Трэція лідскія чытанні да 175-годдзя Францішка Багушэвіча

17 Апреля 2015 2362

У цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася навукова-практычная канферэнцыя “ІІІ лідскія чытанні”, прысвечаная 175-годдзю з дня нараджэння Францішка Багушэвіча, класіка беларускай літаратуры, аднаго з самых прыкметных фігур у айчыннай літаратуры XIX стагоддзя. Удзел у ёй прымалі мясцовыя краязнаўцы, бібліятэкары і шматлікія прыхільнікі творчасці паэта. Да іх далучыліся навукоўцы з Мінска – выкладчыкі-філолагі БДУ: Ірына Багдановіч і Ігар Запрудскі.

Ірына Багдановіч ў сваім выступленні адзначыла, што ўшанаванне гэтай даты – вельмі пачэсна, бо творчасць Ф. Багушэвіча прасякнута адвечнымі ідэаламі служэння Айчыне. Прысутныя пачулі яе ўласны верш, прысвечаны Францішку Багушэвічу. Выступленне Ігара Запрудскага прысвячалася характарыстыцы сацыяльнага стану тагачаснай Беларусі, якое знайшло адлюстраванне ў творчасці Багушэвіча. Больш за тое, у дакладчыка атрымалася знайсці паралелі ў творчасці  Францішка Багушэвіча і Васіля Быкава. Пастаяннымі ўдзельнікамі чытанняў з’яўляюцца лідскія краязнаўцы Леанід Лаўрэш, Станіслаў Суднік, Алесь Хітрун, якія падзяліліся сваімі меркаваннямі і досведамі з жыцця і творчасці Францішка Багушэвіча, звязанымі з лідскай зямлёй.

Творчы настрой удзельнікам чытанняў задаў Аляксандр Блахін, педагог дадатковага навучання, які вырабляе музычныя інструменты. На сустрэчу майстра прынёс некалькі відаў дуды і прапанаваў гасцям паслухаць іх гучанне, наскрозь пранікнутае нацыянальным каларытам. Заключным момантам сустрэчы стала выступленне лідскага барда Сяргея Чарняка. Ён прэзентаваў свае песні на словы Якуба Коласа, Рыгора Барадуліна, Кастуся і Таццяны Цвіркі, Станіслава Судніка.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться