5 студзеня – Дзень сацыяльнага работніка. Быць патрэбным людзям – няпростая работа
05 Января 2020
2265
Для многіх сацыяльны работнік становіцца адзіным злучальным звяном са знешнім светам, надзеяй на заўтрашні дзень. Зрэшты, казаць “ён” – няправільна: практычна заўсёды сацработнік – гэта яна.
Па закліку сэрца
Ірына Здончык сацыяльным работнікам Лідскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва працуе ўжо восьмы год. З жанчынай мы пазнаёміліся падчас майго візіту да адной з яе падапечных – ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Алены Жмерык. З якой цеплынёй Алена Аляксееўна адклікалася аб сваёй Ірачцы! “Яна мая першая памочніца, даражэй за яе ў Лідзе ў мяне і няма нікога – сынок з сям’ёй жыве далёка”, – пагла-джваючы па руцэ свайго сацыяльнага работніка, казала ветэран.
Прынамсі, акрамя Алены Жмерык, Ірына Здончык сёння абслугоўвае яшчэ восем пенсіянераў ва ўзросце 79 гадоў і больш. Сваіх падапечных-жанчын сацыяльны работнік ласкава называе “мае бабулечкі”.
– Яны ў мяне самыя лепшыя і адны з самых блізкіх мне людзей, – расказвае Ірына. – Я стаўлюся да іх з вялікай павагай і любоўю, як да сваіх старэйшых і мудрых настаўнікаў, амаль як да бацькоў. Ніколі ў нас не ўзнікае канфліктаў. Я сваю працу люблю, хаця яна і цяжкая як фізічна, так і маральна. Безумоўна, праца з пажылымі людзьмі патрабуе вялікага цярпення, суперажывання, гатоўнасці прыйсці на дапамогу. Пажылыя людзі мяне шмат чаму навучылі: уменню вырашаць цяжкія жыццёвыя сітуацыі, лепш разумець людзей. А самае галоўнае – я навучылася цаніць кожны пражыты дзень.
Быць патрэбным
Паход у краму па пакупкі або ў аптэку па лекі, аплата па рахунках за камунальныя паслугі, уборка кватэры і неабходная праца па хаце, агародзе, падрыхтоўка ежы – гэта далёка не поўны спіс паслуг, якія прадастаўляюць сацыяльныя работнікі. Аднак жанчыны працуюць не па тарыфах, а на сумленне, як для сябе. Напрыклад, у афіцыйным спісе сацыяльнай дапамогі няма паслугі пад назвай “выслухаць усё, што набалела”. Але без гэтага не абыходзіцца ні адзін візіт да падапечных. Дарэчы, многім пажылым людзям, акрамя як сацработніку, выліць душу больш няма каму.
Таму працоўны дзень не заўсёды рэгламентаваны. Нярэдка сацыяльныя работнікі тэлефануюць сваім падапечным і па вечарах, і па выхадных – часам спытаць, што прынесці ў наступны раз, а бывае, і проста пацікавіцца самаадчуваннем. “Нам кажуць, што збліжацца з падапечнымі нельга. Усё ж такі гэта праца, павінна быць дыстанцыя. Але як гэта зрабіць, калі маеш зносіны з чалавекам шмат гадоў і яго турботы ўспрымаеш ужо як свае асабістыя?” – паставіла пытанне без адказу Ірына Здончык.
Ад сэрца да сэрца
З такім жа сумленнем да сваіх абавязкаў, якія даўно ўжо сталі ладам жыцця, ставяцца і работнікі Бярозаўскага аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў, структурнага падраздзялення Лідскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Для сваіх выхаванцаў яны не проста настаўнікі, а родныя і блізкія людзі. Таму ў мабільных тэлефонаў спецыялістаў заўсёды поўная зарадка, а гук званка – на максімуме. Ці мала хто патэлефануе і папросіць дапамогі! Якой? Ды самай элементарнай – напрыклад, прыгатаваць боршч.
– Каторы год запар мы ўдзяляем шмат увагі сацыяльна-бытавой рэабілітацыі нашых падапечных, – расказвае загадчыца мясцовага аддзялення для інвалідаў Наталля Саўко. – У 2013 годзе ў Бярозаўцы быў пабудаваны сацыяльны дом, у якім цяпер самастойна пражываюць сем інвалідаў. Безумоўна, ім, як нікому, патрэбны навыкі па вядзенні хатняй гаспадаркі. Для гэтага на базе нашага аддзялення быў добраўпарадкаваны трэнінгавы пакой. Ён і сёння карыстаецца попытам: нашы падапечныя вучацца карыстацца бытавой тэхнікай, гатаваць разнастайныя стравы з выкарыстаннем агародніны, вырашчанай на ўласным агародзе, даглядаць сябе. Але, нягледзячы на гэта, яны ўсё роўна нам тэлефануюць і раяцца, што купіць у магазіне, чым адмыць пліту. Мы заўсёды на сувязі, у любы час.
Наталля Мікалаеўна прызнаецца: працоўны дзень супрацоўнікаў аддзялення рэдка заканчваецца роўна ў пяць гадзін вечара. Выхаванцы ніяк не жадаюць расставацца і вельмі цяжка перажываюць выхадныя і святочныя дні – сумуюць. Прычына ў сацыялізацыі. Людзям з асаблівасцямі развіцця гэтак жа, як і іх аднагодкам, хочацца зносін, усведамлення ўласнай значнасці, цікавых заняткаў, новых уражанняў. Усё гэта яны атрымліваюць у аддзяленні дзённага знаходжання.
– Самае галоўнае – яны не ся-дзяць у чатырох сценах, а па меры сваіх магчымасцей жывуць насычаным жыццём. Удзельнічаюць у паходах, ездзяць на экскурсіі, маюць зносіны з цікавымі людзьмі. Мы часам жартуем, што нашы рабяты, у якіх ёсць асаблівасці развіцця, жывуць куды больш насычаным жыццём, чым іх здаровыя аднагодкі, і, нягледзячы на ўсе цяжкасці, больш шчаслівым. Прынамсі, у гэтым ёсць заслуга кожнага супрацоўніка аддзялення. Мы, як можам, стараемся дапамагчы нашым падапечным здабыць радасць жыцця. Усе яны такія розныя і толькі сваімі адкрытасцю і лагоднасцю аднолькавыя, і менавіта з гэтай прычыны нельга іх не любіць і ставіцца да іх абыякава, – дадала Наталля Саўко.
Ніхто не пакінуты
Інтэр’ер у Бярозаўскім аддяленні дзённага знаходжання – як у сапраўдным цёплым, утульным доме для вялікай і дружнай сям’і. Толькі сям’я тут – 36 чалавек, з якіх 29 – людзі з асаблівасцямі развіцця, астатнія – настаўнікі. Разам яны здольныя звярнуць горы.
– Прывітанне, мяне завуць Дзіма Федчанка, – радуецца і працягвае руку 40-гадовы на выгляд мужчына з непасрэднай па-дзіцячаму, шырокай усмешкай. А потым настойліва запрашае пазнаёміцца са сваёй творчасцю: Дзіма вышывае гладдзю. Яго работы ўпрыгожваюць дамы гасцей аддзялення з розных куткоў не толькі Беларусі, але і іншых краін.
Іншыя выхаванцы хутка ўключаюцца ў гутарку і таксама паказваюць свае ўменні: Дзяніс Бубноўскі стварае сваімі рукамі мішак Тэдзі, Дзіма Дымовіч вышывае іконы, а таксама мульцяшных звяркоў у выглядзе карцін. Занятак для душы ў Бярозаўскім аддзяленні дзённага знаходзжання для інвалідаў ёсць у кожнага: хочаш – займайся спевамі, хочаш – акцёрскім майстэрствам або кветкамі, дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. Тут ніхто не пакінуты. І нядзіўна, што выхаванцам бярозаўскага аддзялення не хочацца пакідаць гэты куток нават на некалькі дзён! Яны тут адчуваюць сябе патрэбнымі.
Разважанні па дарозе дамоў
На сацыяльныя тэмы мне даводзіцца пісаць часта. І кожны раз лаўлю сябе на думцы: усё ж працаваць у гэтай сферы не могуць людзі абыякавыя. Безумоўна, ад прафесіі “адгаварыць” можа многае: не самая вялікая зарплата, ненармаваны працоўны дзень, непаразуменне ў сям’і (як можна цэлымі днямі дапамагаць іншым, калі і ў саміх дома так шмат праблем?!) – гэтыя “але” можна пералічваць і пералічваць. Аднак, мабыць, закладзена нешта ў чалавеку, калі ён, нягледзячы на ўсе непрыемныя моманты, ідзе на працу, дапамагае старым, падтрымлівае ў цяжкую хвіліну людзей з асаблівасцямі развіцця, не чакаючы пры гэтым падзякі. Безумоўна, сацыяльная работа – гэта ўнікальная прафесія, якая не толькі нясе ў сабе дапамогу канкрэтным людзям, але і падае прыклад гуманнага стаўлення да чалавека. Усё гэта не можа не выклікаць вялікай павагі да кожнага, хто працуе у сацыяльнай сферы.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.