Па старонках нашай гісторыі. З жыцця вуліцы Школьнай – сучаснай Кірава

22 Июля 2017 3696

Працягваем наша падарожжа. Вернемся па вуліцы Савецкай (Віленскай) да перакрыжавання з сучаснай вуліцай Кірава (Школьнай) і па гэтай вуліцы хутка дойдзем да сучаснай паліклінікі на рагу вуліц Перамогі і Кірава. Перад намі раён горада, які ў канцы 1930-х гадоў атрымаў назву Вялікая Ліда, раней жа тут быў Выган – месца, на якім гараджане пасвілі сваю жывёлу. Да 1914 г. Выганам быў увесь раён паміж сучаснымі вуліцамі Кірава – Перамогі – 8-га Сакавіка і чыгункай.

Перш чым распавесці пра гэты раён горада, спынімся на тагачасных вуліцах Школьнай і Фалькоўскага.

Пра вуліцу Школьную я ўжо расказваў, калі апавядаў пра лідскую сінагогу. назву вуліца атрымала ад Школьнага двара, які ўваходзіў у комплекс будынкаў каля сінагогі. Існуе меркаванне, што «школамі» ў ранейшыя часы называлі сінагогі. Калі гэта так, дык назвы «Школьны двор» і «Школьная вуліца» паходзяць нават не ад яўрэйскага вучылішча – іешывы, – а непасрэдна ад лідскай сінагогі.На карце горада 1914 г. вуліца ад сучаснай Савецкай (Віленскай) да сучаснай вуліцы Перамогі мае назву Школьны завулак, а далей на захад ідзе вуліца Вісманта. Пастановай сходу гарадскіх упаўнаважаных ад 19 сакавiка 1909 г. гарадскому старасце даручана забрукаваць вуліцу Школьную.

У 1920-х гг. уся гэта вуліца атрымала назву Школьная. Сінагога і яўрэйскае самакіраванне мелі адрас Школьная, 31. Вядомы ў горадзе чалавек, доктар медыцыны, галоўны ўрач гарадскога шпіталя ў 1921-39 гг. Стэфан Казубоўскі жыў у доме па вуліцы Школьнай, 54. У яго доме на рагу сучасных Кірава і Перамогі доўгі час месцілася гарадское фотаатэлье, зараз тут стаіць будынак суда.

Цікавы факт тагачаснай праваахоўнай хронікі. У ноч з 26 на 27 кастрычніка 1930 г. невядомыя злачынцы абрабавалі дом доктара Казубоўскага па вуліцы Школьнай. Былі выняты дзве шыбы верхняй паловы дзвярэй, якія вялі ў сад, і скрадзены восеньскі плашч, гумовая палярына і 400 злотых. Акрамя таго, была скрадзена (на 300 злотых) вопратка хатняй работніцы Казубоўскіх.

18 ліпеня 1928 г., каля 3-й гадзіны ночы, загарэліся дамы каля рынка, пажар пачаўся з вуліцы Завальнай. Гарадская добраахвотная пажарная варта не змагла патушыць пажар, і пачалася паніка. На дапамогу прыехалі чыгуначныя пажарныя і жаўнеры 11-га авіяцыйнага палка. Сумеснымі намаганнямі пажар патушылі толькі да паўдня 19 ліпеня. Згарэла 9 дамоў, сярод якіх некалькі двухпавярховых. Давід Левін, уладальнік дома № 11 па вул. Завальнай, ад якога пачаўся пажар, быў арыштаваны. Падчас пажару ў Якаба Шмуйловіча (Школьная, 29) злодзеі скралі скрыню з вопраткай, 2 залатыя гадзіннікі і 5000 злотых. У Эльяша Ілютовіча (Завальная, 15) скралі дзве футры і адзенне. У кастрычніку 1931 г. прэса пісала: «У самым цэнтры горада, па вуліцы Завальнай, 30, у Зуселя Ілютовіча знойдзены самагонны апарат. Апарат меў вельмі дасканалую канструкцыю і фільтры з актываванага вугалю, ваты і пяску. Апарат знаходзіўся ў прыбудове да стаенкі, і, каб туды ўвайсці, трэба было зрушваць сцяну».

02-1

1950-я гады. Будынак, у якім зараз размяшчаецца ГУП ЖКГ.

У апошні перад сусветным эканамічным крызісам 1929 г. вуліцы Школьная, Фалькоўскага былі зноў забрукаваны.

У 1931 г. гаспадары дома № 70 па вуліцы Школьнай Альбертына і Аляксандр Лычковы паспрачаліся з «іх кватарантам, вядомым тутэйшым авантурыстам і панажоўшчыкам Леанам Рубашуком (узрост 26 гадоў) і ягонай каханкай Соняй Флінкель. Каб спыніць бойку, па выкліку суседзяў на месца прыбыў паліцыянт Ян Пякарскі, узброены карабінам з багнетам. Паліцыянт вырашыў адправіць Лычкова ў шпіталь, а Рубашука забраць у пастарунак. Але Рубашук усчаў бойку з паліцыянтам, а Соня Флінкель перадала яму кухонны нож. Тады паліцыянт ударыў авантурыста багнетам у левую частку грудной клеткі. ... Рубашук памёр у шпіталі ... Флінкель была арыштавана, а гаспадар дома Лычкоў ў непрытомным стане перавезены ў шпіталь». Праз некалькі дзён у шпіталі, не прыходзячы ў прытомнасць, Аляксандр Лычкоў памёр.

Свянцянская, Фалькоўскага, Перамогі...

Вуліца Перамогі раней мела назву «вуліца Фалькоўскага», на карце горада 1914 г. яна мае назву «вуліца Свянцянская». У лістападзе 1932 г. газета «Слова» надрукавала артыкул «Брава, пан Задурскі», у якім дзякавала лідскаму бургамістру за новыя каменныя ходнікі па вуліцы Фалькоўскага, «бо школьная дзятва і жыхары вуліцы зараз ужо не тонуць у балоце па калена. Таксама быў пабудаваны масток пры канцы вуліцы Школьнай. І зусім добра, што пасля нашай скаргі для маладых дрэў у калоніі дзяржаўных дамоў зрабілі належныя падпоркі. ... добра было б, каб яшчэ бургамістр парупіўся аб нейкім асвятленні калоніі дзяржаўных дамоў, бо там пануе такая егіпецкая цемра, што ўвечары цяжка патрапіць дахаты, не ўлезшы па калена ў балота альбо не праваліўшыся ў “воўчую яму”. Калі не памыляюся, асвятленне тут з’яўлялася толькі тады, калі прыязджаў у Ліду міністр асветы і веравызнанняў на асвячэнне агульнаадукацыйнай школы, але ж ужо назаўтра ліхтары знялі».

01-1

Вуліца Фалькоўскага (Falkowskiego), скрыжаванне са Школьнай. Паштоўка 1930-х гадоў. Будынак справа – крама, лідскі ўнівермаг да пачатку 1980-х гг., пасля 2-й сусветнай вайны дабудаваны другi паверх. Наступны будынак – дом урача А. Казубоўскага (Школьная, 54). Далей будынак паліцыі. Злева – друкарня Лявона Трабiнскага.

У 1935 годзе дзякуючы дапамозе Фонду працы «ў горадзе пачаліся важныя работы, якія маюць першараднае значэнне для гаспадарчага і культурнага жыцця горада. Між іншым, пачалася грунтоўная перабудова вуліцы Школьнай. Перабудова надасць вуліцы еўрапейскі выгляд і праз нівеляванне і перабрукоўку ездні, агароджу брусам, забрукоўку чатырохграннай пліткай ходнікаў і залажэнне траўнікаў зробіць з яе галоўную вуліцу горада. У бліжэйшы час па абодвух баках ходнікаў тут будуць пасаджаны два рады дрэваў».

А ў 1936 г. гарадскія ўлады вырашылі пачаць будаваць у Лідзе каналізацыю: «Гарадская ўправа, жадаючы павысіць санітарны стан, пастанавіла пабудаваць каналізацыю па ўсіх вуліцах горада. Першай будзе вуліца Фалькоўскага. Пастанову ўправы вітаюць усе жыхары горада».

Па дыяганалі ад дома доктара Казубоўскага ў 1937 г пачалі будаваць новы прыгожы гмах – адзін з карпусоў сучаснай гарадской паліклінікі. Гэты будынак на карце горада 1939 г., надрукаванай у кнізе ўспамінаў Я. Ярмант, пазначаны як “паліклініка”, але ўпэўненасці ў гэтым няма, бо ў 1938-39 гг. новая павятовая паліклініка будавалася каля сучаснай бальніцы, на месце сучаснай санстанцыі. Гмах па вуліцы Кірава (Школьнай) будаваўся для іншых мэт. У лістападзе 1937 г. віленская газета “Слова” паведаміла: “Будзе паважны гатэль. Пры збегу вуліц Школьнай і Фалькоўскага жыхар Жалудоцкай гміны Ян Урбановіч, у адпаведнасці з апошнімі архітэктурнымі патрабаваннямі, прыступіў да пабудовы вялікага мураванага чатырохпавярховага гмаха, у якім плануе размясціць кіназал, рэстаран і гатэль для прыезджых. Трэба адзначыць, што гатэльная справа ў Лідзе з'яўляецца вялікай балячкай, бо дагэтуль гатэляў не хапае”. У адным з памяшканняў гэтага будынка да нашага часу захаваўся гатэльны камін.

Насупраць паліклінікі, у гмаху, дзе сёння месціцца ГУП ЖКГ, знаходзілася друкарня Лявона Трабiнскага. Так сталася, што іншыя тры лідскія друкарні знаходзіліся ў цэнтры горада і таму згарэлі ў 1941 г. А друкарня Трабінскага працавала і пасля вайны. Лідзянка Ларыса Канчэўская ўспамінала: “У двухпавярховым доме, у якім зараз плённа працуе калектыў ЖКГ (тады – не такім прыгожым і камфортным, а з жоўтай цэглы, цесным, з драўлянымі рыпучымі стромкімі лесвіцамі), былі рэдакцыя газеты “Уперад” (папярэдніцы “Лідскай газеты”) і малюсенькая кніжная крама, якая неяк размясцілася на першым паверсе і мела вельмі цікавы асартымент. У гэтую краму заходзілі сапраўдныя інтэлігенты і кнігалюбы. Тут жа, на самым рагу, стрымана ляскатала друкарскімі станкамі друкарня”. Далей на поўнач, на месцы, дзе ў наш час стаіць ваенкамат, да 1939 г. працаваў паравы тартак Я. Палячака і таварышаў (вуліца Фалькоўскага, 33).

І зноў цікавы факт. У сакавіку 1938 г. увечар фурман Якімовіч вёз на дрожках № 55 павятовага віцэ-старасту Завадскага. Каля тартака Палячака па вуліцы Фалькоўскага дрожкі трапілі ў яму і былі моцна пашкоджаныя (у раёне сучаснага ваенкамата). Праз некалькі тыдняў на перакрыжаванні вуліц Фалькоўскага і Новай Юзаф Комінч з Браніславай Акуневіч упалі з матацыкла на брук, у цяжкім стане іх адвезлі ў бальніцу.

***

Адразу за тартаком перад Другой сусветнай вайной пачалі будаваць яўрэйскую школу. Гэты будынак існуе і зараз, у ім знаходзіцца дзіцячая школа мастацтваў. Раскажу пра гэты будынак трохі падрабязней.

У канцы мая 1933 г. на пасяджэнні гарадской рады была ўхвалена пастанова аб выдзяленні яўрэйскаму культурна-асветніцкаму таварыству “Тарбут” пляца для будаўніцтва 7-гадовай яўрэйскай агульнаадукацыйнай школы: «Як стала вядома, “Тарбут” набудзе пляц пры вуліцы Касцюшкі па ільготным кошце ў 50 гр.». Вуліца Касцюшкі ў той час – гэта праспект Перамогі на адрэзку ад вуліцы Міцкевіча да сучаснай вуліцы 8-га Сакавіка.

Але будаўніцтва гэтай школы пачнецца толькі ў 1939 г. Прэса пісала: «Новая школа ў Лідзе. Па вуліцы Касцюшкі адбылася ўрачыстая закладка каменя пад гмах яўрэйскай школы, якую будуе Аб'яданне яўрэйскіх школ у Лідзе». Былы жыхар Ліды Якаў Ілютовіч успамінаў: «Будаўнічы камітэт быў абраны з прадстаўнікоў «Тарбута» і бацькоў. ... Будаўнічая пляцоўка набыта бясплатна ў магістрата недалёка ад дзяржаўнай школы. Яўрэйскае насельніцтва Ліды давала грошай, колькі магло. Сегал даваў цэглу са сваёй фабрыкі, тартакі давалі дрэва, а жалеза дала фабрыка Чартка-Штэйнберга. Мецэнаты-купцы Шымон Пупко і Пінхас Рабіновіч далі цэмент. ... З вялікім напружаннем была пабудавана трохпавярховая школа з залай для гімнастыкі і цёплым туалетам. Адбылося вялікае наваселле, на якое было запрошана шмат гасцей, асобна для бацькоў зрабілі пасядзелкі з «тортам і каньяком». ... Гэта было вялікае свята. ... Школа перажыла вайну ..., і адразу пасля вайны тут была нейкая савецкая ўстанова”.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться