пацвярджаю, што Міністэрства інфармацыі на самой справе не ўмешваецца ў дзейнасць рэдакцыі. І не толькі ў гэтым выпадку. Ні Мінінфармам, ні мясцовымі ўладамі, як заснавальнікамі газеты, не было зроблена ні адной заўвагі рэдакцыі, яе кіраўніцтву і тады, калі на старонках газеты друкаваліся творы актывістаў і прыхільнікаў Таварыства беларускай мовы, аповеды пра мерапрыемствы з іх удзелам…
Дарэчы, ва ўсебеларускіх дыктоўках, якія праводзіліся названым таварыствам і якімі так ганарыцца яго кіраўніцтва, не адзін раз удзельнічалі як штатныя, так і пазаштатныя супрацоўнікі рэдакцыі. У мінулым годзе, напрыклад, імі былі заняты першае і трэцяе месцы. Між іншым, супрацоўнікі раёнкі не заўважылі на гэтых дыктоўках ні спадара Мінца, ні спадара Пантуса. Хаця пра што гэта я? Каб спекуляваць на мове, яе неабавязкова ведаць.

Тут пытанне ў іншым. У прыстойнасці… З пункту погляду актывістаў БНФ, Таварыства беларускай мовы атрымліваецца, што дзяржаўная газета ў адносінах да іх мае права выказваць толькі адно меркаванне, адлюстроўваць адну пазіцыю, а іншыя – ні ў якім разе! А калі яна паспрабуе альтэрнатыўную думку выказаць, то тут жа нараджаюцца скаргі, абвінавачванні, пагрозы!

Во як! Тыя спадары, якія патрабуюць свабоды слова, на справе не здольныя выслухаць апанентаў ні ў якім разе? Хтосьці пасля гэтага яшчэ сумняваецца ў іх заангажаванасці?

Спадары, дык вы ўжо канчаткова вызначцеся: “Лідская газета” – гэта беларусафобскае выданне ці тая газета, з якой можна браць артыкулы для сваіх “адмысловых” СМІ?

Вось яшчэ адзін цікавы момант у гэтай гісторыі. Старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” Станіслаў Суднік, ён жа галоўны рэдактар газеты “Наша слова” (хто не ведае, патлумачу, што гэта выданне ГА “Таварыства беларускай мовы”), змяшчае артыкул “Чым не дагадзіла беларуская мова “Лідскай газеце”?” (11 ліпеня, №28), дзе прыводзіць ліст Алега Трусава, Ганаровага старшыні ТБМ, в. а. рэктара Універсітэта імя Ніла Гілевіча. У гэтым допісе, апрача іншага, раённая газета называецца “адным з актыўных русіфікатараў” на Лідчыне. Аўтар артыкула робіць такую выснову: “Дарэчы, у апошніх нумарах “Лідскай газеты” беларускамоўныя артыкулы такі з’явіліся. Хоць пра Купалле напісалі па-беларуску, бо і гэтага магло не быць”.

Што тут скажаш? Артыкулы пра Купалле, як і пра іншыя народныя святы, абрады, на старонках “Лідскай газеты” заўсёды друкаваліся на беларускай мове. Калі размова ідзе пра Купалле, якое святкуецца штогод, возьмем матэрыял мінулага года “На свяце агню і вады. У Лідзе сотні чалавек спявалі купальскія песні і шукалі папараць-кветку” (№53, 12 ліпеня 2017 года). І гэта не пераклад загалоўка, матэрыял надрукаваны на беларускай мове. Упэўніцца ў гэтым нескладана: каму цікава – падшыўкі газеты ў свабодным доступе.

Паказальна, што ў той жа газеце “Наша слова” ад 25 ліпеня 2018 года ў №30 перадрукавана нататка з “Лідскай газеты” пад загалоўкам “Шлях вялікага князя да Ліды стаў карацей яшчэ на некалькі крокаў”.

Спадары, дык вы ўжо канчаткова вызначцеся: “Лідская газета” – гэта беларусафобскае выданне ці тая газета, з якой можна браць артыкулы для першых старонак сваіх “адмысловых” СМІ?

…Размаўляла са знаёмай. Яна лідчанка, часта бывае за мяжой. І яна кажа: “Я люблю Беларусь, магу бурчаць, што нешта мне не падабаецца, але калі спяваюць гімн маёй краіны, на вочы слёзы наварочваюцца. Я і дзяцей выхавала ў павазе да сваёй Радзімы. Але вельмі хочацца, каб мяне, беларуску, і дома, і за мяжой не прыніжалі, як гэта робяць апазіцыйныя сайты, – наадварот, каб маю годнасць узвышалі. А калі ні пачуеш БНФ – усё ім дрэнна, усё не так. Не кажу ўжо пра мову: калі чытаю “экялёгія”, “плян”, “філялёгія”, “пэнсыянэр”, “кампутар”, то разумею, што за так званай апазіцыяй я ніколі не пайду”.

Вельмі не хочацца псаваць настрой усім актывістам БНФ, але гэта думка не аднаго чалавека, а вельмі-вельмі многіх, а дакладней, большасці. Спачуваю…

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться