Упершыню ў вёсцы Даржы Ганчарскага сельсавета адбылося свята льну

21 Сентября 2015 3468

У народзе кажуць: “Пасееш лён – збярэш золата”. Ільняныя вырабы сёння – гэта вельмі дарагі і, што больш важна, эксклюзіўны прэзент. Зрабіць такі падарунак – значыць перадаць чалавеку часцінку станоўчай энергетыкі. Але гэтае багацце дастаецца сельскім працаўнікам нялёгка. Культура любіць, каб яе добра даглядалі: палолі і падкормлівалі. Не зробіш гэта як след – і знізіцца ўраджай.

Ужо ў пачатку свята са сцэны ліліся добрыя словы, гучалі меладычныя песні, якія ўслаўлялі галоўнае багацце нашай краіны. Але асабліва даспадобы прыйшоўся ўсім прысутным даўнейшы абрад апрацоўкі льну. Аказваецца, каб здабыць ільнасемя і льновалакно, патрэбна доўгая, карпатлівая праца. І артысты Ганчарскага Дома культуры нагадалі некаторыя з яе момантаў. Спачатку яны абмалацілі снапкі пранікамі, затым саломку рассцялілі. Тут жа падымалі трасту, вязалі ў вязанкі, мялі, трапалі і г. д. На жаль, этапы апрацоўкі льну памятае толькі старэйшае пакаленне. Бабулі перашэптваліся, прыгадваючы сваю маладосць. Для нас жа, сучасных маладых людзей, усё ўбачанае казалася нейкім цудам, што прыйшло з глыбокай даўніны.

– Праводзіць святы ў вёсачках на Лідчыне стала добрай традыцыяй, – звярнулася да прысутных старшыня Ганчарскага сельскага Савета Ніна Урбановіч. – Нядаўна ў Крупаўскім сельсавеце праходзіла свята лета, у Тарноўскім – свята сякеры. Цяпер і вёска Даржы сустракае артыстаў і гасцей, каб успомніць нашых працаўнікоў і ветэранаў, якія доўгія гады аддалі працы на мясцовым заводзе. Сёння мы іх ушаноўваем, для іх гучаць цёплыя словы і апладысменты.

лён

Перагортваючы старонкі гісторыі, усе ра-зам прысутныя нагадалі асноўныя вехі з жыцця прадпрыемства: што менавіта ў 1968 годзе на Лідчыне, у вёсцы Даржы, пачалося будаўніцтва завода па перапрацоўцы льносаломы і льнотрасты. Першым дырэктарам быў Фёдар Паўлавіч Лукін, які ўзваліў на свае плечы ўсе клопаты па будаўніцтве і запуску аб’екта. З пачатку дзейнасці завода лён вырошчвалі на палях бліжэйшых калгасаў, ільногалоўкі аддзялялі на палях, саломку вязалі ўручную ў снапы і звозілі на завод. Праца была наладжана ў тры змены, па дваццаць чалавек у кожнай. А вось тэхнікі было мала: усяго тры аўтамабілі і чатыры трактары. Нягледзячы на цяжкасці, з цягам часу завод ператварыўся ў буйное прадпрыемства. Некалькі год назад тут адкрылі новы цэх. Яго прадукцыя – харчовае і тэхнічнае льняное масла – новы накірунак вытворчасці. Па разліках эканамістаў, ён абяцае калектыву немалы прыбытак.

лён

У гэты час на імправізаваную сцэну адзін за другім выходзілі людзі, дзякуючы якім ільнозавод стаў працаваць і працуе па сённяшні дзень. Усім ім былі ўручаны памятныя падарункі ад прафсаюзнага камітэта адкрытага акцыянернага таварыства “Лідлён”. А затым свята прадоўжылася. Напачатку паказам мадэлей з ільняной тканіны ад аб’яднання “Мой стыль” Мінойтаўскага культурна-дасугавага цэнтра, а затым вясёлым канцэртам ад ан-самбля народнай музыкі “Гудскi гармонiк”.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться