«Аграгарадок – наш агульны дом», або Як справілі свята вуліцы жыхары Ваверкі

21 Июня 2017 3384

У мінулую нядзелю прырода падарыла жыхарам аграгарадка Ваверка надзвычай цёплы, сонечны дзень, і нездарма: землякі, госці, сябры і суседзі сабраліся разам, каб адзначыць прыгожае свята – свята вуліцы Маладзёжнай.

Пляцоўкай для святочнага мерапрыемства стала тэрыторыя мясцовай школы. У гэты выхадны дзень сюды не зарасталі народныя сцяжынкі. Людзі ішлі, каб разам спець добрыя народныя песні, павіншаваць адзін другога, проста правесці вольны час разам, як кажуць, па-суседску. Але чаму менавіта Маладзёжная?

Усё проста. Вуліцы, як і людзі, маюць сваю біяграфію. Яны нараджаюцца, растуць, сталеюць і нават старэюць. Большасць жыхароў аграгарадка ведае, што першымі жыхарамі вуліцы Маладзёжнай былі Эдвард і Соф’я Навагродскія. Згодна з дакументамі, іх сядзіба бярэ свой пачатак з 1975 года. Хутка, у 1978 годзе, аселі тут Станіслаў і Марыя Навіцкія, Дыяніз і Ядвіга Машкалы, Іосіф і Ядвіга Чаплі. Чатыры сядзібы паклалі пачатак новым добрасуседскім адносінам, каб потым на гэтым месцы выраслі і іншыя дамы.

– Тады вуліца не мела нават назвы, таму што ў Ваверцы больш вуліц, акрамя Цэнтральнай, не было, – дзеліцца ўспамінамі Дыяніз Машкала. – Але затое ў калгасе жыццё кіпела: каб апрацоўваць калгасныя палеткі, развіваць жывёлагадоўлю, патрэбны былі рабочыя рукі, спецыялісты. Ствараліся маладыя сем'і, калгас выдзяляў ім жыллё, якое будавалася як працяг вуліцы.

З 1980 па 1990 год вуліца папоўнілася васямнаццацю дамамі. У 1994 годзе жыхарамі яе сталі Станіслаў і Соф'я Шабельскія. Менавіта тады вуліцы і далі назву Маладзёжная. І гэта назва, канешне, адпавядала ўзросту яе жыхароў.«Нашая вуліца…»

Як часта людзі гавораць гэтыя простыя словы? Калі задумацца, у іх змяшчаецца так многа: любоў да роднага месца, успаміны аб падзеях, якія адбываліся ў жыцці. Безумоўна, у кожнага чалавека ёсць месца, якое яму асабліва дарагое. Месца гэта называецца малая радзіма. У кагосьці яна – вялікі індустрыяльны горад, а ў некаторых – маленькая вёсачка. Вось і жыхары вуліцы Маладзёжнай аграгарадка Ваверка ганарацца тым, што маюць сельскую прапіску. Але што сабой яна ўяўляе сёння?

v3

Усяго на вуліцы пражывае больш за 70 жыхароў рознага ўзросту. Самай старэйшай жыхарцы вуліцы Мала-дзёжнай – Марыі Францаўне Барысевіч – 88 гадоў, за 80 гадоў і Антону Баляслававічу Курловічу. Жывуць па суседстве і такія сем’і, якія па праве могуць ганарыцца сямейнымі каштоўнасцямі. Не пяць і не дзесяць, а цэлых пяцьдзясят гадоў ідуць плячо ў плячо Яраслаў і Караліна Станкевічы, Эдвард і Соф’я Навагродскія. Ганарацца вавярчане людзьмі працы. Адметнасцю вуліцы, як і аграгарадка, з’яўляецца сярэдняя школа – крыніца мудрасці, сілы і вопыту. Дарэчы, у гэтым годзе ўстанова адукацыі адзначае свой трыццаціпяцігадовы юбілей. Таленавітых і здольных вучняў, высокай рэпутацыі школы і вясёлага вольнага часу ў яе сценах жадалі вавярчане.

Ваверка патанае ў кветках

Прыемна адзначыць, што, акрамя работы ў гаспадарцы, жыхары аграгарадка Ваверка знаходзяць час, каб упрыгожыць і прывесці ў належны стан свае клумбы. Своеасаблівым хобі мясцовых гаспадынь з’яўляюцца кветкі. Прысядзібныя надворкі патанаюць у яркіх колерах з вясны да глыбокай восені. Кветкі жыхары са-дзяць, ствараючы цудоўныя кампазіцыі. Таму аграгарадок сёння – гэта не толькі праўленне сельгаспрадпрыемства “Ваверка-Агра”, сельскі Савет, школа, пошта, гандлёвы цэнтр, Дом культуры, касцёл Перамянення Пана, які быў пабудаваны з каменю і цэглы пад кіраўніцтвам майстра Белкі з Вільні, і жывапісныя карціны прыроды. Асаблівую прыгажосць населенаму пункту надаюць самі людзі – працавітыя і шчырыя.

v2

Весела і душэўна прайшло свята вуліцы Маладзёжнай у аграгарадку Ваверка. Падчас мерапрыемства гучала шмат добрых слоў, пажаданняў, людзі пелі і танцавалі. Немагчыма было не заўважыць і персанальныя выстаўкі работ тутэйшых майстроў. Ваверскія гаспадынькі вяжуць, ткуць, вышываюць, плятуць з саломкі, робяць вырабы з дрэва, а таксама пякуць смачныя булкі і пячэнне.

– Кожнае такое свята ў аграгарадку – падзея, – дзеліцца ўражаннямі ўдзельніца вакальнай групы «Зараначка» Марына Бартось. – Па-першае, сустракаюцца аднавяскоўцы, якія падчас хатніх клопатаў забываюць аб адпачынку. А па-другое, наш аграгарадок – наш агульны дом, дзе пражывае шмат добрых, таленавітых людзей. Кожны – наша годнасць, цяперашняе і будучае Ваверкі.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться