Члены літаб’яднання «Суквецце» пры рэдакцыі «Лідскай газеты» наведалі Лідскі пагранатрад

30 Июля 2016 2646

Сапраўдным днём паэзіі стала мінулая нядзеля ў Лідскім пагран-атрадзе. У рамках Года культуры пагранатрад запрасіў у госці літаратараў – членаў літаб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”, – каб яны выступілі перад вайскоўцамі тэрміновай службы. Суквеццеўцы запрашэнне з радасцю прынялі. Сустрэча іх з маладымі пагранічнікамі адбылася ў мінулую нядзелю ў клубе воінскай часці Паўночнага гарадка, і прайшла яна ў цёплай, гасціннай атмасферы.

Спачатку кіраўнік літаб’яднання Алесь Хітрун коратка азнаёміў маладых вартавых граніцы з сучасным літаратурным жыццём Лідчыны, з дзейнасцю “Су-квецця” і доміка Таўлая – месца сустрэч лідскіх літаратараў. Затым асобныя свае вершы зачыталі перад прысутнымі лідскія паэты Таццяна Сямёнава, Алесь Хітрун, Алесь Мацулевіч, Юлія Палякова. Гэта былі вершы і ваенна-патрыятычнай тэматыкі, і на гістарычную тэму, і пра каханне. У выкананні Таццяны Сямёнавай і Алеся Хітруна прагучалі таксама гумарыстычныя замалёўкі і карацелькі.

Сябруюць з “Суквеццем” не толькі тыя, хто сам піша вершы, але і тыя, хто выконвае песні на вершы іншых аўтараў, займаецца перакладамі альбо можа з артыстычным майстэрствам прадэкламаваць чый-небудзь твор. Так, песні на вершы беларускіх класікаў выканаў пад гітару бард Сяргей Чарняк, “Баладу пра беларускую школу” лідскага паэта Станіслава Судніка і кампазіцыю “Гэта каханне” з твораў Уладзіміра Маякоўскага і Жака Прэвера (ва ўласным перакладзе на беларускую мову) выканаў мастак-пастаноўшчык Лідскага народнага драматычнага тэатра Алег Лазоўскі.

Было бачна, што выступленні творчых людзей Лідчыны зацікавілі салдат-тэрміноўшчыкаў, сустрэча не пакінула іх абыякавымі, яны дакрануліся да мастацкага слова, атрымалі ўяўленне аб лідскім літаратурным жыцці, аб асобных лідскіх творцах.

Для гасцей-літара-тараў пасля сустрэчы культарганізатарам Лідскага пагранатрада Анастасіяй Яловік была праведзена экскурсія па ваенна-патрыятычным музеі часці.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться