Няма лепшае рэчы, чым пагрэцца каля печы, або Як маленькіх лідчан выхоўваюць па-беларуску

11 Декабря 2019 1995

Зімовым надвячоркам спяшаюся ў дзіцячы цэнтр развіцця дзіцяці №1 па вул. Суворава. Не, у мяне няма маленькіх дзяцей. Але чаму б вы думалі?.. Справа ў тым, што тут ладзяцца самыя прыгожыя і самыя цікавыя беларускія святы. А ладзяць іх маленькія выхаванцы і іх педагогі. На гэты раз – літаратурна-фальклорную гасцёўню “З сівой мінуўшчыны ў наш час”. А прысвечана яна печы.

Дакладней было б сказаць, яе вялікасці Печы. Бо нездарма ж нават у рускай мове ёсць выслоўе “плясать от печи". Можна ўпэўнена сказаць і так: печ у хаце ўсяму галава. Дарэчы, больш за ўсіх такіх выслоўяў і прымавак падчас свята выдалі дзеці, якія, нібыта зярняткамі, сыпалі імі, завітаўшы ў імправізаваную беларускую хату ў госці да Гаспадыні. У ролі гэтай ужо каторы раз цудоўна выступае педагог цэнтра, кіраўнік адукацыйнай ініцыятывы “Цікава вучым родную мову” Рамуальда Сцепаненка.


“Мы тут булкалі, на каміны пазіралі, у каго дым густы, у таго і печ цяплейшая”, – казалі госці. “Яно так, няма лепшае рэчы, як пагрэцца каля печы”. Або: “Без печы і хата не хата, і свята не свята, і пірог не пірог, і парог не парог”, “Печ, як маці, корміць, поіць і грэе”. Здавалася, ад пачутага і душа грэлася…

А ў хаце, у якой ўсё да дробязей роднае і знаёмае: і печ з чугункамі, і засцеленыя дзяружкамі лавы, і вышываныя фіранкі на вокнах, хацелася быць і быць. Ды чаму і не быць, калі падзеі тут змяняліся адна другою. Дзеці спявалі народныя песні, танчылі народныя танцы, гулялі ў гульні. Ледзь сціхлі акорды беларускай народнай песні “Сядзіць камар на дубочку”, як ногі пайшлі ў рух – у танец “Весялуху”. А потым на сярэдзіну хаты выйшлі “вясёлыя кухаркі”, якія ў песні праспявалі і паказалі, як яны, нібыта сапраўдныя гаспадынькі, увіхаюцца ў хаце і ля печы. А далей паклікала народная гульня “Кот Апанас”. Разам з Гаспадыняй згулялі ў віктарыну “Рэчы вакол печы” і да самых глыбінь сэрцаў кранулі матуляў у глядацкай зале калыханкай з танцам анёлаў. А яшчэ гулялі у “Падушачку”, “Цеста”... І нельга не адзначыць надзвычай удалую харэаграфію, акцёрскую ігру і ўвогуле пастаноўку, бо ўсё, што рабілі дзеці, атрымлівалася такім арганічным, сапраўдным і жывым, што міжволі прымушала сэрца трапятацца ад радасці. Успомніліся словы з Бібліі: “Будзце як дзеці”. Сапраўды, дарослым у іх варта вучыцца. Любові і прыхільнасці да свайго роднага, дакладна.

На развітанне дзеці праспявалі прыгожую беларускую песню “Бывайце здаровы” і развітваліся з гледачамі… Але ненадоўга.  Не за гарамі ж калядкі… Будзе нагода сабрацца ў беларускай хаце зноў. Каб адчуць атмасферу даўніны, атрымаць асалоду, дакрануцца да роднага, дарагога, вельмі шчырага і прыгожага.

Дарэчы, намеснік загадчыка ДЦРР №1 па асноўнай дзенасці Ірына Шут распавяла карэспандэнту “Лідскай газеты”, што ў дашкольным цэнтры шмат мерапрыемстваў праводзіцца па выхаванню ў дзяцей любові да беларускай мовы і фальклору. Педагогі ставяць перад сабой задачу праз беларускі фальклор, музыку і літаратуру не толькі пазанёміць дзяцей з бытам і культурай свайго народа, але і выхоўваць у іх прыгожыя чалавечыя якасці, якім вучыць беларуская народная традыцыя, – чуласць, спагадлівасць, добразычлівасць. 

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться