Што можна зрабіць дзякуючы ініцыятыве? Адказ – у рэпартажы журналіста “Лідскай газеты” з аграгарадка Беліца

21 Ноября 2018 1636

Паставіўшы перад сабой мэту расказаць чытачам, што можна зрабіць дзякуючы ініцыятыве, я накіравалася ў аграгарадок Беліца. Некаторы час назад праўленне КСУП “Беліца-Агра” перамясцілася ў будынак у Ганчарах. У такіх выпадках жыццё населенага пункта памаленьку прыціхае, што, мне здаецца, нельга сказаць пра Беліцу.

Старшыня мясцовага сельвыканкама Сяргей Кулеш, з якім сустрэлася, пералічыў цэлы шэраг сацыяльных устаноў (і не толькі), якія па-ранейшаму функцыянуюць у аграгарадку: школа з дзіцячым садком, бальніца, Дом культуры, магазіны і іншыя. І не толькі функцыянуюць, але і абнаўляюцца. Кіраўнік мясцовай улады прапанаваў наведаць некаторыя з іх.

Беліцкая школа

Так, напрыклад, зараз рамантуецца фасад будынка Дома культуры. Рабочыя прыватнага прадпрыемства “Імпульс” за кошт сродкаў раённага бюджэту ўжо выканалі значны аб’ём работ: свежымі фарбамі зіхаціць на сценах дэкаратыўная штукатурка, адрамантаваны ганак і іншае.

Рабочыя прыватнага прадпрыемства «Імпульс» абнаўляюць Дом культуры

Не пазнаць зараз і магазін Лідскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства “Родны кут”. Два тыдні таму назад тут закончыўся рамонт. Не толькі абнавілася памяшканне, але і змянілася абсталяванне. Усё прадумана да драбніц і з выкладкай тавару. “Тавару раней, можа, і не менш мелася, але яго не было бачна. А зараз – ну проста вочы разбягаюцца. Цудоўна, што мы дажылі да ўзроўню гарадскіх пакупнікоў!” – казала журналісту мясцовая жыхарка Станіслава Кедык.


У магазіне "Родны кут"

Задаволеныя жыхары Беліцы, што кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства знайшло магчымасць не перавесці ў Ганчары мясцовыя мехмайстэрні. Што ні кажы, а такі перавод – гэта некаторае памяншэнне колькасці працоўных месцаў, ды і да Ганчароў ад Беліцы добры кавалак дарогі.

Пайшлі насустрач мясцовым жыхарам і ў філіяле №413 ААТ “Ашчадны банк “Беларусбанк”. Стаяла пытанне, каб зачыніць у Беліцы стацыянарную кропку. Аднак, узважыўшы “за” і “супраць”, рашэнне прынялі на карысць вяскоўцаў. Хаця і з пераглядам графіка работы: зменшылася колькасць рабочых дзён. Дарэчы, у тым, што беліцкае аддзяленне запатрабаванае, пераканаўся журналіст, убачыўшы чаргу наведвальнікаў да акенца, за якім працуе Таццяна Шэндрык. Што ні кажы, а асвоіць плату праз камп’ютар ці інфакіёск лягчэй маладым – людзі шаноўнага ўзросту хочуць праводзіць усе аперацыі непасрэдна з работнікам банка.

Як быць на плаву

Тое, што, маючы імкненне і жаданне, можна трымаць установу на плаву, даказвалася не раз. Ёсць такія прыклады і ў Беліцы. Тут, у аддзяленні сувязі, як і паўсюдна ў аддзяленнях, практыкуюць, акрамя аказання непасрэдных паслуг, продаж спадарожных тавараў, на якія маецца попыт у сельскіх жыхароў. Выгада ад гэтага, як кажуць, узаемная.

Ці ўзяць наступны прыклад ініцыятывы. Тры гады назад лідчанка Алена Банцэвіч угаварыла дачку і зяця арганізаваць сваю справу. Паколькі мела за плячыма немалы стаж работы ў гандлі раёна, спынілася на знаёмым ёй накірунку. Узяўшы ў арэнду пустуючае памяшканне ў Беліцы, сям’я адкрыла прыватны магазін. Пакупнікоў не забракла. Хутка акупіліся ўкладзеныя ў адкрыццё справы грошы. “А ўтрымаць увагу людзей да гандлёвай кропкі можна, прытрымліваючыся простых правіл, – гаворыць Алена Банцэвіч. – Да кожнага чалавека трэба быць прыветлівым і прыслухоўвацца да пажаданняў, што ён хацеў бы бачыць на паліцах магазіна. Неабходна прымяняць прымальныя для людзей цэны на тавары, а таксама шукаць новых пастаўшчыкоў, каб здзіўляць пакупнікоў насычанасцю гандлёвых прылаўкаў. 

Прадавец прыватнага магазіна Алена Банцэвіч абслугоўвае пакупніка

У прыватным магазіне

Духоўнасць пацвярджаецца справамі

У Беліцы маюцца дзве культавыя ўстановы – царква і касцёл. І падтрымліваюцца яны ў многім імкненнямі і стараннямі людзей. Касцёл у Беліцы быў пабудаваны не так даўно і, як кажуць, з нуля. Асвячэнне яго прайшло ў 2011 годзе. Гэты прыгожы будынак уражвае сваёй велічнасцю як звонку, так і ўнутры. Зараз тут вядзецца аздабленне алтара венецыянскім тынкам пад мармур, што надае яшчэ большую прыгажосць. Як расказаў журналісту ксёндз Валянцін, пасля завяршэння работ, у жніўні 2019 года, плануецца правядзенне кансэкрацыі, удзел у якой прыме біскуп.

Дарэчы, вельмі ўражвае, што ў храме як удасканальваецца сучаснае, так і даецца новае жыццё старому. Так, напрыклад, увагу прыцягвае фігурка святога Яна Непамука, абаронцы ад паводак (што ў свой час было вельмі актуальна для населенага пункта, размешчанага на беразе Нёмана). Фігурцы больш за 300 гадоў. Раней яна размяшчалася над каплічкай, зараз, адрэстаўраваная, займае пачэснае месца ў касцёле.

Фігурка святога Яна Непамука

Калі размова заходзіць пра фундатараў будаўніцтва і добраўпарадкавання, ксёндз Валянцін называе цэлы шэраг прозвішчаў. Сярод іх Мечыслаў Жыгала, Марына Кіпель і іншыя. Дазнаўся журналіст, што хоць і не жывуць у Беліцы, але нямала сродкаў укладваюць у касцёл бацькі самога ксяндза Валянціна – Януш і Соф’я. 
Мясцовая царква Узвіжання Крыжа Гасподняга мае ўжо вялікую гісторыю. Будынак занесены ў спіс гістарычна-культурных каштоўнасцей рэспублікі. Царква была ўзведзена ў 1928 годзе і сёлета адзначыла свой юбілей. Да ўрачыстасцей з гэтай нагоды на ахвяраванні прыхаджан быў абноўлены фасад будынка, добраўпарадкаваныя дарожкі, ля іх устаноўлены лаўкі. Акрамя бацюшкі Іаана, для сваёй царквы многа робяць і прыхаджане. Сярод іх Аляксандра Лагода, Соф’я Паўлянкова, Феафанія Сабадаха і іншыя.

Беліцкая царква 

Дарэчы, на сённяшні дзень святара і прыхаджан непакоіць наступнае: вялікія старыя дрэвы растуць блізка ля царквы і могуць, упаўшы, пашкодзіць будынак.

Калі ўзяцца разам

Не магла прайсці журналіст і міма наступнага факта. Як вядома, абавязак сачыць за парадкам на могілках ускладзены на орган мясцовай улады. А вось старшыні сельвыканкама Сяргею Куляшу, лічы, пашанцавала з Беліцай. З ініцыятывай навесці парадак на беліцкіх каталіцкіх могілках выступілі ўраджэнка Беліцы Алена Марчукевіч, ксёндз Валянцін і мясцовы жыхар Фелікс Мараўскі. Дарэчы, Фелікс Мараўскі актыўна ўзяўся за справу. Хадзіў чысціць могілкі кожны дзень як на працу. Падключыліся і іншыя прыхаджане.

Ксёндз Валянцін у касцёле

– Прыемна, што гэта былі не толькі католікі, але і праваслаўныя, – расказвае Фелікс Дамінікавіч. – Вось закончым усе разам наводзіць парадак на каталіцкіх могілках – пяройдзем на праваслаўныя. Справімся тут – возьмемся за ачыстку старых татарскіх і яўрэйскіх могілак. У Беліцы заўсёды ў ладзе і міры жылі прадстаўнікі розных народаў і веравызнанняў.

– А ці не пройдзе ў вяскоўцаў імпэт навесці парадак на ўсіх могілках? – спытаў журналіст.

– Мяркуем, што не, – адказала на гэта стараста Беліцы Ганна Шулейка. – Людзі ў нас старанныя, гатовыя адгукнуцца на добрую справу.

Стараста Беліцы Ганна Шулейка

Дарэчы, памяць аб тых, хто адышоў у нябыт, захоўваюць і школьнікі. Школы сельсавета, і Беліцкая ў прыватнасці, шэфствуюць над помнікамі загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Тандэм на карысць


Пра жыхара Беліцы Фелікса Мараўскага нельга не згадаць асобна. Чалавек ён актыўны. Разам з зацікаўленымі арганізацыямі, якія рашаюць пытанне, выступае, як гаворыцца, з ініцыятывай знізу. Гэтая ініцыятыва ў пэўнай ступені дапамагла атрымаць Беліцкай бальніцы новую машыну. Зараз дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянцін Міхневіч, дзякуючы звароту Мараўскага, прапрацоўвае пытанне магчымасці будаўніцтва дарожнага кальца побач з Беліцай, на перасячэнні дарог Вільнюс – Брэст і Жалудок – Дзятлава. Справа ў тым, што неабходнасць унесці пэўныя карэктывы відавочная: на скрыжаванні адбываюцца аварыі, і нават з ахвярамі.

 – Гэта добра, калі ёсць памочнікі з народу, якія стараюцца дзеля агульнай карысці. Прычым дапамагаюць мясцовай уладзе не толькі на словах, але і рэальнымі справамі, – кажа Сяргей Кулеш.

Старшыня Беліцкага сельвыканкама Сяргей Кулеш

Безумоўна, рашэнне значных, глабальных пытанняў ляжыць у першую чаргу на сельвыканкаме. На пытанне, што на дадзены момант хвалюе орган мясцовай улады, Сяргей Кулеш адказвае, што ў парадку дня стаіць праблема стану дарог. Таксама непакоіць, што з закрыццём мясцовых палігонаў больш смецця стала ў лесе і прыдарожных канавах. І хоць устаноўлены кантэйнеры, якія абслугоўвае ЖКГ, не ўсякія адходы туды выкінеш, а везці далёка, на палігон “Харужаўцы”, не кожны жадае. Гэтым пытанням і трэба знаходзіць рашэнне.

***

У канцы хацелася б згадаць прытчу, якую расказаў журналісту святар беліцкай царквы бацюшка Іаан. Чым адрозніваецца пчала ад мухі? Муха, пастаў ёй цэлы вагон дабра, усё роўна брыдоту знойдзе, а працавітая пчолка сярод забруджанага знойдзе кветачку, аблашчыць яе, каб квітнела ўсім на радасць. Гэтыя маленькія працаўніцы дапамагаюць ярчэй зіхацець фарбам жыцця.



Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться