Па старонках нашай гісторыі. Цікавы лёс дома №16 па вуліцы Савецкай

14 Сентября 2016 3223

Месца, на якім стаіць сучасны дом па вуліцы Савецкай, 16, мае даўнюю гісторыю. Інвентар Ліды 1798 г. апісваў дамы па вуліцы Віленскай: «Ад Фарнага касцёла з правага боку знаходзіўся дзедзічны дварок яснавяльможнай пані Едка, у якім пошта». Гэты двор знаходзіўся па абодвух баках вуліцы Віленскай, на месцы, дзе зараз стаіць магазін «Віцязь». У доме Едкі на плане горада Ліды 1832 г. паказана пошта. Праз нейкі час гэта нерухомая маёмасць становіцца ўласнасцю прапаршчыка Дарожнага. У 1842 г. гэты дварок быў знішчаны пажарам, а пошту перанеслі ў дом Камінскіх, пра які я пісаў у папярэднім артыкуле. Пасля чарговага пажару на гэтым пляцы будуецца цэлы комплекс двухпавярховых будынкаў, сярод іх – дом па вуліцы Віленскай, 58, які належаў Фларэнтыну Длускаму.

 

 

 

Паказ фільмаў спыніла вайна

З гэтага комплексу да нашага часу дажыў дом па вуліцы Савецкай, 16 – там зараз магазін «Віцязь». У двары гэтага дома перад Першай сусветнай вайной пачаў працаваць кінатэатр «Нірвана», які належаў Яблонскаму. Можна з упэўненасцю сказаць, што кінатэатры «Эдысан» і «Нірвана» зачыняліся толькі тады, калі на вуліцы горада прыходзіла вайна, і таму 31 снежня 1918 г. Лідскі рэўкам правёў гарадскі мітынг у будынку кінатэатра «Нірвана». Акрамя паказаў фільмаў, усе 1920-я гады кінатэатр «Нірвана» быў месцам збораў лідскай грамадскасці і пляцоўкай, на якой выступалі гастралюючыя тэатральныя трупы. Напрыклад, знакаміты віленскі тэатр «Рэдута» 20 лістапада 1928 г. паказваў у Лідзе спектакль «Цар Павел І» па п’есе Меражкоўскага, а ў верасні 1929 г. – камедыю «Прыяцелі», «прадстаўленне прайшло ў перапоўненай зале, чаго Ліда ўжо даўно не бачыла». 14 і 15 студзеня 1930 г. у Лідзе гастралявала Варшаўская опера. На сцэне кінатэатра «Нірвана» былі паказаны два спектаклі – «Галька» і «Кармэн». «Нірвана» была і цэнтрам яўрэйскага культурнага жыцця. Так, у 1931 г. «25 кастрычніка адбыўся першы выступ яўрэйскага драматычнага гуртка ў кінатэатры «Нірвана», рэжысёр тэатра – Бузган». У канцы 1931 г. «інжынер Любес з Палесціны ў кінатэатры «Нірвана» распавёў яўрэям Ліды пра жыццё ў Палесціне. Сабралася каля 200 чалавек».

Гукавое кіно ў Лідзе стала сенсацыяй

У 1932 г. сярод уладальнікаў кінатэатраў у Лідзе пачаліся «гонкі» – хто першы адчыніць у Лідзе гукавое кіно. Першым імкнуўся стаць уладальнік кінатэатра «Нірвана»: «Нарэшце ў Лідзе будзе кіно з гукам. Уладальнік кінатэатра «Нірвана» Яблонскі сказаў, што праз некалькі дзён пачне паказваць у сябе кіно з гукам. Першым гукавым фільмам будзе сусветна вядомы баявік «Парада кахання». ... Гэта будзе сенсацыяй у Лідзе».

Аднак першым гукавым кінатэатрам у горадзе стаў «Эдысан»: «У пятніцу з гукам пачаў працаваць кінатэатр «Эдысан», уладальнік – Левін. Першы гукавы фільм – «X 27», «Нірвана» з гукам пачне працаваць праз некалькі дзён». Нягледзячы на наяўнасць гуку, у кінатэатры «Эдысан» паўсюдна «заляжалы бруд, як у чакальні, так і ў глядзельнай зале, нават у буфеце смецце ляжыць грудай каля сцяны».

У красавіку 1931 г. падчас кінасеанса ў «Нірване» ад праекцыйнай лямпы загарэлася кінастужка. Узнікла паніка, але кінамеханік Мозель Віцільд хутка загасіў узгаранне.

01

Дом па вул. Сувальскай (Віленскай), 58 у цэнтры, 1930-я гг. Зараз – Савецкая, 16.

 02

3D-мадэль дома па вул. Сувальскай (Віленскай), 58, зробленая В. Бураком. 

Пажар у цэнтры горада

13 ліпеня 1932 г. у цэнтры горада адбыўся моцны пажар. «Горад у моры агню», – паведамляла прэса. Пажар пачаўся з дома па Сувальскай, 54. Спачатку агонь ахапіў дах гэтага дома, потым перакінуўся на кінатэатр «Нірвана». З-за моцнага ветру хутка полымя ахапіла суседнія дамы і загарэўся цэнтр горада па вуліцы Сувальскай. Гарэлі «Нірвана», крамы і цэлы шэраг жылых дамоў у кірунку ракі Лідзеі. Пажар тушылі добраахвотныя пажарныя дружыны, пажарныя службы абодвух лідскіх палкоў і чыгункі, прыехалі нават пажарныя машыны з Гродна. Недалёка ад месца пажару тлумы пагарэльцаў, якія страцілі ўсю маёмасць, стварылі сапраўдны бівак. Да 20 гадзін вечара агульнымі намаганнямі пажар быў лакалізаваны. Галоўнай цяжкасцю быў недахоп вады, якую прыходзілася падвозіць з Лідзеі, бо толькі гродзенскія пажарныя мелі адмысловы шланг даўжынёй у 300 м і наўпрост пампавалі ваду з ракі. Агонь гарэў да вечара наступнага дня. Пры тушэнні загінуў жаўнер 5-га лётнага палка Ян Валюкевіч, моцна папакутавалі ад агню добраахвотныя пажарныя Кацэнеленбоген, Баярскі, Лебедзь і Вацлаў Мілан з Гродна.

Згарэлі дамы №№54, 56, 58, 60 па вуліцы Сувальскай (належалі Фларыяну Длускаму, Бералю Дваржэцкаму, Фруме і Гіршу Таўшынскім) і шмат дамоў у бок ракі Лідзеі, згарэлі кінатэатр «Нірвана» і шмат крам і складоў: гарэлачны склад Міхала Баркоўскага, крама капелюшоў Ядвігі Яўген, піўная Макса Левіна, піўная Антона Ляховіча, галантарэйная крама Якаба Брэма, склады сельскагаспадарчага сіндыката, рымарня Чайкоўскага, склады мануфактуры Якуба Вінера, крама шкла Абрама Флякса, крама машын «Зінгер», памяшканне Таварыства польскіх купцоў. Страты ад пажару ў цэнтры горада склалі 712 000 злотых. Найвялікшыя страты панёс Длускі, уладальнік дамоў №№56 і 58, – каля 500 000 злотых пры тым, што гэтыя дамы былі застрахаваны толькі на 145 000 злотых. Кінатэатр «Нірвана» меў страты ў 15 000 долараў, Якаб Вінер – у 40 000 злотых, Юзаф Гальперын – у 35 000 злотых, уладальнік «Нірваны» Яблонскі асабіста – у 18 000 злотых. Падчас пажару краў рэчы пагарэльцаў і быў арыштаваны Станіслаў Кедык. Праз некалькі дзён за крадзеж 330 злотых арыштавалі Караліну Давідовіч. Як падлічылі пасля пажару, цалкам, было скрадзена розных рэчаў на 42 000 злотых.

04

Рэклама фільма ў кінатэатры «Нірвана».

«Эра» змяніла «Нірвану»

На месцы кінатэатра «Нірвана» быў збудаваны больш сучасны кінатэатр «Эра», яго ўладальнікам быў Тамашэвіч. «Эра» мела найвялікшую глядзельную залу ў Лідзе. А дом па вуліцы Сувальскай, 58 пасля рамонту атрымаў трэці мансардны паверх.

Міжваенныя кінатэатры былі сапраўднымі цэнтрамі не толькі культурнага, але і грамадска-палітычнага жыцця. Уладальнікі кінатэатраў абавязаны былі даваць глядзельныя залы па зніжанай цане ці бясплатна для сходаў разнастайных грамадскіх і палітычных арганізацый, таварыстваў, партый і г. д.

У кінатэатрах праводзіліся гастролі тэатральных труп, напрыклад 20 жніўня 1936 г. у кінатэатры «Эра» выступіла знакамітая трупа Віленскага гарадскога тэатра, ігралася лёгкая эратычная камедыя ў 3-х актах «Каханне ўжо не ў модзе». У пачатку 1937 г. «Кур’ер Віленскі» пісаў: «... у Лідзе працуюць 3 кінатэатры: два меншых і адзін пад назвай «Эра» з вялікай залай на 750 месцаў. Калі ў Ліду завітвае выязны віленскі тэатр ці ансамбль «Рэдута» з новым рэпертуарам – зала кінатэатра бывае нават перапоўнена публікай. Санітарныя нормы патрабуюць, каб у такіх месцах былі публічныя туалеты, а ў гэтым кінатэатры туалеты ад пачатку ягонай эксплуатацыі заўжды «на рамонце». Такія адносіны кіраўніка кінатэатра «Эра» Тамашэвіча да санітарных нормаў не могуць не дзівіць грамадскасць. Трэба, нарэшце, каб ён адказаў, калі закончыцца гэты вечны рамонт туалетаў». Праз некалькі нумароў дырэкцыя кінатэатра адказала рэдакцыі: «Рамонт туалетаў даўно закончаны, але праз маразы размёрзліся водаправодныя трубы, і туалеты былі зачынены. Аднак падчас гастролей тэатральных труп туалеты былі дзеючыя. Зараз туалеты таксама працуюць». У тым жа нумары друкуецца аб'ява аб гастролях з 1 сакавіка 1937 г. віленскага тэатра пад кіраўніцтвам вядомай артысткі і заснавальніцы тэатра Ніны Младзеёўскай-Шчуркевіч: «У кінатэатры «Эра» ў 16 гадзін будзе паказана камедыя Стэфана Кедрынскага «Замужняя панна», у 20.30 – п’еса Самерсета Маэма «Святы прамень».

«Стары кавалер» і «Цётка Караля» прыйшлі ў Ліду

Вясной 1937 г. выязны віленскі тэатр паказваў у «Эры» камедыю Якуба Дэвала «Стэфак» і камедыю Стэфана Кянджынскага «Стары кавалер». А ў маі варшаўскія артысты ў кінатэатры «Эра» паказалі тэатральную камедыю «Цётка Караля», у ролі цёткі выступіў знакаміты кінаартыст таго часу Яўген Бадо. Пра выступ у «Эры» ў камедыі «Цётка Караля» знанага Яўгена Бадо пісаў адзін з гледачоў, былы лідзянін Уладзіслаў Нарушэвіч: «Запомніў яго аднак не ў гэтай тытульнай для яго ролі, а падчас шпацыру па Сувальскай у кампаніі асістуючых яму асоб. Паводзіў сябе вельмі свабодна, бесклапотна і са сваім прыроджаным шармам абдорваў мінакоў артыстычнай усмешкай».

У жніўні 1938 г. у кінатэатры «Эра» выступала тады ўжо славутая Іда Камінская са сваёй камандай, квіткі прадаваліся ў цукерні «Амерыканка». Наогул, практычна кожны тыдзень у кінатэатры «Эра», акрамя паказу кіно, адбываліся культурныя імпрэзы ці грамадскія мерапрыемствы.

Летам 1939 г. у кінатэатры «Эра» змяніўся дырэктар. Замест К. Тамашэвіча пачаў працаваць Ежы Длускі, які для гэтага адмыслова пераехаў жыць у Ліду.

Расклейка афіш – прыбытковая справа

Кіно ў горадзе было настолькі папулярнае, што ў 1939 г. у гарадской управе «падчас штэмпелявання было скрадзена 48 білетаў у «Эру». Аднак кантралёр кінатэатра Рулько падчас праверкі білетаў вызначыла тры крадзеныя білеты. Дырэктар Длускі заявіў у паліцыю».

Пакуль мы не пакінулі тэму кіно, думаю, трэба трошкі расказаць пра арганізацыю справы па расклейцы розных афіш у горадзе. У 1904 г. віленскі губернатар граф Пален выдаў пастанову, згодна з якой расклейка розных аб’яў і афіш у г. Лідзе дапускалася толькі на адмысловых прыстасаваннях (відавочна, шчытах), устаноўленых гарадскімі ўладамі (домаўладальнікам на сваіх хатах дазвалялася вывешваць аб’явы толькі аб здачы жылля ўнаём). Пастанова ўступала ў сілу з моманту ўстаноўкі такіх прыстасаванняў. 29 красавіка 1909 г. лідскі сход упаўнаважаных права расклейкі аб’яў і афіш перадаў Абраму Душману за плату ў 21 руб. 30 кап. у год. Бізнес быў вельмі прыбытковы, і ў 1914 г. гэта права на тры гады было перададзена нейкаму Падземскаму, але ўжо за 260 руб. і 50 кап. у год. Гэта гаворыць у тым ліку і аб папулярнасці кінематографа і гастрольных тэатраў у нашым горадзе.

У 1920-30-я гг. афішы таксама расклейваліся ў вызначаных месцах і рэклама фільмаў друкавалася ў прэсе.

Іншы час – новы кінатэатр

Гэтыя дамы згарэлі ў 1941 г. Цудам застаўся дом па вуліцы Савецкай, 16, у якім пасля невялікага рамонту, адразу пасля 1945 г., пачаў працаваць гарадскі кінатэатр. Лідзянка Ларыса Канчэўская ўспамінае: «У маім дзяцінстве тут быў кінатэатр з глядзельнай залай на другім паверсе. Пасля сеанса гледачы спускаліся на вуліцу ззаду, у двары, па арматурнай стромкай, амаль пажарнай лесвіцы. Памятаю, я, першакласніца, там упершыню была з татам. Мы глядзелі фільм «Адмірал Ушакоў». Было вельмі нязручна ў цеснай зале з нізкай столлю, дзе стаялі масіўныя квадратныя калоны і вельмі перашкаджалі глядзець фільм. І падлога там была без уздыму, хлапчукі сядзелі на спінках крэслаў – проста бяда! Я паловы фільма не бачыла, а толькі чула, нават плакала ад незадаволенай цікаўнасці».

03

Кінатэатр у доме па вул. Савецкай, 16, 1950-я гг.

У 1955 г. адчынены кінатэатр «Кастрычнік», і будынак па Савецкай, 16 рэканструявалі, на першым паверсе размясцілі дзіцячую бібліятэку і некалькі крам, на другім – гарадскую.

Пасля рамонту 2010 г. тут знаходзіцца фірмавы магазін «Віцязь».

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться