У Лідскім раёне прайшло свята лёну, жаночага рамяства і рукадзелля (фота)

01 Ноября 2017 1032

Ёсць рэчы, якія валодаюць дзіўнай здольнасцю паварочваць час назад і пераносіць у атмасферу побыту мінулых пакаленняў. Пабываўшы на свяце “Алена-льняніца”, якое адбылося ў Ганчарскім Доме культуры, гледачы на свае вочы пераканаліся, наколькі цяжка нашым продкам было вырошчваць и апрацоўваць лён, наколькі таленавітыя, між іншым, яны былі ў такім традыцыйным відзе рукадзелля, як ільняное ткацтва, і якія выдатныя рэчы могуць ствараць сёння майстрыхі рэгіёна.

– Пры нашым клубе ўжо чатыры гады існуе фальклорнае аматарскае аб’яднанне “Ульяніца”, – распавядае загадчыца філіяла “Ганчарскі Дом культуры” Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Булай. – Тры гады таму жанчыны з гэтага аб’яднання загарэліся жаданнем адрадзіць традыцыйны нацыянальны промысел. Разам мы распрацавалі анімацыйна-рэалістычную праграму “Калі да лёну з паклонам – аддзячыць добра лён”, дзе паказваем усе этапы ручной апрацоўкі льну, частуем стравамі з ільнянога семя. З гэтым праектам “Ульяніца” аб’ездзіла ўжо амаль увесь Лідскі раён. Былі таксама ў Гродне, дзе нашымі напрацоўкамі зацікавіліся і нават ацанілі дыпломам упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. А вось свята “Алена-льняніца” – гэта новая форма работы, так сказаць, спроба ўнесці штосьці новае ва ўжо існуючы праект, у прыватнасці, сабраць сучасных майстрых з розных куткоў Лідчыны, каб яны падзяліліся сваімі сакрэтамі працы з ільном.

14

І яны: Ніна Глаўдзель з аграгарадка Ходараўцы, Святлана Чайко з Мінойт, Алена Рудзінская з Ганчароў, Ала Малец з аграгарадка Беліца, Кацярына Санюк з аграгарадка Пескаўцы – з радасцю дзяліліся. Паказвалі, як па-рознаму можна выкарыстоўваць ільняныя тканіны, як віртуозна дадаваць насенне лёну ў звыклыя стравы. Кулінарны конкурс, дарэчы, быў адным з самых цікавых і пазнавальных. Кісель, квас, аладкі, хлеб – чаго толькі не прапанавалі гаспадынькі паспрабаваць журы і гледачам!

37

41

3839

43

І калі журы, у складзе якога былі адны мужчыны, з задавальненнем лакамілася прысмакамі, то глядачкі-жанчыны больш цікавіліся самой рэцэптурай страў. Найбольшы ажыятаж выклікаў хлеб з ільняной мукі, які спякла ўдзельніца з Ганчароў Алена Рудзінская.

– Рэцэптам карыстаюся ўжо, мабыць, тры-чатыры гады, – распавядае канкурсантка. – Хлусіць, што ён дастаўся мне па спадчыне ад бабулі, не стану. Хаця я добра памятаю, як мы дапамагалі ёй прыбіраць уручную з палёў лён, як падымалі яго, звязвалі ў снапы. У памяці засталіся карцінкі, як мы дзецьмі бегалі вакол кроснаў, пакуль бабуля ткала... А вось кулінарных страў з даданнем насення лёну не прыпомню, хіба што кісель. Таму рэцэпт хлеба я знайшла ў Інтэрнэце. Праўда, з таго часу як мінімум некалькі разоў у год я пяку яго ў духоўцы.

40

А інгрэдыенты патрабуюцца наступныя: 2 шклянкі пшанічнай мукі, 2 сталовыя лыжкі ільняной мукі, 3 лыжкі насення лёну, дробка сухіх дрожжаў, 1 чайная лыжка мёду, столькі ж солі і паўтары шклянкі вады або сыроваткі. У цёплай сыроватцы растварыць сухія дрожжы з мёдам.

У ільняную муку дадаць прасеяную пшанічную муку, соль і насенне. Замясіць цеста так, каб яно заставалася трохі ліпкім. Накрыць і даць час падняцца разы ў два. Затым цеста добра абмяць. Злёгку вышмараваць алеем форму, пакласці ў яе будучы хлеб і зноў даць яму пастаяць яшчэ хвілін 30. Выпякаць пры тэмпературы 200 градусаў прыкладна 50-60 хвілін.

Хлеб атрымліваецца сапраўды вельмі смачным. Можа, менавіта гэты факт і праклаў шлях да сэрца журы, якое аднагалосна выбрала жыхарку аграгарадка Ганчары Алену Рудзінскую пераможніцай конкурсу “Алена-льняніца” і ўручыла ёй «карону»?!

7

4849

Іншыя ўдзельніцы таксама не былі абдзеленыя ўвагай. Тытул “Алена-працаўніца” дастаўся Алёне Малец з Беліцы, “Алена-чараўніца” – Святлане Чайко з Мінойт. Жыхарка Ходараўцаў Ніна Глаўдзель стала “Аленай-пяшчотай”, а яе суседка з аграгарадка Пескаўцы Кацярына Санюк – “Аленай-летуценніцай”.

45

46

…Праца з ільном – гэта спрадвечны занятак нашых продкаў, і выдатна, што ў нашых сучаснікаў прачынаецца цікавасць да яго. Як пацверджанне, удзельніц фальклорнага аматарскага аб’яднання “Ульяніца” запрасілі прадэманстраваць традыцыйны промысел ручной апрацоўкі лёну на абласным фестывалі-кірмашы “Дажынкі”, які пройдзе 18 лістапада ў Свіслачы.

8

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

1

4849

1

1

33

3534

36

44

12

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться