Трэнажорная зала і піяніна ў пакоі, або Што робіць нясумным быт навучэнцаў

25 Апреля 2016 3339

Усе мы калісьці былі навучэнцамі або студэнтамі, і многія з нас жылі ў студэнцкіх інтэрнатах. Асабіста мне ўсе пяць год навучання пашчасціла жыць ва ўніверсітэцкім інтэрнаце. Успамінаючы тыя гады, не адмаўляю, што былі і цяжкасці, але разумею, што гэту “школу” ў жыцці патрэбна было прайсці. Чым жывуць сёння інтэрнаты навучальных устаноў, як бавіць час моладзь, вырашыў дазнацца карэспандэнт і накіраваўся ў адзін з гарадскіх інтэрнатаў – інтэрнат Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа.

Выхавальнік Аляфціна Шаўчэнка, з якой загадзя дамовіліся аб сустрэчы, папярэдзіла: “На вахце спытайце мяне, бо так проста ў нас не прапускаюць”. Так і ёсць, на вахце наладжаны строгі прапускны рэжым: трэба не толькі прад’явіць пропуск, але і здаць-атрымаць ключы ад блокаў. Улічваючы, што ў каледж паступаюць юнакі і дзяўчаты пасля сканчэння дзявятага класа, непаўналетнія, а па сутнасці, яшчэ дзеці, сістэма бяспекі – апраўданая.

Першае ўражанне – добрае. Інтэрнат – дзевяціпавярховы будынак па вуліцы Міцкевіча, з ліфтам (які сёлета абноўлены). Летась усе вокны заменены шклопакетамі. На кожным паверсе – кухні з электраплітамі і мікрахвалёўкамі. Абсталяваны выхаваўчыя пакоі (музей, трэнажорная і тэнісная залы, пакоі псіхалагічнай разгрузкі, самападрыхтоўкі). У кожным пакоі блока – піяніна. Як заўважае Аляфціна Шаўчэнка, адміністрацыя каледжа клапоціцца аб інтэрнаце, таму бытавыя ўмовы – выдатныя. І яшчэ адзін плюс: засяляюць сюды ўсіх жадаючых навучэнцаў, сёлета тут іх пражывае 136. На кожным паверсе ў поле зроку трапляюць інфармацыйныя стэнды з матэрыяламі на розныя тэмы: “Як хутка запомніць новы матэрыял і лёгка выканаць хатнюю работу”, “Як развіваць мышленне і ўвагу”, “Парады добрага настрою” і г. д. Побач, пад загалоўкам “Год культуры”, фотаздымкі гісторыка-культурных каштоўнасцей, памятных месцаў Беларусі. Тут жа – расклад заняткаў гурткоў.

q151

– Мы нашу моладзь выхоўваем, – угадвае маё наступнае пытанне Аляфціна Іванаўна. – Многія прыязджаюць з хатняга гнязда і не ўмеюць ні гатаваць, ні прыбіраць, ды і ўвогуле – будаваць адносіны, жыццё. Вучым. Іншыя – сумуюць па доме. Суцяшаем. І ў той жа час (паказвае на расклад гурткоў) стараемся не перагружаць, заняткі гурткоў праводзім раз у ты-дзень. Ведаем: нашым навучэнцам трэба шмат самастойна займацца. Некаторыя з іх пасля асноўных заняткаў застаюцца ў каледжы, займаюцца на музычных інструментах.

На гадзінніку 17.00. Жыхары толькі пачынаюць вяртацца. Раз-пораз грукаюць дзверы ў блоках. З кухняў даносіцца водар смажанай бульбы (на электрычных плітах яна атрымліваецца такая смачная, з румянай лупінкай!). Праз гадзіну-другую інтэрнат поўніцца гукамі піяніна, ажыўленне пануе ў трэнажорнай зале... Жыццё.

IMG 3319

Дапазна застаецца тут з навучэнцамі выхавальнік Аляфціна Шаўчэнка. Пройдзецца па паверхах, зазірне ў блокі, распытае, як і што. Або папярэдзіць, што заўтра санітарны дзень, трэба ўжо сёння прыбрацца ў пакоях. За парадкам у інтэрнаце сочаць пільна, і падтрымліваць яго тут абавязаны ўсе. На кожным паверсе і ў кожным блоку ёсць старасты. З іх – асаблівае патрабаванне. Самакіраванне ў інтэрнаце варта асобнай размовы. Тут ёсць савет інтэрната, які ўзначальвае старшыня, навучэнка другога курса Віялета Жэгздрынь, і ёсць яе намеснік Карына Мазура, а таксама загадчыкі сектараў: інфармацыйна-ідэалагічнага, культурна-масавага, санітарна-бытавога, спартыўна-аздараўленчага. Кожны бярэ на сябе той ці іншы ўчастак працы. “Валерыя Кулак узначальвае культурна-масавы сектар, – расказвае Аляфціна Іванаўна. – Сама – завадатар, арганізатар. Юля Піваварчык адказвае за спартыўна-аздараўленчы сектар, і ў яе таксама добра атрымліваецца. Іаанна Урбановіч вядзе рэдакцыйны сектар: у яе выдатныя мастацкія здольнасці, яна ўсё афармляе. Кандыдатуры, якія выбіраюцца на гэтыя пасады, як правіла, навучэнцы другога курса. Самакіраванне спрыяе развіццю ў іх лідарскіх здольнасцей”.

ALIM0256

“Якія яны, вашы жыхары? – пытаюся ў выхавальніка. – Зразумела, людзі творчыя. І ўсё ж – моладзь...” “Сёлета ў нас падабраліся добрыя юнакі і дзяўчаты, – адказвае Аляфціна Шаўчэнка. – Правапарушэнняў, выпівак няма. Вядома, моладзь бывае ўсялякая. Дзеці, калі яны без нас, адкрываюцца з іншага боку. Імкнёмся гутарыць, тлумачыць. Яны нас чуюць і ўсё разумеюць”.

IMG 2940

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться