Віктар Хруль: «Прыгажэй за Беларусь краіны не бачыў»

04 Апреля 2019 1342
Апошні раз інтэрв’ю з нашым земляком, які больш за трыццаць год жыве і працуе ў Маскве, было надрукавана на старонках “Лідскай газеты” ў 2010 годзе. Тады мой суразмоўца быў выкладчыкам факультэта журналістыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава, меў званне кандыдата філалагічных навук.

Ужо тады ён быў вядомы ў свеце як навукоўца і публіцыст, аўтар навуковых прац. У прыватнасці, Віктар Хруль з’яўляецца заснавальнікам і аўтарам серыі навуковых прац «Media and Religion» (на англійскай мове, выдаецца з 2011 года). Сярод яго дасягненняў – перамога ў намінацыі “За выдатныя поспехі ў журналістыцы” ў конкурсе, які праводзіць Міжнародны саюз каталіцкіх журналістаў; “Неўская прэмія” Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта ў вобласці вывучэння журналістыкі і сродкаў масавых камунікацый.

У апошнія гады праходзіў стажыроўкі ва Універсітэце Роберта Морыса (Пітсбург, ЗША), Універсітэце Адама Міцкевіча (Познань, Польшча), Варшаўскім універсітэце. Па запрашэнні шэрагу вядучых еўрапейскіх універсітэтаў (Чэхія, Швецыя, Польшча) чытае лекцыі замежным студэнтам. 

У студзені 2019 года наш зямляк абараніў доктарскую дысертацыю па тэме “Рэлігія ў тэкстах масавай камунікацыі: структурна-семантычныя, функцыянальныя і этычныя аспекты”. А наша размова праходзіла якраз напярэдадні яго ад’езду ў Італію, дзе мелася адбыцца міжнародная канферэнцыя Еўрапейскай акадэміі рэлігіі (Балонья). Удзел у ёй прымалі больш за 600 вучоных і экспертаў з розных краін. 

Я не магла не скарыстацца даўнім знаёмствам з Віктарам, каб сустрэцца і задаць некалькі пытанняў аб яго навуковай дзейнасці, побыце ў Маскве і адносінах да малой радзімы. 

– З якой тэмай давядзецца выступаць на гэтым буйным форуме?

– Я буду ўдзельнічаць у секцыі “Рэлігія ў посткамуністычных краінах”. Размова будзе ісці ў тым ліку і пра тое, што медыя часам выкарыстоўваюць рэлігію дзеля сваiх мэтаў, заглушаюць голас рэлiгiйных лiдараў, а багацце веры і рэлігійнага светапогляду даносяць да аўдыторыi прымiтыўна і неадпаведна – часам без злога намеру, а часам наўмысна...

– Як гэта магчыма?

– Просты прыклад: на Богаяўленне ў праваслаўных славян з'яўляецца народная традыцыя акунацца ў палонку, але гэта ніяк не звязана з хрысціянскай дагматыкай, і праваслаўныя святары і нават біскупы стараюцца пра гэта людзям напамінаць. Але медыя робяць з гэтага штогод 19 студзеня галоўную тэму дня, і штогод колькасць тых, хто купаецца ў палонках, расце. У Расіі нават вышэйшыя дзяржаўныя чыноўнікі купаюцца ў гэты дзень у палонках. Голас медыя заглушае голас рэлігіі, і святары часам баяцца штосьці сказаць, каб не пайсці ўпоперак распаўсюджаным, папулярным поглядам. 

Іншы прыклад – калі на тэлебачанні перад святам Божага Нараджэння распавядаюць рэальную гісторыю, якая сапраўды здарылася у Віфлееме, як добрую казачку для дзяцей ці прывабны міф пра беднае дзіцятка, якое нарадзілася ў хляве. Але ж гэта не міф, не казка, а вялікая гістарычная падзея. І калі хтосьці з хрысціян у гэта не верыць – яму добра было б звярнуцца да святара ці прайсці дадатковы курс катэхізацыі...

Медыя (асабліва сацыяльныя сеткі) становяцца асноўнай крыніцай інфармацыі для людзей – гэта факт, які вынікае з навуковых даследаванняў. Людзі не ідуць да ксяндза ці бацюшкі з пытаннем, якое іх цікавіць, а знаходзяць адказ у Інтэрнэце. А там, вядома, шмат чаго можна знайсці. Таму часам у галовах людзей збіраецца «трасянка» з розных несумяшчальных поглядаў. Чалавек з раніцы паставіць свечку ў царкве, днём прывязе жонку на аборт, пасля нешта ўкрадзе на працы, вечарам сходзіць да варажбіткі, каб даведацца, што і як будзе. І ўсё гэта ў адной галаве бесканфліктна ўжываецца. Але не толькі Iнтэрнэт ці медыя ў гэтым вінаватыя. 
Нават жанчыны сталага ўзросту, нашы бабулі, якія штодзень моляцца ў касцёлах, цэрквах, лічаць магчымым пайсці да варажбіткі, каб, як кажуць у народзе, “выкачаць пярэпалахі”. Яны не чуюць таго, што пра гэта кажуць святары, бо ў іх сваё ўяўленне. Гэта таксама выдаткі атэістычнага светапогляду.

– Вернемся да таго часу, калі галоўны рэдактар расійскай каталіцкай газеты “Святло Евангелля” даведаўся аб закрыцці выдання...

– Гэта было звязана са зменай касцельнай улады ў Маскве. Новы біскуп вырашыў, што павінен быць іншы фармат данясення людзям патрэбнай інфармацыі. Я пагадзіўся… Увогуле, час друкаванага рэлігійнага слова праходзіць. Маладыя людзі цяпер у Сеціве. Там і патрэбна быць медыя. 

Але пасля закрыцця газеты я ніводнага дня не заставаўся без журналісцкіх спраў. На наступны ж дзень мяне запрасіла агенцтва “РИА-Новости”. І я з 2007 па 2017 год быў у рэлігійным аддзеле, займаўся заходнім хрысціянствам, пераважна навінамі з Апостальскай сталіцы, пісаў пра католікаў і пратэстантаў. Ужо амаль дзесяць год удзельнічаю ў міжнародных навуковых праектах, якія ўсё цяжэй было сумяшчаць з журналістыкай, бо шмат часу трэба было быць па-за Масквой. Таму агенцтва я пакінуў і засяродзіўся на навуковай дзейнасці. Цяпер у мяне некалькі праектаў у Расіі, Польшчы, Фінляндыі, Германіі. Аднак ніколі не адмаўляюся падрыхтаваць артыкул па вызначанай тэме, калі аб гэтым просяць калегі, пераважна з-за мяжы (з Італіі, Амерыкі, Польшчы).

– А што за навуковыя праекты, над якімі цяпер ідзе праца?

– Яны якраз звязаны з вывучэннем адносін медыя і рэлігіі, іх узаемнага ўплыву, канфліктаў. Больш за 25 год прайшло пасля распаду Саюза, прыйшла рэлігійная вольнасць. Цікава цяпер вывучаць, што адбываецца, калі людзі, прымусова атэізаваныя, атрымалі магчымасць выказваць сваё веравызнанне. Яны не маюць загартаванасці, каб супрацьстаяць медыя. Да ўсяго, не хапае актыўнасці святарам, каб больш займацца асветай людзей, якія былі столькі год атэізаваныя. Гэта тэма вельмі цікавая калегам з Германіі, Фінляндыі, бо ў іх іншы стан рэчаў.

Новы тэрмін “медыятызацыя рэлігіі” – цікавая галіна навукі, яна суадносіцца з маёй доктарскай дысертацыяй. Сёння важна, каб рэлігійныя інстытуты – каталіцкі касцёл, праваслаўная царква, а ў Расіі яшчэ і іслам – абазначалі сябе ў інфармацыйнай прасторы, каб яны былі прыметныя. Ідэальна, каб чалавек на пытанне, якое яго цікавіць, мог атрымаць адказ наўпрост ад святара. Сёння многія рэлігійныя пытанні міфалагізуюцца, як з гэтымі купаннямі ў палонках або абрадамі, звязанымі з пахаваннем нябожчыка, дзе застаюцца элементы паганства, ды шмат чаго яшчэ.

– Універсітэт усё ж займае асноўную частку працоўнай дзейнасці?

– Ад працы ва ўніверсітэце шмат радасці. Безумоўна, прыходзяць розныя студэнты, і добрыя, і не вельмі. Я не наракаю, але нярэдка атрымліваем іх з хібамі па сярэдняй школе. Трэба прызнаць, што сістэма адукацыі ў Расіі ў вялікім крызісе. Я вельмі ўдзячны сваім настаўнікам з першай лідскай школы, якія добра мяне навучылі, і я без усялякіх рэпетытараў паступіў у 1981 годзе ў Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт. Не ведаю, як у Беларусі, а ў Расіі адукацыю загубілі рэформы, якія напаўзаюць адна на другую: учора трэба было рабіць так, сёння – гэтак, а заўтра трэба будзе рабіць зусім іначай. Гэта забівае энтузіязм і настаўнікаў у школах, і выкладчыкаў універсітэтаў. Як кажуць кітайцы, не дай вам Бог жыць у час перамен.

Дык вось, дзе захавалася традыцыя сістэматычных ведаў, дзе шмат чытаюць, гэта адразу бачна. Дзе ідзе навучанне, а не нацягванне на адказы па АДЭ. Мова такіх студэнтаў сакавітая, абгрунтаваная. На жаль, не ўсе такія. А трэба ж улічваць, што Маскоўскі ўніверсітэт у прывілеяваным стане, ён першы нумар у Расіі, і ў галіне журналістыкі таксама. Да нас прыходзяць лепшыя дзеці. 

–  Чаму канкрэтна даводзіцца вучыць студэнтаў доктару навук?

– У мяне курс “Прафесійная этыка журналістыкі”, я лічу яго вельмі важным, бо ён расказвае аб стандартах журналістыкі, аб яе каштоўнасцях, аб сумленнасці і недапушчальнасці падману. Апошнія ж даследаванні паказваюць, што журналісты, выкарыстоўваючы свае магчымасці, робяць піяр кампаніям і не бачаць у гэтым нічога дрэннага, хаця Кодэкс прафесійнай этыкі журналіста Расіі забараняе ў журналісцкіх матэрыялах рэкламаваць паслугі і тавары. 

Таксама выкладаю курс метадалогіі медыядаследаванняў (гэта поле даследаванняў у Інтэрнэце, якое яшчэ патрабуе высілкаў і навуковых абгрунтаванняў), вяду семінары “Рэлігія і медыя” і “Сацыялогія СМІ”.

– Што яшчэ значнага адбылося ў жыцці за апошні час?

– У мяне цяпер той перыяд, які ўмоўна можна назваць “паміж дзецьмі і ўнукамі”. Усе трое дзяцей, дачка і сыны (а яны ў нашай сям’і пагодкі), пакінулі бацькоўскае гняздо, вучацца ва ўніверсітэтах, на факультэтах, якія ім падабаюцца. Але сем’і свае яшчэ не стварылі. Цяжкі гэта перыяд, мы да яго былі не гатовыя. Кватэра пустая, гукаем з жонкаю адно аднаго, як у лесе… Затое шмат часу з’явілася – я якраз змог доктарскую напісаць і абараніць, жонка – піяністка, канцэртмайстар у адной з лепшых балетных школ Расіі – занялася фатаграфіяй. Яна гэта любіць, сябры яе хваляць, а для добрага мужа, вядома ж, чым бы жонка ні цешылася... Як Бог дасць унукаў – жыццё напоўніцца новым сэнсам.

– Якое стаўленне да малой радзімы?

– Мяне цягнула дадому заўсёды. Хацеў вярнуцца ў Беларусь адразу пасля заканчэння ўнiверсiтэта ў 1986 годзе і пасля абароны кандыдацкай дысертацыi ў 1993 годзе, але не склалася...

А я па-ранейшаму мару вярнуцца ў Ліду. Як навуковец, магу прааналізаваць, што для мяне бацькаўшчына, малая радзiма, i гэта не ў пафасным сэнсе, а ў рэальным, так, як я адчуваю. 

Па-першае, гэта месца, дзе нарадзіліся і жывуць мае бацькі, дзе яны спаткаліся, пажаніліся. Акрамя Ліды, для мяне бацькаўшчына яшчэ і вёска Старына Дзятлаўскага раёна, дзе нарадзілася мая маці. Гэта вёска вымірае, а каб хата не прапала, маці яе разабрала, перавезла бліжэй да Ліды, перабудавала і хоча, каб у ёй нехта жыў... Так што я прыеду на ўсё гатовае. Дай Бог, каб бацькі дажылі да маёй пенсіі. Спадзяюся, што і мае дзеці рана ці позна прыедуць сюды, хаця яны нарадзіліся ў Маскве і па-іншаму гадаваныя.

Другая прычына, па якой хачу вярнуцца, – мова. Я ў Маскве не так сумаваў па іншых мясцовых рэчах – па краявідах, смачных стравах, – як па беларускай мове. Як толькі, едучы дахаты, пад'язджаў цягніком да Оршы, адразу пачынаў гаварыць па-беларуску. І ў Лідзе заўсёды гаварыў і гавару на матчынай мове. Мне дзіўна і радасна бачыць білборды з надпісамі “Гаворым па-беларуску”, дзе тлумачыцца, што такое журавіны альбо хто такі бусел, з іншымі роднымі, але забытымі словамі. Для мяне гэта знак таго, што мова ў Беларусі будзе жыць, нягледзячы на тое што цяпер нават у вёсках гавораць на «трасянцы». Я і сам, дарэчы, раней ніколі не меў патрэбы ў слоўніку, а цяпер, без практыкі, усё часцей заўважаю, што падчас размовы па-беларуску ўстаўляю або польскае, або расійскае слова. 

А трэцяя прычына, па якой мне хочацца вярнуцца на радзіму, – гэта прырода. Я аб’ездзіў мо з паўсотні краін свету (дакладна не лічыў), але нідзе не бачыў такой прыгажосці. Так, я прыеду ў матчыну хатку пад Ліду, але ёсць яшчэ адно месца, дзе мне хацелася б бываць, – гэта вёска Збляны. Неяк яшчэ з малымі дзецьмі, з жонкай мы прыехалі ў Ліду і сустрэліся з маім класным кіраўніком Марыяй Антонаўнай (дарэчы, яна выкладала беларускую мову), і яна прапанавала нам пажыць у яе пустой хаце у вёсцы Збляны. 
Мы правялі там два цудоўныя тыдні, дзеці былі ў захапленні ад Нёмана, белага пясочку, сонейка. Нарабілі шмат фотаздымкаў, перажылі і сонечныя дні, і дні з дажджамі ў драўлянай вясковай хаце. Уражанні засталіся незабыўныя. Як Бог дасць, абавязкова прыдбаю сабе хоць маленькую хатку ў Зблянах, бо месцы там цудоўныя...

Увогуле, заўсёды жадаў пабачыць Беларусь. Калі бываю ў Польшчы, стараюся ехаць аўтобусам, каб бачыць прыгажосць прыроды. Ніколі не быў на Палессі – думаю, што будзе цікава. Трэба будзе (хіба ўжо на пенсіі) навучыцца кіраваць аўтамабілем і атрымаць вадзіцельскае пасведчанне, бо ў Маскве свая машына нам не патрэбна, а ў Беларусі, калі хочаш усюды паспець і шмат чаго ўбачыць, транспарт неабходны. 

– Што яшчэ ў Беларусі здаецца прыцягальным?

– Ініцыятыва маладых. Я ведаю, што маладым цяпер няпроста, у іх цяжкасці з працай, жыллём, іншымі рэчамі, але яны весела ўсміхаюцца, маюць аптымізм, з якім пераадольваюць жыццёвыя праблемы. І, гледзячы на іх, я разумею, што будучыня ў маёй бацькаўшчыны ёсць. Гэтыя маладыя людзі, якіх я сустракаю ў Лідзе, маюць Боскую іскру, яны разумеюць, што чалавек жыве не толькі для працы, але і для сям’і, дзяцей. Такое стаўленне, дарэчы, адпавядае Бібліі, бо Бог стварыў чалавека не для выпрабаванняў і цяжкасцей, а для радасці.

– І калі наступным разам у планах наведацца дамоў?

– Ужо толькі на майскія святы. Прыеду, каб бацькоў адведаць ды бульбу пасадзіць. Спадзяюся, што надвор’е будзе добрае і яшчэ змагу ў якім-небудзь прыгожым куточку нашай Лідчыны пабываць.

Я, дарэчы, ведаючы, што ў Ліду вярнуся, ніколі не адракаўся ад беларускага грамадзянства, і мой цяперашні пашпарт сапраўдны аж да 2064 года. Ні ў адной краіне свету я не бачыў, каб пашпарт выдавалі да ста гадоў. 

А калi смерць усё ж нечакана спаткае мяне па-за межамi краiны, я ўсё роўна вярнуся на малую радзiму. Жонка i дзецi ведаюць, дзе мяне пахаваць – на могiлках каля вёскi Дварэц Дзятлаўскага раёна, каля любай бабулi, што мяне гадавала, на высокiм пагорку, дзе лёгкi пясочак, жвiрок, дзе расце ялавец, пахнуць хвойкi i цячэ лагодная рэчка Маўчадка...
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться