У вёсачцы Зінавічы Лідскага раёну адзначылі і свята вёскі, і дзень нараджэнне вяскоўкі

31 Июля 2016 2778

Свята бывае не толькі на вялікай вуліцы... Прыйшло яно ў мінулую нядзелю і ў маленькую вёсачку Зінавічы Ходараўскага сельсавета. Жывуць тут пастаянна ўсяго трынаццаць чалавек, а на свята прыйсці змаглі і таго менш. Але былі на ім тыя, хто прыязджае з гарадоў у Зінавічы на лета, у адпачынак або на выхадныя, хто не забывае дарогу дамоў, нават калі ўжо няма старых бацькоў, тыя, каго нябачныя ніці адусюль ды нягледзячы ні на што вядуць да родных хатаў. Так свята маленькай вёскі стала сапраўдным вялікім святам.

Павіншаваць жыхароў Зінавіч прыехалі старшыня Ходараўскага сельвыканкама Валянціна Валюк і артысты мастацкай самадзейнасці Голдаўскага клуба-бібліятэкі. Арганізатары свята ўспомнілі, лічы, кожнага мясцовага жыхара: хто доўга і годна ў Зінавічах жыў, хто працаваў не пакладаючы рук і сваёй працай заслужыў добрую памяць. Сярод названых гучала прозвішча мужа і жонкі Жалукевічаў, якія сёлета адлічваюць 57-ы год сумеснага жыцця.

Для ўсіх зінавіцкіх жыхароў, для вёскі і роднай зямлі ў выкананні самадзейных голдаўскіх артыстаў гучалі песні. Дарэчы, была сярод іх адна незвычайная артыстка – пяцікласніца Насця Карабач, продкі якой паходзяць якраз з Зінавіч. Тут, у гэтай вёсцы, жыла калісьці Насціна прабабуля Любоў Гарбіна. Тут нарадзілася бабуля. І нават хата іх тут ёсць. Насця, нягледзячы на свой юны ўзрост, добра ведае гісторыю сваёй сям’і і сцежку да хаты.

Свята атрымалася надзвычай цёплым і па-сапраўднаму сямейным. У адной з прысутных жанчын, якая прыязджае ў Зінавічы ў бацькоўскі дом, на гэту дату выпаў дзень нараджэння. Святкавалі яго ўсёй вёскай за накрытым на падворку сталом.

Гледачы падпявалі артыстам. Пад гукі кранальных песень пра маму, вёску, маладосць раз-пораз выціралі з вачэй слёзы, а сэрцы тым часам поўніліся любоўю да маленькага, але самага дарагога куточка на зямлі.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться