Да Дня беларускай навукі. Каля сарака вучняў СШ №1 штогод прадстаўляюць свае працы на школьнай навукова-даследчай канферэнцыі «Пошук»

27 Января 2019 1805
У рамках канферэнцыі ідзе абарона дзесяці-пятнаццаці прац. Сярод іх ёсць вельмі глыбокія, сур’ёзныя даследаванні. Найбольш эфектыўныя – у дакладных навуках. Штогод навуковыя даследчыя працы па хіміі і фізіцы займаюць прызавыя месцы на раённых, абласных навукова-даследчых канферэнцыях і прэзентуюцца на рэспубліканскай і міжнароднай. Значныя даследаванні ў педагогаў і вучняў першай школы ёсць і сёлета.

Настаўніца хіміі Анастасія Корчак і дзве яе вучаніцы, адзінаццацікласніцы Дар’я Грышкевіч і Ірына Саланінкіна, больш за год распрацоўвалі тэму “Сінтэз палімера на аснове серы і алею”. Тэма цікавая, перспектыўная і мае экалагічны накірунак. 

– З самых простых рэчываў – серы і алею (дарэчы, мы доўга падбіралі від алею, які б падышоў, і выбралі рапсавы) – мы стварылі палімер, які можа выкарыстоўвацца пры ачыстцы вады ад цяжкіх металаў, – расказвае Анастасія Корчак. – Акрамя таго, наш палімер можа прымяняцца і ў быце: ён добра падыходзіць для ачысткі ад солей ртуці. Напрыклад, калі дома разбіўся тэрмометр, наша “палімерная губка”, як мы яе называем, падзейнічае такім чынам, што захопіць усе шарыкі ртуці. Практычна гэта мы не правяралі, таму што дзецям забаронена працаваць са ртуццю, але тэарэтычна даказалі: гэта абсалютна магчыма. 

Сваю даследчую працу юныя хімікі абаранялі на многіх канферэнцыях. На раённай канферэнцыі “Ступені да навукі” занялі першае месца, на абласной “Крыштальная альфа” атрымалі дыплом трэцяй ступені, на раённым конкурсе біёлага-экалагічных работ – таксама першае месца. Зараз іх праца будзе прадстаўляць Лідчыну на абласным этапе конкурсу “100 ідэй для Беларусі”.

Сваіх вучаніц, Дашу Грышкевіч і Іру Саланінкіну, Анастасія Іванаўна характарызуе як настроеных на дасягненне поспеху даследчыц: “У іх няма такога, што “мы чагосьці не хочам рабіць” або “нам гэта не трэба”. Ім усё трэба, і яны ўсё хочуць рабіць. Першы раз у сваёй педагагічнай дзейнасці сустракаю такіх вучаніц, якія не ведаюць на сваім шляху перашкод. Я ўпэўненая, што яны даб’юцца вельмі многага”. Дарэчы, Іра Саланінкіна хоча звязаць жыццё з хіміяй, збіраецца паступаць на хімічны факультэт, Дар’я Грышкевіч – на біяфак. У дзяўчат вялікія планы, і яны не маюць намеру пакідаць сваё даследаванне і свой палімер. Ва ўніверсітэце ў іх будзе магчымасць на больш высокім узроўні папрацаваць у гэтым накірунку. 

– Як вам удалося палюбіць хімію? – пытаюся ў адзінаццацікласніц.

– Анастасія Іванаўна заўсёды кажа: “Палюбі хімію – і хімія палюбіць цябе”. Абедзве мы раней вучыліся ў іншых школах, і хімія была для нас нечым далёкім. Анастасіі Іванаўне ўдалося нас зацікавіць ёю. Зараз мы разумеем, што гэта вельмі правільна, бо хімія паўсюль.

Настаўнік фізікі Анатоль Мацюк два гады таму з вучаніцамі адзінаццатага класа Ангелінай Амбражук і Анастасіяй Круглай распачаў працу па даследаванні з’явы акустычнага рэзанансу ў шкляных бакалах. Тэма з жыцця, але ў той жа час дазволіла даследчыкам зазірнуць углыб такой фізічнай з’явы, як гук, і вынайсці новыя музычныя інструменты.

– Мы бралі шкляныя бакалы і знаходзілі іх параметры, – расказвае Анатоль Эдуардавіч. – Самыя цікавыя з іх выяўляліся падчас эксперымента: калі правесці па бакале мокрым пальцам, то ён (бакал) гучыць. Прычым атрымліваюцца пэўныя чыстыя ноты. Мы гэтыя ноты вылічвалі (у дзяўчат ёсць музычная адукацыя). А паколькі мы ведаем ноты, то можам скласці музычны інструмент. 

– Мы даследавалі не толькі шкляныя бакалы, але і крыштальныя. З-за большай таўшчыні сценак яны цішэй іграюць і ў якасці музычнага інструмента для нас не вельмі падышлі, – дадае Ангеліна Амбражук. 

Праца над гукам настолькі захапіла педагога і яго вучаніц, што яны прадоўжылі вывучэнне, толькі ў іншым накірунку: даследавалі ўзровень шуму на ўрбанізаванай тэрыторыі, а дакладней – у горадзе Лідзе. 

– Замеры мы рабілі не ва ўсім горадзе, а ўзялі тэрыторыі ўстаноў адукацыі, спорту, турызму, – расказвае Анатоль Мацюк. – Ёсць санітарныя нормы, і мы вырашылі праверыць, ці адпавядае ім узровень шуму ў Лідзе. Аказалася, сітуацыя ў цэлым нядрэнная. Ліда – горад не ціхі, але і не вельмі шумны. Толькі ў пятнаццаці працэнтах мы зафіксавалі невялікія парушэнні. Самым шумным быў прызнаны мікрараён Чырвонаармейскі, самым ціхім – мікрараён Індустрыяльны (калі б мы рабілі замеры непасрэдна на вуліцах, а не на тэрыторыях устаноў, то, хутчэй за ўсё, самым шумным быў бы цэнтр). 

Абедзве працы фізікаў выклікалі вялікую зацікаўленасць на раённай і абласной навукова-даследчых канферэнцыях. Даследаванне акустычнага рэзанансу было прадстаўлена і на міжнароднай навукова-даследчай канферэнцыі Саюзнай дзяржавы, што праходзіла ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Зубраня”, і заняло чацвёртае месца.

Ангеліна і Насця сёлета выпускніцы. Насця хоча прадоўжыць займацца фізікай, паступіць на фізіка-матэматычны факультэт. Таму ў даследаванні гуку кропка таксама не ставіцца. Тым часам іх настаўнік Анатоль Мацюк з новымі вучнямі распачаў новае даследаванне, не менш цікавае, на гэты раз – святла. Даследуюцца фарбы, якія свецяцца. Пакуль гэта “сакрэтная інфармацыя”. Але мы аб ёй яшчэ пачуем.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться