Будзеш мець усё, толькі лянавацца не трэба

12 Марта 2021 1619

«Будзеш мець усё, толькі лянавацца не трэба». Гэтыя словы я пачула на ўрачыстасці з нагоды залатога вяселля Феафаніі Іосіфаўны і Віктара Уладзіміравіча Будзевічаў. Сям’ю вясковых працаўнікоў віталі ў Ганчарскім Доме культуры. Для іх арганізавалі вельмі кранальную ўрачыстасць. І зрабілі гэта работнікі Ганчарскага сельвыканкама і мясцовай установы культуры ад чыстага сэрца, таму што ведаюць сям’ю Будзевічаў з вёскі Масявічы як сумленных людзей, якія добрасумленна працавалі ў сельскай гаспадарцы, выхавалі дваіх дзяцей і цяпер жывуць у міры і згодзе між сабой і годна сярод аднавяскоўцаў.

Увогуле, урачыстасці магло і не быць: Феафанія Іосіфаўна і Віктар Уладзіміравіч сваё залатое вяселле вырашылі адзначыць сціпла – у сямейным коле. Адзінае, на што згадзіліся, – абвянчацца ў мясцовай царкве. Не зрабілі гэтага раней, дык цяпер і падстава, і магчымасць ёсць. Ініцыятарам урачыстасці афіцыйнага ўзроўню стала дачка – Наталля Віктараўна.


– Наталля Віктараўна звярнулася да нас з просьбай проста павіншаваць яе бацькоў з нагоды залатога вяселля, – расказвае Людміла Ярмантовіч, кіраўнік спраў Ганчарскага сельвыканкама. – Мы, безумоўна, адгукнуліся на гэту просьбу. Напачатку думалі проста ўрачыста павіншаваць, але пасля і сцэнарый прадумалі, і гасцей з гаспадаркі запрасілі.

Вельмі арганізавана і душэўна прайшло мерапрыемства: і пярсцёнкамі залатыя юбіляры абмяняліся, і пасведчанне аб рэгістрацыі шлюбу атрымалі, а яшчэ ў вальсе закружылі і песні ў свой гонар праслухалі.

– Не спадзяваліся мы на такую пашану, – гавораць юбіляры.

Яны засталіся задаволенымі ўвагай да сябе з боку мясцовай улады, КСУП “Беліца-Агра”, дзе раней працавалі: Феафанія Іосіфаўна – даглядчыцай жывёл на ферме, Віктар Уладзіміравіч – механізатарам.

– Мы з адной вёскі, раслі на адной вуліцы, – згадваюць юбіляры. – У маладыя гады працавалі ў Лідзе на гарадскіх прадпрыемствах, а пажаніліся 6 сакавіка 1971 года, і бацькі сталі клікаць дамоў, каб бліжэй да іх былі. Мы паслухаліся.

Аб чым яшчэ згадвалі паважаныя людзі сталага ўзросту? Аб цяжкіх пасляваенных гадах, аб павазе да людзей, аб выхаванні дзяцей на ўласным прыкладзе цярплівасці ў стасунках між сабой, людзьмі.

– Каб магчыма было вярнуць назад мінулае, то нічога ў ім не мянялі б, – кажа Феафанія Іосіфаўна. – Хоць і складана было, але гэта наша жыццё. А цяпер вельмі добра жыць, толькі не лянуйся – і ў цябе ўсё будзе.

А дачцэ юбіляраў я задала толькі адно пытанне: якімі помняцца бацькі ў яе дзяцінстве і як успрымаюцца цяпер?

– Радаснымі і клапатлівымі, – адказала Наталля Віктараўна. – Нягледзячы на нялёгкае жыццё, яны заўсёды такія пазітыўныя, добрыя. І цяпер, хоць і здароўя таго, што было, ужо няма, заўсёды сустракаюць нас – дзяцей, унукаў – з радасцю і, калі ад’язджаем, абавязкова выходзяць да веснічак і такімі цёплымі словамі даюць наказ прыязджаць. Мы са свайго боку стараемся і іх парадаваць, дапамагчы, у чым ёсць патрэба.

Вось такая сямейная пераемнасць у асобна ўзятай сям’і з невялікай вёсачкі на карце Лідчыны. Але гэта не адзіны прыклад, калі добрыя, паважныя адносіны між сабой і да іншых перадаюцца ад бацькоў дзецям, унукам… Гэта сістэма каштоўнасцей нашага грамадства, у якім адна сям’я – гэта цэлы свет і разам з тым маленькая частка агульнай вялікай сям’і беларусаў, якія ўмеюць працаваць, дбаць аб уласным дабрабыце, адзін аб адным і не забывацца пра навакольных. У гэтай сістэме каштоўнасцей ёсць месца радасці і няма – злосці і нянавісці. Таму і жыве і будзе жыць не міф, а праўда пра беларусаў як пра годную, працавітую нацыю з вялікім пачуццём уласнай годнасці і жаданнем быць у згодзе з тымі, хто побач.




Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться