На табе сышоўся клінам белы свет. Сям'я Генец з Лідскага раёна адсвяткавала залатое вяселле

24 Марта 2019 1671
Калі вы не верыце ў каханне з першага погляду, то вам, Фамам няверуючым, варта прачытаць гэтую нататку – аб каханні двух людзей, якое ўспыхнула з аднаго погляду і доўжыцца вось ужо паўвека. 

Знаёмцеся: гэта Яніна і Канстанцін Генец з вёскі Даржы Ганчарскага сельсавета, якія адсвяткавалі залатое вяселле.

Гісторыя насамрэч здаецца неверагоднай. І пасля кожнага слова хочацца перапытваць мужа і жонку… Яны пазнаёміліся зусім выпадкова, сышліся ў вызначаны час у вызначаным месцы, сустрэліся позіркамі – і ўсё. Успыхнула іскра, якая прымусіла Яніну, што была ўжо заручаная з іншым чалавекам, забраць заяву з загса і падаць яе з іншым. Іскра, якая не дала ім больш ні дня жыць адзін без аднаго. 15 студзеня яны пазнаёміліся, а 1 лютага ўжо падалі заяву на роспіс. Гэта тая самая іскра, якая зрабіла іх шчаслівымі і робіць па сённяшні дзень, нягледзячы на тое што абодвум ужо за семдзесят. 

Азіраючыся на сваё жыццё, Яніна Феліцыянаўна і Канстанцін Паўлавіч упэўненыя, што іх звязаў лёс. Яшчэ задоўга да знаёмства з будучым нарачоным Яніна яго прысніла: ідзе невысокі, сутулаваты, у бушлаце. Вось такога і сустрэла. А потым яны проста сышліся ў пэўны час у пэўным месцы. Абодва жылі ў Мінску. Яна працавала ў доме-інтэрнаце, а ён пасля арміі застаўся звыштэрміноўшчыкам. Яніна здымала кватэру, а побач жыла яе сястра, муж якой служыў разам з Канстанцінам. 

Аднойчы ў гасцях у сястры Яніна ўбачыла яго. У яе заставалася два тыдні да роспісу з іншым. Але ёй ужо не трэба было вяселля, бо з’явіўся іншы, якога пакахала без аглядкі.

Яны пажаніліся 19 сакавіка, а вяселле гулялі 12 красавіка (калі скончыўся пост) – на два канцы, у бацькоў Яніны Феліцыянаўны ў Стаўбцоўскім раёне і на малой радзіме Канстанціна Паўлавіча ў Навагрудскім. Пасля яшчэ год пражылі ў Мінску. Там жа нарадзілася іх старэйшая дачка. А потым у Канстанціна Паўлавіча скончыўся кантракт і ён вырашыў змяніць ваенную прафесію на грамадзянскую. Праўда, жонцы, якая была з дачкой у бацькоў, нічога не сказаў. Сам прыняў рашэнне, знайшоў новае месца, працу, жыллё.

У Даржах у той час будаваўся льнозавод. Для супрацоўнікаў узвялі дамы. Адзін пакой трохпакаёвай кватэры далі сям’і Генец. У суседніх пакоях кватаравалі іншыя работнікі. З часам іх рассялілі. Сям’і Генец далі два пакоі. А трэці, расказвае Яніна Феліцыянаўна, ніяк не хацелі аддаваць. У сям’і ўжо было трое дзяцей, і рашучая гаспадыня не вытрывала – заняла яго сама. Так і стала кватэра іхняй поўнасцю.

Канстанцін  Паўлавіч  працаваў брыгадзірам, потым слесарам. На пенсію выходзіў сантэхнікам. Яніна Феліцыянаўна – на тым жа льнозаводзе сарціроўшчыцай.

– Дзякуй Богу, пражылі! Добра было і не вельмі – усяго хапіла, – гаворыць галава сям’і. – Галоўнае – дзецьмі можам ганарыцца, ні за аднаго не трэба чырванець.

– Добра жывём, – дадае гаспадыня. – Унукамі цешымся. У нас іх трое (вось-вось чакаем яшчэ аднаго, чацвёртага) і адзін праўнук. 

 Старэйшая дачка юбіляраў жыве ў Мінску, сын – у Гродне, а яшчэ адна дачка, Алена, – з імі, у Даржах. Гэта, як самі юбіляры кажуць, іх анёл-ахоўнік. Яна і падрыхтавала ім сюрпрыз. Да апошняга хавала, не раскрывала таямніцу. Сюрпрызаў увогуле аказалася шмат. Спачатку гэта было першае ў жыцці інтэрв’ю. Потым кур’ер даставіў вялізны букет ружаў (іх перадала з Мінска старэйшая дачка). Нарэшце, павіншаваць юбіляраў прыйшлі старшыня Ганчарскага сельсавета Валерый Калодка і кіраўнік спраў Людміла Ярмантовіч, а таксама супрацоўнікі Ганчарскага Дома культуры, вясёлыя і галасістыя, з песнямі і гармонікам. “Маладым” крычалі “Горка!” Яны танчылі вальс і ў акружэнні родных, суседзяў, сяброў былі шчаслівыя, як пяцьдзясят гадоў таму. А можа, яшчэ і больш. Бо ўсё ў жыцці так добра склалася!
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться