Хрысціна Лялько: «Я з тых, хто рукамі і зубамі трымаецца за родную зямлю»

18 Мая 2016 5820

Хрысціна Лялько – аўтар кніг прозы “Дарога пад гару”, “Світанак над бярозамі”, кніг паэзіі “На далонях любові”, “Адвячорак”. У яе апрацоўцы выйшаў зборнік народных казак “Хітрэй свету не будзеш”. Пераклала на беларускую мову кнігі Папы Рымскага Яна Паўла II, творы Яна Твардоўскага і іншых польскіх пісьменнікаў і тэолагаў. Нядаўна, 30 сакавіка, Хрысціна Аляксееўна адзначыла свой 60-гадовы юбілей.

З асноўнымі вехамі жыцця пісьменніцы-юбіляра прысутныя азнаёміліся дзякуючы відэаматэрыялам, падрыхтаваным работнікамі бібліятэкі. Таксама адбыўся відэапрагляд фотаздымкаў з асабістага архіва Хрысціны Лялько.

– Люблю прыязджаць да вас на Лідчыну, на свой родны хутар каля вёскі Хадзюкі, – шчыра прызнавалася пісьменніца ў час сустрэчы. – Сваю малую радзіму я ніколі не забываю, у якім бы кутку свету ні знаходзілася (а за сваё жыццё мне давялося пабываць у многіх краінах Еўропы, у Індыі і нават на Кубе). Усюды я ўспамінаю свой родны хутарок, на ім я быццам бы занава нараджаюся, адчуваю прыліў жыццёвых сіл. На Лідчыне, на белагрудскіх могілках, пахавана мая мама. Увогуле, я з тых, хто, як кажуць, рукамі і зубамі трымаецца за сваю родную зямлю.

Трэба адзначыць, што ра-зам з Хрысцінай Лялько ў Ліду на гэты раз прыехала і яе мінская сяброўка – дырэктар мінскага выдавецтва “Про Хрысто”, у якім выдаюцца часопісы “Наша Вера” і “Ave Maria”, Аліна Новікава. Менавіта яна некалі пераканала Хрысціну Аляксееўну ў патрэбнасці перакладу польскамоўных літургічных тэкстаў, тэалагічных твораў на беларускую мову. Хрысціна Лялько і Аліна Новікава ўспаміналі, як у 90-я гады ствараліся вышэйназваныя каталіцкія часопісы, як за блага-славеннем на выхад гэтых часопісаў Хрысціна Аляксееўна ездзіла на аўдыенцыю да самаго Папы Рымскага Яна Паўла II.

nnn

– Дзякуючы гэтым выданням многія класікі беларускай літаратуры былі раскрыты для чытача і як у некаторым сэнсе хрысціянскія пісьменнікі, – расказвае Хрысціна Лялько аб сваіх часопісах. – Многія сучасныя вядомыя пісьменнікі сталі друкавацца і ў “Нашай Веры”. Вакол часопіса згуртавалася пэўнае кола творчай і навуковай інтэлігенцыі.

Расказвала пісьменніца і аб сваёй перакладчыцкай дзейнасці, у прыватнасці – аб рабоце над перакладам “Дзённіка” святой Фаўстыны Кавальскай (кнігі больш чым у тысячу старонак), якая заняла два гады.

– Гэтыя два гады я лічу самымі благаславёнымі ў маім жыцці, – прызнаецца Хрысціна Аляксееўна. – Знаёмства з “Дзённікам” многае для мяне адкрыла. Прызнаюся, па жыцці мне заўсёды цяжка было быць пакорлівай – святая Фаўстына правяла мяне праз школу пакорлівасці, і зараз я гэтаму вучуся і адчуваю, што жыць мне стала неяк лягчэй.

У рамках творчай сустрэчы таксама адбылася прэзентацыя новай кнігі вершаў і перакладаў Хрысціны Лялько “Адвячорак”. Дарэчы, адзін з экзэмпляраў гэтай кнігі пісьменніца падарыла рэдакцыі “Лідскай газеты”, памятаючы, што яе першыя вершы, тады 15-гадовай дзяўчыны, былі апублікаваныя менавіта ў нашай газеце “Уперад”.

avt

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться