Як піць даць. Куды сышла вада і калі яна прыйдзе?

05 Июня 2020 2539
Пра тое, што «без вады ні туды, ні сюды», сказана вельмі шмат. Ды і будзе сказана яшчэ, напэўна, не менш. Але сённяшнія рэаліі, на жаль, такія, што чым далей ад горада, тым больш сур'ёзна стаіць праблема вады.

У вёсцы Табала Беліцкага сельсавета нядаўна нашу ўвагу прыцягнулі старадаўнія калодзежы-жураўлі, каля якіх захацелася спыніцца і вады напіцца. Але мясцовыя жыхары радасны парыў спынілі: няма ў студнях вады! З той жа вёскі нам патэлефанавалі з бядой: у калодзежы вада стала нітратнай. Усё жыццё была добрая, а тут раптам дрэнная?! У вёсцы Бельскія Дзітвянскага сельсавета пару гадоў таму сітуацыя склалася зусім ахавая: вады ў вёсцы не стала ні кроплі. Пакуль людзі не правялі водаправод. Чаму так адбываецца, хто ў гэтым вінаваты і што рабіць? У гэтых пытаннях карэспандэнт «Лідскай газеты» разбіраўся з дапамогай эколагаў – педагогаў і выхаванцаў Лідскага раённага экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі. 

Водныя артэрыі Лідчыны. Якія яны?

Не так даўно лідскія эколагі ўдзельнічалі ў сумесным з Цэнтрам экалагічных рашэнняў і Цэнтральным навукова-даследчым інстытутам комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў навуковым праекце “Нёманскі блакіт”, падчас якога вывучалі стан грунтавых вод Лідчыны.

– Комплекснае вывучэнне рэк, азёр, крыніц Беларусі (пашпартызацыя ўсіх водных аб'ектаў Беларусі і маніторынг якасці вады) распачалося яшчэ ў 70-80-я гады, – расказвае загадчык аддзела цэнтра Вольга Піліпчык. – Па выніках даследаванняў былі выдадзены энцыклапедыі, самай папулярнай сярод якіх стала «Блакітная кніга Беларусі». У энцыклапедыі «Блакітны скарб Беларусі» (2007) маюцца звесткі аб такіх рэках Лідскага раёна, як Нёман, Лідзейка, Дзітва, Смолач, Нарва (Няцеч), Крупка і іншыя. Паводле даных Цэнтральнага навукова-даследчага інстытута комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, на тэрыторыі Лідскага раёна налічваецца 56 водных аб'ектаў (малыя рэкі, азёры, крыніцы). У рамках навуковага праекта мы даследавалі 29 водных аб'ектаў. Вывучалі іх стан, узровень вады, флору і фаўну. Ставілі мэтай знайсці выток кожнага. Прыцягнулі да справы мясцовых жыхароў, вяскоўцаў, старажылаў. Дарэчы, на старонках “Лідскай газеты” быў апублікаваны артыкул аб старце праекта, пасля выхаду якога да нас звярнуўся жыхар горада Ліды Аляксандр Іванавіч Васіленка. З васьмідзесяці год свайго жыцця большую частку ён пражыў у вёсцы Істакі. Аляксандр Іванавіч не толькі падзяліўся сваімі ведамі, але і паўдзельнічаў у выязной экспедыцыі юных эколагаў. 

Работа па інвентарызацыі водных аб'ектаў Лідчыны працягваецца і зараз (калі вы валодаеце інфармацыяй аб месцазнаходжанні вытока малой ракі ці крыніцы, звяжыцеся са спецыялістамі экалагічнага цэнтра, і ў вас з'явіцца магчымасць унесці свой уклад у агульную справу).

Напіцца і не атруціцца

Разам з вывучэннем колькасці водных аб’ектаў і іх напаўнення лідскія эколагі зацікавіліся пытаннем якасці прыроднай пітной вады. 

– Для таго каб адказаць на пытанне “Чаму вада стала непрыгоднай для піцця?”, неабходна правесці аналіз вады на ўтрыманне нітратаў – найбольш распаўсюджаных небяспечных рэчываў, – адзначае Вольга Аляксандраўна. – Дзякуючы ўдзелу ў праекце наш цэнтр забяспечаны экспрэс-палоскамі, з дапамогай якіх на працягу літаральна некалькіх секунд можна візуальна прыкладна вызначыць узровень нітратаў у вадзе. Атрымаць экспрэс-палоску на бясплатнай аснове могуць у нас усе жадаючыя, але пры адной умове: правёўшы даследаванне, паведаміць нам яго вынікі па тэлефоне 64-63-37. У далейшым гэтыя звесткі наносяцца на спецыяльную карту, распрацаваную Цэнтрам экалагічных рашэнняў. Звяртаем увагу, што атрыманыя вынікі даюць толькі прыкладную карціну і для дакладнасці лепш здаваць ваду на аналіз у занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.

Аналізуючы вынікі ўжо праведзеных даследаванняў на ўтрыманне нітратаў у вадзе з выкарыстаннем экспрэс-тэстаў, мясцовыя эколагі робяць вывад, што найбольшая колькасць спроб з перавышэннем ліміту дапушчальнай нормы нітратаў выяўлена ў сельскай мясцовасці. 

Па вопыце зваротаў у рэдакцыю ведаем: многія вясковыя жыхары вінавацяць у гэтым выключна мясцовыя сельгаспрадпрыемствы і фермераў. Але думка эколагаў на гэты конт менш катэгарычная: прычына нітратнай вады бывае куды бліжэйшая і знаходзіцца на сваім або суседнім падворку, ва ўтрыманні калодзежаў і ва ўласнай гаспадарчай дзейнасці. Азірніцеся вакол – сярод вас, напэўна, ёсць гаспадары, якія знішчаюць пустазелле з дапамогай прэпарата “Тарнада” і не задумваюцца, што ён ідзе ў зямлю і сілкуе грунтавыя воды. Сёння мы прывыклі жыць лёгка і не задумвацца аб глабальным. Ну хто, скажыце, у вёсцы сартуе адходы? Ці многія з нас адмовіліся ад поліэтылену? У лепшым выпадку выкідваем яго ў агульны кантэйнер. У горшым – спальваем з іншым смеццем на ўчастку, тым самым зноў жа сілкуючы грунтавыя воды. Працягваць можна бясконца…

Асобная тэма – пабудова калодзежаў. Часцей за ўсё можна сустрэць так званыя шахтавыя калодзежы, на змену якім прыходзяць трубчастыя – неглыбокія свідравіны, у якія заганяецца металічная або пластмасавая труба. Трубчастыя калодзежы рабіць значна лягчэй і танней. На іх будаўніцтве спецыялізуюцца некаторыя індывідуальныя прадпрымальнікі. Яны ўмеюць здабыць ваду амаль у любым месцы. А гэта значыць, што цяпер такія калодзежы будуюцца не там, дзе “правільна”, а там, дзе “зручна”. Часам паблізу калодзежаў размяшчаюцца адрыны, у якіх змяшчаецца жывёла, засяваюцца агароды і палі, дзе выкарыстоўваюцца ўгнаенні і пестыцыды, і г. д. Адсюль і вынік.

Калі вы жадаеце збудаваць на сваім участку калодзеж, будуйце яго далей ад найбліжэйшых пабудоў, агародаў, палёў, аўтадарог.

Мы папрасілі супрацоўнікаў экалагічнага цэнтра даць нашым чытачам, гаспадарам калодзежаў, некалькі экалагічных парад.

– Зрабіце агаловак (накрыўку калодзежа) так, каб ён надзейна абараняў ад дажджавой вады, пылу, пяску, – гаворыць дырэктар цэнтра Жанна Цехановіч. – Уладкуйце вакол вашага калодзежа «замок» са шчыльнай гліны на глыбіню 1,8-2 метры і шырыню 1-2 метры. Замажце цэментам швы паміж кольцамі студні. Забяспечце адвядзенне дажджавой (талай) вады ад калодзежа. Абсталюйце туалеты і месцы захоўвання гною так, каб выключыць пранікненне забруджваючых рэчываў у грунтавыя воды. На прысядзібным участку выкарыстоўвайце мінімальную колькасць угнаенняў і адмоўцеся ад пестыцыдаў. Гэта прадухіліць забруджванне вады і дасць магчымасць атрымаць экалагічна чыстыя агародніну і садавіну з участка. Адмоўцеся ад пасыпання соллю дарогі, калі побач знаходзіцца калодзеж, інакш вясной прыйдзецца разам з вадой піць і яе. 

Калодзеж сеў на мель

У хатах жыхароў вёскі Бельскія Дзітвянскага сельсавета сёння ёсць водаправод. Але ўспамінаюцца падзеі двухгадовай даўнасці, калі ні ў адным калодзежы тут не стала ні кроплі вады. Жыхары вымушаны былі карыстацца прывазной, з бочкі, або прасіць аб дастаўцы буціліраванай. Як памыць бялізну, як напаіць жывёлу, паліць агарод – гэтыя пытанні былі самымі балючымі. 

На жаль, падобная сітуацыя сёння складваецца ў многіх вёсках. І гэтак жа, як вінаватымі ў нітратнай вадзе адны лічаць фермераў, прычынай сыходу вады з калодзежаў другія лічаць меліярацыю. 

– Зніжэнне ўзроўню вады ў калодзежах ці яе поўную адсутнасць у апошнія гады, хутчэй за ўсё, можна звязаць з высільваннем ваданоснага пласта з прычыны засушлівага надвор'я, – гаворыць Вольга Аляксандраўна. – Колькасць ападкаў у некаторыя месяцы з мая 2009 года па май 2020 года была недастатковая (напрыклад, у красавіку 2019 года – усяго 18% ад нормы, у чэрвені – 55%). Сюды ж можна аднесці заільванне калодзежаў, іх размяшчэнне на ўзгорыстых і гарыстых участках, побач з крыніцамі, сажалкамі, артэзіянскімі крыніцамі, у раёне кар'ераў і вялікіх водазабораў і нават у месцах, дзе расце шмат акацый і бука. Меліярацыя таксама з'яўляецца адной з прычын, аднак пры асушванні робяцца інжынерныя разлікі, вобласць прымянення ахоплівае ваколіцу: раяніраванне складае ад двух кіламетраў. Ведаючы, што ў той ці іншай мясцовасці праведзена меліярацыя, калодзеж трэба капаць значна глыбей.

– Ці можна рэаніміраваць стары калодзеж, з якога сышла вада? – цікавімся ў эколагаў.

– Можна паспрабаваць “узбудзіць” калодзеж, уліўшы ў яго 200-400 літраў вады з любой іншай крыніцы, – гаворыць Жанна Мікалаеўна. – Некаторыя людзі рэкамендуюць даць калодзежу адпачыць – гэта значыць, не выкарыстоўваць яго на працягу шасці месяцаў, што дастаткова для таго, каб вярнуць ранейшы літраж.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться