Што трэба ведаць пра Вялікдзень і Вербную нядзелю і ці ёсць сэнс у апошні тыдзень перад святам распачынаць пост, калі да гэтага яго не выконваў?

04 Апреля 2020 5281
Каталіцкія вернікі Лідчыны рыхтуюцца да самай галоўнай урачыстасці – Вялікадня. Аднак за тыдзень да яго – ужо ў гэтую нядзелю – адзначаецца свята Уваходу Гасподняга ў Ерусалім, якое ў народзе вядома як Вербная нядзеля. І з тым, і з іншым днём звязана шмат павер’яў.

Каб разабрацца, што з іх ёсць вера, а што – забабоны, карэспандэнт «Лідскай газеты» сустрэўся з настаяцелем парафіі Святой сям’і ксяндзом Юзафам Ганчыцам. 

Нават 1% – гэта ўжо нямала

Пытанняў да святара было шмат. Адно з іх датычылася выканання Вялікага посту: на што звярнуць увагу, у чым павінны заключацца абмежаванні, але галоўнае – ці не позна распачынаць пост цяпер, калі да гэтага яго не выконваў. 

– Нават калі мы папрацуем усяго 1% – гэта ўжо нямала, бо мы зрабілі першы крок на шляху вяртання да Бога, да веры ў Яго, – разважліва адзначыў ксёндз Юзаф. – Навошта нам дадзены Вялікі пост? Для таго каб пераглядзець сваё жыццё, прыярытэты, і менавіта з пазіцыі Евангелля. 

– З чаго пачаць?

– Вобразна кажучы, трэба стаць пустыняй, адкрытым месцам, каб Бог мог на ім нешта пабудаваць. Іншымі словамі, распачаць варта з ачышчэння сябе і сваіх думак, з выкаранення ўласнага “эга”. І шлях гэты ляжыць праз шчырую споведзь. 

Пост – гэта час працы над сабой. Спакус шмат. Адна з іх – ежа. Мы шмат думаем аб страўніку і зусім мала – аб сэрцы і душы. Калі Пан Езус хоча есці і гэтае жаданне пачынае заглушаць малітву, злы дух спакушае: “Скажы гэтаму каменю – і ён стане хлебам”. А Езус адказвае: “Не хлебам адзіным сыты чалавек, але кожным словам, якое ідзе ад Бога”. Падчас посту мы стараемся выключыць нейкія прадукты харчавання – гэта нядрэнна, бо вучыць нас пэўнай вытрымцы. Але Бог вучыць нас не пра мяса, скажам, забыць, а ўспомніць пра ежу духоўную. Варта сканцэнтраваць сваю ўвагу на прыняцці слова Божага, бо толькі ім корміцца вера. І вось тут крыецца адказ, навошта патрэбны Касцёл. Каб служыць чалавеку, каб “карміць” яго Эўхарыстыяй і Камуніяй Святой, каб перадаваць і тлумачыць Біблію. Касцёл дапамагае расці ў веры, надзеі і міласці.

Яшчэ адна перашкода, якую ўзводзіць сам чалавек і над якой трэба працаваць падчас посту, – гэта пакора. Мы кланяемся модзе, сучасным тэхналогіям, нейкім тэндэнцыям, але нам так цяжка скланіць галаву перад Богам: памаліцца, прыняць удзел у нядзельнай імшы, падзякаваць Яму за ўсё, што мы маем. Між іншым, менавіта падчас Эўхарыстыі чалавек знаходзіцца ў цішы, якая дае магчымасць злучыць сваё сэрца з сэрцам Езуса. 

Пост дадзены нам для таго, каб навучыцца давяраць Богу, каб перастаць падвяргаць Яго выпрабаванням. Як мы думаем? “Вось я памалюся – і Бог дасць мне ласку”. Гэта, даруйце, базар. Заўтра ніколі не стане лепшым само па сабе, а толькі праз веру, праз злучэнне з Богам. Нельга спакушаць волю Бога Айца. І вось тут мы ізноў вяртаемся да Эўхарыстыі, бо яна ёсць жывое слова Божае, якое вучыць нас ласцы.  

Свята дзеля свята

– Да Чыстага Чацвярга памыць акно і прыбраць у доме, да вечара суботы пафарбаваць яйкі – у многіх, калі не ў большасці, гэта па-ранейшаму застаецца галоўнымі элементамі падрыхтоўкі да Вялікадня. Што на самай справе важна зрабіць у перадсвяточныя дні? І ці ёсць сэнс святкаваць Вялікдзень без посту перад ім, без службы ў касцёле, без чытання Бібліі? Можа, тады лепш наогул не адзначаць?

– Вядома, уборка ў доме, чыстыя вокны і шторы, падрыхтоўка велікодных страў – усё гэта прыемна, але не мае істотнага значэння, калі вера не рэалізавана ў жыцці. Але пры гэтым самі па сабе гэтыя народныя традыцыі дапамагаюць чалавеку задумацца. І лепш, каб Вялікдзень святкавалі хоць бы на такім узроўні, чым не святкавалі зусім. Прыбраны дом і святочны стол – усё гэта зробіць дзень асаблівым, адрозным ад іншых. А там паступова можа прыйсці і разуменне, што за гэтым вялікім днём ёсць нешта большае, што варта шукаць і ўзгадоўваць у сваёй душы. 

– У знешніх атрыбутах свята разабрацца лёгка, а вось у больш сур’ёзных рэчах – складаней. Што ў гэтыя дні варта пачытаць з Бібліі тым, хто не выхаваны ў каталіцкіх традыцыях і толькі спрабуе разабрацца?

– Трэба пачынаць з Новага Запавету, з другой часткі Евангелля. Апошнія дні Хрыста на зямлі, Таемная вячэра і Яго арышт, пакуты, забойства... а потым Яго ўваскрашэнне! На жаль, многія не разумеюць сапраўднага сэнсу свята. Жудасная смерць Хрыста вучыць нас таму, што нельга пражыць жыццё без болю і пакуты. Паглядзіце: ад Сына Божага адварочваюцца яго блізкія людзі, Ён выносіць страшныя пакуты, памірае за нас... Усё гэта можна перанесці на наша ўласнае жыццё. Як мы адварочваемся ад Бога, у выпадку любой няўдачы патрабуем адказу на пытанне: “За што?..” Але Святое Пісанне паказвае нам, што цярпенне не назаўжды і боль не назаўжды. Калі спадзявацца і верыць, то настане светлы час. 

– Наперадзе Вялікі тыдзень. Як правільна яго перажыць?

– У цішыні. Трэба адключыцца ад мітусні, удзяліць увагу таму, што знаходзіцца ў сэрцы. Абавязкова патрэбны малітва, пост і міласць. Пост – гэта абмежаванне, устрыманне. Трэба ўстрымлівацца ад таго, што нам перашкаджае будаваць адносіны з Богам і людзьмі. І якраз без малітвы немагчыма пабудаваць адносіны з Богам. Калі мы хочам адносін, то павінны адкрыта размаўляць. Хтосьці кажа, што не ўмее маліцца? Але ж можна пачынаць гаварыць з Богам не завучанымі малітвамі, а проста сваімі словамі. У малітвах прыйдзе і патрэба ў споведзі. Гэта важны крок, да яго трэба рыхтавацца.

Міласць, або дабрыня да іншых, дапамога тым, хто жыве ў нястачы. І размова не толькі аб грошах. Магчыма, побач з вамі чалавек, які бедны духоўна, яму дрэнна – падтрымайце яго, пагаварыце, дайце параду, не адварочвайцеся.

Дні перад Вялікаднем – добры час для прымірэння з блізкімі. Не будзе светлага свята, калі на душы моцная крыўда і злосць. Гэта бар’еры, якія трэба пераадолець. Нельга любіць Бога, калі не любіш людзей, якія побач. Пры гэтым трэба разумець, што прабачэнне – гэта працэс, які можа доўжыцца месяцы, а то і гады. Адчуваць гнеў – гэта нармальна, галоўнае – перажываць яго правільна. 

– Самае галоўнае, што трэба зрабіць у суботу перад Вялікаднем?

– Субота – гэта дзень цішыні. У касцёлах у Вялікую пятніцу і Вялікую суботу няма набажэнстваў, толькі ў суботу ўвечары ці ўначы ідзе святая імша. Гэта дзень малітвы. Трэба духоўна настроіцца на ўрачыстасць. Але тэмп жыцця цяпер такі, што чалавек часта проста забывае спыніцца і падумаць: “Навошта і што я раблю?” Вялікая пятніца – гэта якраз такі шанец. Таму лепш прыгатаваць паменш ежы, не марнаваць час на нейкія складаныя стравы, а падумаць, пачытаць Біблію.

– Ёсць традыцыя дарыць на Вялікдзень падарункі, асабліва хросным. Гэта абавязкова?

– Не, але жэст сам па сабе прыгожы. Людзі радуюцца. Добра, калі на Вялікдзень хросныя бацькі павіншуюць сваіх хросных дзяцей, пацешаць іх чымсьці. Але зноў жа: пра хросных дзяцей трэба памятаць не толькі на Вялікдзень і на Каляды. Падумайце: можа, яны і ў іншыя часы маюць патрэбу ў вас, у вашай дапамозе, у падтрымцы?

– Як правільна на Вялікдзень вітаць родных, блізкіх?

– Вітаем адзін аднаго так: “Хрыстос уваскрос!” І адказваем на прывітанне: “Сапраўды ўваскрос!”

Толькі з пазітыўнымі думкамі!

У касцёле Узвіжання Святога Крыжа ёсць традыцыя: напярэдадні Вербнай нядзелі моладзь парафіі збіраецца ў сальцы касцёла і робіць вербачкі. Але не для таго, каб мець з іх нейкі пэўны заробак, – вернікі, якія купляюць парафіяльныя ўпрыгожаныя галінкі, самі ўстанаўліваюць цану. Усе сродкі ад продажу ідуць у “скарбонку” пешай пілігрымкі Ліда – Будслаў.

– Мы не спаборнічаем ні з кім ва ўпрыгожванні верб, – тлумачыць ксёндз парафіі Узвіжання Святога Крыжа Дзяніс Бразінскі. – Наогул, важна разумець, што самі галінкі вярбы ніяк не ўплываюць на жыццё чалавека: ні іх колькасць, ні наяўнасць кветак або ядлоўцу. Вярба – абавязковы сімвал свята, аднак меркаваць, што сутнасць яго зводзіцца толькі да асвячэння вярбы, у корані няправільна. Аб чым нам нагадвае Вербная нядзеля? Аб тым, што чалавек, яго прырода носяць досыць зменлівы характар. Хрыстос за тыдзень да свята Вялікадня прыйшоў у Ерусалім, і народ сустракаў яго як прарока, як цара, высцілаючы дарогу пальмавымі галінамі. А праз некалькі дзён – у пятніцу – тыя самыя людзі крыжавалі Езуса. Прынамсі, аб долі, якую Яму наканаваў Бог, Хрыстос ведаў, але пакорна ішоў на гэта, бо давяраў свайму Айцу. Езус прынёс сябе ў ахвяру, дазволіў, каб Яго забілі, каб узяць на сябе нашыя грахі.

Чаму менавіта вярба? Святар патлумачыў, што, паколькі пальмы ў нас не растуць, а першая расліна, якая распускаецца пасля зімы, – гэта вярба, яна была абрана сімвалам свята. І гэта не выпадкова. Пасля зімы, перажыўшы своеасаблівую смерць, прырода ажывае, распускаецца, нягледзячы ні на што. 

Куды дзець старую вярбу? Яе можна прынесці ў касцёл, дзе галінкі спаляць, а попел будзе выкарыстаны ў Попельную сераду. Можна спаліць вярбу (як, дарэчы, і любыя асвячоныя рэчы) і самастойна – гэта не мае значэння. Попел можна раскідаць па агародзе або проста закапаць пад дрэвам.


Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться