Галіна Таўлай: «У Лідзе жывуць сапраўдныя нашчадкі майго бацькі»

13 Февраля 2014 6336

У мінулую суботу ў нашым горадзе прайшоў комплекс мерапрыемстваў, прымеркаваных да 100-годдзя з дня нараджэння беларускага паэта, літаратуразнаўца, грамадскага дзеяча Валянціна Таўлая, пэўныя этапы жыцця якога былі звязаны з Лідай. У мерапрыемствах прынялі ўдзел прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі Ліды, раённай улады, а таксама госці: дачка паэта Галіна Валянцінаўна Таўлай з мужам, некаторыя больш далёкія сваякі паэта, тыя, хто так ці інакш быў звязаны з яго раднёй, і іншыя.

Спачатку ў цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі навуковага супрацоўніка Лідскага гісторыка-мастацкага музея Анастасіі Каладзяжнай “Этапы жыццёвых дарог”, выдадзенай да 100-годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая. У час прэзентацыі аўтар кнігі зрабіла акцэнт на падпольнай і партызанскай дзейнасці Таўлая. Крыху пазней Анастасія Аляксандраўна выступіла ў ролі экскурсавода – для гасцей была арганізавана экскурсія “Шляхам Валянціна Таўлая”.

Першым прыпынкам на таўлаеўскім шляху па Лідзе стала мэблевая фабрыка, на тэрыторыі якой некалі размяшчалася турма, куды падпольшчык і партызан Валянцін Таўлай быў кінуты разам з бацькам, мачахай і сястрой у верасні 1943 года. Экскурсантам было дазволена спусціцца ў падвальныя памяшканні цяперашняй фабрыкі, дзе некалі былі турэмныя камеры...

IMG 0738Экскурсія, крыху засмучаная наведваннем былых турэмных засценкаў, працягваецца. Аўтобус спыняецца каля будынка рэдакцыі “Лідскай газеты”. У часы Таўлая газета называлася “Уперад” і толькі пачынала сваё існаванне. Паэт працаваў у ёй у 1939-1941 гадах (у той час рэдакцыя месцілася па вуліцы Савецкай, насупраць цяперашняга завода харчканцэнтратаў, будынак той да нашых дзён не захаваўся). Ля сучаснага будынка рэдакцыі экскурсійную групу сустракаюць яе супрацоўнікі на чале з галоўным рэдактарам Кацярынай Серафіновіч. У гонар Валянціна Таўлая на будынку ўрачыста адкрываецца памятная дошка, зробленая па праекце лідскага скульптара Рычарда Грушы (аўтар праекта таксама ўдзельнічае ў цырымоніі адкрыцця).

Наступная кропка ў таўлаеўскім маршруце – бібліятэка-філіял імя Валянціна Таўлая, якая месціцца па вуліцы Фурманава. Госці наведваюць бібліятэку, знаёмяцца з яе кніжным фондам…

Затым аўтобус з экскурсантамі рушыць у сэрца горада – да Лідскага замка. Некалі ля замка была польская школа, у якой вучыўся малы Валя Таўлай (будынак той школы не захаваўся). Менавіта ў той перыяд ён напісаў свой першы верш – “Верабейкі” (“Wrobelki”, на польскай мове). Побач з замкам – канцавая кропка маршрута, домік Таўлая (літаратурны аддзел гісторыка-мастацкага музея). У гэтым доміку паэт жыў у перыяд сваёй працы ў газеце “Уперад”. На будынку таксама ўрачыста адкрываецца памятная дошка ў гонар Валянціна Таўлая, таксама зробленая па праекце Рычарда Грушы. На адкрыцці прысутнічаюць намеснік старшыні райвыканкама Віктар Пранюк, работнікі музея на чале з дырэктарам Ганнай Драб і іншыя.

Памятныя дошкі на будынках рэдакцыі “Лідскай газеты” і доміка Таўлая будуць нагадваць лідчанам і гасцям горада аб лідскіх шляхах паэта.

Далейшыя мерапрыемствы ў рамках святкавання 100-годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая адбываюцца ў сценах доміка паэта па вуліцы Замкавай.

Усіх прысутных запрашаюць зайсці ў мемарыяльны пакой паэта, у якім сядзяць… сам Валянцін Таўлай і яго жонка Кіра. Ролі паэта і яго жонкі выконваюць мастак-пастаноўшчык Лідскага народнага драматычнага тэатра Алег Лазоўскі і работніца музея Ілона Мерава. Кароценькая інсцэніроўка як бы пераносіць прысутных у тыя далёкія часы.

IMG 0749

 

Работнік літаратурнага аддзела Алесь Хітрун праводзіць экскурсію па мемарыяльным пакоі, знаёміць з яго новым экспанатам – сцізорыкам, які некалі належаў Валянціну Таўлаю і які паэт падарыў камандзіру партызанскага атрада асобага прызначэння Мікалаю Грабёнкіну з наступнымі словамі: “Гэта недарагі падарунак. Вазьмі яго. Калі захочаш завастрыць аловак – дастань яго і ўспомні Таўлая”. Дарэчы, гэты сцізорык – самы аўтэнтычны экспанат у мемарыяльным пакоі Валянціна Таўлая. Яго перадаў у дар музею сын таго камандзіра, таксама Мікалай, які жыве ў Гродне…

Завяршаецца цыкл мерапрыемстваў літаратурна-музычнай вечарынай у пакоі насупраць, якую праводзіць старшы навуковы супрацоўнік музея Наталля Валынец. Усе рассаджваюцца за накрытым сталом, у цёплай і гасціннай па-хатняму атмасферы гутараць за чаем, слухаюць вершы, якія чытаюць лідскія паэты, а таксама музыку і песні ў выкананні кіраўніка ансамбля скрыпачоў “Славяначка” Аліцыі Казак і работнікаў Цэнтра рамёстваў…

Як ужо адзначалася, галоўнымі гасцямі мерапрыемстваў былі дачка Валянціна Таўлая – Галіна Таўлай – і яе муж Ігар Маціеўскі, якія прыехалі з Санкт-Пецярбурга. Галіна Валянцінаўна – даследчык беларускай песеннай культуры, этнамузыколаг, кандыдат мастацтвазнаўства. Ігар Уладзіміравіч – кампазітар, этнограф, даследчык музычных інструментаў народаў свету, доктар мастацтвазнаўства. Ім напісаны рамансы, песні на словы некаторых беларускіх паэтаў, у тым ліку Валянціна Таўлая. І муж, і жонка, хоць і жывуць у Расіі, праводзяць вялікую працу па захаванні і развіцці беларускай культуры, дасканала валодаюць беларускай мовай.

IMG 0816

 

– Мы вельмі ўдзячны лідчанам за тое, што ў Лідзе памятаюць Валянціна Таўлая, цікавяцца яго творчасцю, – гавораць муж і жонка ў інтэрв’ю для “Лідскай газеты”. – Мерапрыемствы да 100-годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая арганізаваны і праведзены ў вашым горадзе на высокім узроўні. У Лідзе жывуць сапраўдныя нашчадкі Таўлая, а домік Таўлая – адно з тых цудоўных месцаў, дзе Валянцін Паўлавіч заўсёды жывы, існуе ў прасторы і часе.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться