Калектыў дзяржаўнай установы адукацыі «Лідская дзіцячая школа мастацтваў» узнагароджаны Ганаровай граматай Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

19 Октября 2018 2078

Такая высокая адзнака атрымана за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм і значны ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай культурнай палітыкі.

“Урачыстая імпрэза, на якую былі запрошаны ўдастоеныя ўзнагарод калектывы і работнікі сферы культуры з усіх абласцей рэспублікі,  у тым ліку і Гродзенскай, ладзілася ў Мінску,  на базе Нацыянальнага акадэмічнага тэатра Янкі Купалы, -- дзеліцца ўражаннямі дырэктар ДУА “Лідская дзіцячая школа мастацтваў” Алена Спірына. – Нават з першых крокаў па фае будынка адчуваліся атмасфера свята, вялікая павага да ўдзельнікаў дэлегацый.

Падчас цырымоніі ўзнагароджання   калектыў  Лідскай дзіцячай школы мастацтваў назвалі першым. Калі я паднімалася на сцэну, адчувала хваляванне і ,вядома, гонар за наш калектыў, за сферу культуры раёна, якую прадстаўляем, і за Лідчыну наогул.  Узнагароду ўручаў Міністр культуры Юрый Паўлавіч Бондар. Ён паціснуў мне руку, звяртаючыся па імені і імені па бацьку, падзякаваў за тое, што калектыў плённа працуе з падрастаючым пакаленнем і  дасягнуў значных вынікаў”.

А дасягненніі   Лідскай дзіцячай школы мастацтваў сапраўды значныя. Навучэнцы навучальнай установы пастаянна становяцца пераможцамі розных міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных конкурсаў і фестываляў. Толькі за апошні час  сваё выканальніцкае майстэрства вучні прадэманстравалі  ў 19 фестывалях і фестывалях-конкурсах рознага ўзроўню і атрымалі больш за 120 дыпломаў.  33 навучэнцы школы заахвочаны спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.   За апошнія два гады ў вышэйшыя і сярэдне-спецыяльныя навучальныя ўстановы культуры і мастацтва паступілі 17 выпускнікоў. А наогул, у Лідскай дзіцячай школе мастацтваў развівае свае здольнасці каля шасці з паловай сотняў рабят.

У школе  дзейнічаюць два  калектывы: ансамбль танца “Забавушка” і духавы аркестр. І тое, што яны носяць званне “ўзорны”, гаворыць аб высокім выканальніцкім узроўні іх удзельнікаў.

У 2008 годзе ў школе была пачата традыцыя правядзення Рэгіянальнага фестывалю-конкурсу дзіцячага мастацтва “ЛьВенок” (“Лідскі вянок”). У ім прымалі ўдзел навучэнцы дзіцячых школ мастацтваў з усіх рэгіёнаў Беларусі. З часам фестываль-конкурс набыў заслужаную вядомасць, папулярнасць і павагу сярод вучняў і настаўнікаў устаноў дадатковай адукацыі Рэспублікі Беларусь. За гэтыя гады не толькі пашырылася геаграфія і павялічылася колькасць удзельнікаў. Пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі саюз музычных дзеячаў” і “Беларуская асацыяцыя духавых аркестраў і ансамбляў” фестываль-конкурс атрымаў статус рэспубліканскага.

У цяперашні час Рэспубліканскі фестываль-конкурс дзіцячага мастацтва “ЛьВенок” (“Лідскі вянок”) – гэта культурны форум, які на сваіх пляцоўках за гады існавання сабраў больш за 15 тысяч удзельнікаў з усёй рэспублікі, а таксама Расіі,  Літвы і Украіны.

“Высокая ўзнагарода -- Ганаровай граматай Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь –   заслуга ўсяго нашага калектыву. Яна ўскладвае на нас і пэўны абавязак. Мы разумеем, што і  далей трэба не толькі трымаць марку, але і імкнуцца да новых дасягненняў”, -- адзначае Алена Спірына.

У складзе дэлегацыі Гродзенскай вобласці.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться