На ўсе пажаданні жаданне адно – станцаваць вальс. Ветэран вайны з Ліды прымала віншаванні з 95-годдзем

16 Января 2020 2745

95-ы дзень нараджэння і 75-годдзе Вялікай Перамогі – віншаванні адразу да дзвюх юбілейных дат сёння прымала ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра Гаўрылава.

Чацвёрты паверх дома па праспекце Перамогі. На лесвічнай клетцы хутка становіцца цесна: прывітаць юбіляршу з кветкамі і падарункамі прыйшлі з ваенкамата, ветэранскай арганізацыі, Лідскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі. Гадаць, у якой кватэры жыве Аляксандра Андрэеўна, не трэба. Па-першае, на гэта адразу ўказвае спецыяльная налепка на дзвярах “Дзякуй за Перамогу!”. Па-другое, госці, якія прыйшлі, не зусім госці, а даўно амаль свае. Падтрымка ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ў раёне вядзецца пастаянна. Кватэры пажылых людзей абследуюцца, аказваецца сацыяльна-бытавая і іншая неабходная дапамога.

– На Беларускай чыгунцы існуе нават цэлая комплексная праграма “Клопат”, у аснове якой – адрасная сацыяльная падтрымка непрацуючых пенсіянераў нашага прадпрыемства. Так, мы на працягу года абавязкова стараемся наведаць кожнага ветэрана, пагаварыць з ім, дапамагчы: дзесьці з рамонтам, дзесьці з заменай электрапрыбораў – па-рознаму бывае. Напрыклад, Аляксандры Андрэеўне не раз падавалі транспарт для паездкі на дачу. Зразумела, у сілу ўзросту і здароўя сама яна даехаць ужо не можа. Таксама намі праводзіцца работа па добраўпарадкаванні і падтрыманні ў належным стане месцаў, звязаных з памяццю аб Вялікай Айчыннай вайне, – распавёў начальнік Лідскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі Лявонцій Дужык.

– На сённяшні дзень у нас 122 непрацуючыя пенсіянеры, – дадала Яніна Станіславаўна Троцкая, старшыня савета ветэранаў Лідскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі. – Асаблівая ўвага – ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. На жаль, іх у нас засталося толькі двое. Акрамя таго, што пералічыў кіраўнік дыстанцыі, штомесяц мы аказваем ім матэрыяльную падтрымку ў памеры 25 рублёў. А да юбілеяў – на 90- і 95-годдзе – адміністрацыя выдзяляе 50 рублёў. Да віншаванняў заўсёды далучаецца і прафсаюзная арганізацыя. Цёплыя словы, пажаданні здароўя і абавязкова падарунак у памеры двух базавых велічынь – заўсёды ў паштоўцы ад прафкама.

…Гасцям Аляксандра Гаўрылава пяшчотна ўсміхалася. Па стане здароўя яна амаль нічога не чуе і мала гаворыць, таму ўсе віншаванні прымала моўчкі. Але было бачна: юбілярша ўсё разумела і ўвазе была вельмі рада. Хвалявалася за маму і яе дачка, Таццяна Аляксандраўна Сідаровіч. Стоячы ў дзвярах, яна час ад часу выцірала надыходзячыя слёзы. А калі госці разышліся, распавяла мне матчыну гісторыю.

Дзяцінства і юнацтва Аляксандры Андрэеўны былі сагрэтыя яркім татарстанскім сонцам, але мары 17-гадовай дзяўчыны разбурыла вайна. У 1942 годзе яна пачала сваю працоўную дзейнасць тэлеграфісткай на станцыі Нурлат 10-й дыстанцыі сігналізацыі і сувязі чыгункі імя В. В. Куйбышава.

Адразу пасля вызвалення Ліды ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў яе і дзвюх сёстраў – кожная была ваеннаабавязаная – адкамандзіравалі для працы тэлеграфісткамі ў Ліду. І так тут усе і засталіся. Аляксандра Андрэеўна стварыла сям’ю, нарадзіла дачку. Увогуле, з дыстанцыяй сігналізацыі і сувязі юбіляршу звязвае амаль паўстагоддзя. Мала таго, яна стала заснавальніцай сямейнай дынастыі: тут жа працавала тэлеграфісткай яе дачка Таццяна, цяпер працуе ўнучка – Кацярына Шэўчык.

– Мама не любіла расказваць пра ваенны час, – адзначыла Таццяна Аляксандраўна. – Ведаю, што па дарозе ў Ліду іх цягнік бамбілі, яны хаваліся ў канавах. А вось што мама любіла ўспамінаць – дык гэта 9 мая 1945 года, Дзень Перамогі. Як яны, пачуўшы доўгачаканую навіну, танцавалі, абдымаліся, цалаваліся. Гэта было сапраўднае свята.

Яшчэ некалькі год таму Аляксандра Гаўрылава разам з дачкой абавязкова прымала ўдзел у парадзе Перамогі, ускладалі кветкі да Кургана Бяссмерця. Але ў апошні час здароўе ветэрана вайны ўжо зусім слабое. Прынамсі, 9 Мая Аляксандра Андрэеўна чакае. І не дзеля кветак і віншаванняў, а каб у каторы раз адчуць гэтую слодыч і сказаць: “Мы перамаглі!” На пытанне, чаго б хацелася яшчэ ў жыцці, 95-гадовая юбілярша сціпла адказала: “Каб былі здароўе і здольнасць станцаваць вальс Перамогі…”


Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться