Адбылася прэзентацыя першага зборніка паэзіі Алеся Мацулевіча «Леў і ключы»

24 Апреля 2015 4107

На мінулым тыдні ў літаратурным аддзеле гісторыка-мастацкага музея падчас пасяджэння літаб’яднання “Суквецце” пры “Лідскай газеце” адбылася прэзентацыя першага зборніка паэзіі Алеся Мацулевіча “Леў і ключы”.

Асоба гэтага паэта на Лідчыне не патрабуе прадстаўлення. Не першы год Алесь працуе ў рэдакцыі “Лідскай газеты”. Акрамя публіцыстыкі, ён актыўна выступае ў паэзіі. Яго вершы перыядычна друкуюцца на літаратурнай старонцы “Лідскай газеты”, змяшчаліся яны і ў літаратурна-мастацкім часопісе “Верасень”.

Хацелася б адзначыць і той факт, што валоданне майстэрствам слова – агульная рыса Алеся і яго роднага брата Валерыя (роўна паўгода таму быў прэзентаваны другі па ліку зборнік паэзіі Валерыя Мацулевіча). Унікальны почырк братоў характарызуюць глыбокая думка, ёмістыя мастацкія вобразы, выверанасць і дакладнасць пабудовы твораў. Ёсць у іх творчасці і адрозныя рысы: Валерый больш працуе ў напрамку філасофскай лірыкі, Алесь – гістарычнай.

Зборнік “Леў і ключы”, як адзначае сам аўтар, прысвечаны гораду Лідзе, яго людзям, яго мінуўшчыне і сучаснасці. Складаецца ён з дзвюх частак, вершы адной адлюстроўваюць гісторыю горада, другой – сучаснае жыццё. Акрамя двух раздзелаў, у кнігу ўвайшлі цыкл вершаваных эцюдаў, некалькі гістарычных паэм і гістарычная драма “Чырвоная ружа”. “Я імкнуўся, каб, падарожнічаючы па старонках маёй кнігі, – піша ў прадмове аўтар, – чытач напоўніўся гонарам за свой горад з багатай гісторыяй, горад, які харашэе год ад года і ўпэўнена глядзіць у будучыню. Як леў змагаўся горад у розныя часы з захопнікамі. Ключы ад светлай будучыні – у руках яго сённяшніх жыхароў”. У якасці пралога да зборніка выбраны верш “Роднаму гораду”, які ўжо стаў песняй (музыку да яго напісаў кампазітар з Астраўца Аляксандр Якіменка), што прагучала на святкаванні 690-годдзя Ліды. 

Выказалі словы віншавання аўтару і далі ацэнку яго зборніку першыя чытачы, сярод якіх сябры і знаёмыя, калегі па паэтычнаму цэху і прафесіяналы: галоўны рэдактар “Лідскай газеты” Кацярына Серафіновіч, рэдактар часопіса “Лідскі летапісец” Станіслаў Суднік, а таксама госці з Мінска – беларуская паэтэса і літаратуразнавец, кандыдат філалагічных навук Ірына Багдановіч і даследчык гісторыі беларускай літаратуры, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Ігар Запрудскі. Дарэчы, госці адзначылі ўменне аўтара “ўжыцца” ў эпоху, якую адлюстроўвае ў сваіх гістарычных вершах, перадаць яе каларыт.

macul

– Задумка выпусціць зборнік існавала ў мяне даўно, матэрыял збіраўся паступова, – дзяліўся Алесь Мацулевіч. – Пры напісанні гістарычных твораў мне значна дапамагла кніга “Памяць. Лідскі раён”, пры падрыхтоўцы цыкла аб сучаснасці – вопыт журналісцкай працы. У зборніку ёсць і адна п’еса – мая першая спроба ў драматургічным жанры. Мне захацелася пафантазіраваць, як маглі дзейнічаць, што гаварыць, што адчуваць гістарычныя асобы Вялікага княства Літоўскага пачатку ХVІ стагоддзя. Першапачаткова п’еса называлася “Апошняе лета Аляксандра” (тагачаснага вялікага князя літоўскага і караля польскага) і толькі пазней атрымала назву “Чырвоная ружа”. Чырвоная ружа – гэта зборны вобраз перамогі, кахання, жыцця, усё з’ядналася ў ім.

Дарэчы, многія прыхільнікі творчасці Алеся Мацулевіча заўважаюць, што яму трэба працягваць працаваць менавіта над гістарычнай тэматыкай. Сам Алесь на гэта кажа: “Усё, што натхняла мяне па тэме гісторыі, ужо напісана”, – хаця сам жа і абвяргае гэтую думку: “Нядаўна ў мяне з’явіўся верш у гонар Вялікай Перамогі. Перадгісторыя такая: калісьці, яшчэ ў 2010 годзе, у “Лідскай газеце” быў надрукаваны артыкул аб тым, як сустракалі ў Лідзе 9 мая 1945 года. Магчыма, першым у нашым горадзе вестку аб капітуляцыі Германіі пачуў радыст Васіль Гняздзілаў. Ён у спешным парадку змайстраваў гучнагаварыцель і вывесіў яго на дрэве, каб гэтую вестку пачулі ўсе лідчане. Гэты факт падштурхнуў мяне напісаць верш “Голас са старога дрэва”.

Сярод водгукаў чытачоў на зборнік “Леў і ключы” неаднаразова гучала пажаданне аўтару, не адкладваючы, рыхтаваць другі зборнік. “Матэрыял часткова ёсць (у першы зборнік уключаны вершы 2012-2013 гадоў, а больш новыя, 2014-2015 гадоў, у кнігу не ўвайшлі), – кажа аўтар, – але, напэўна, з’явіцца чарговы зборнік яшчэ не хутка”. І тут хочацца запярэчыць аўтару: як сам ён у прадмове да кнігі кажа, час ляціць, а памяць застаецца.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться