Дом Таўлая запрашае у госці да пісьменніка, які карыстаўся чарніліцай і друкавальнай машынкай

14 Июня 2022 1933

У Таўлая пабываем – кнігі пачытаем. Так-так, у Доме паэта Валянціна Таўлая цяпер ёсць і… свая бібліятэка. З нядаўняга часу ў гэтым будынку па вуліцы Замкавай, на другім паверсе, працуе экспазіцыя-пакой адкрытага захоўвання “Бібліятэка пісьменніка”, у якой багата кніг. Пакой стылізаваны пад 70-80-я гады мінулага стагоддзя і ўяўляе сабой хатнюю бібліятэку пісьменніка тых часоў.

– Тут мог працаваць пэўны дзеяч літаратуры, – расказвае куратар Дома Таўлая, навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алесь Хітрун, – пісаць вершы альбо прозу, прымаць свайго аднадумца, з якім мог бы пагутарыць адзін на адзін, падзяліцца сваёй творчасцю, абмеркаваць той ці іншы твор, не выносячы заўвагі на агульны пісьменніцкі суд. На паліцах, як і належыць пісьменніцкай бібліятэцы, мноства кніг. На стале – чарніліца, друкавальная машынка, радыёпрыёмнік. Экспанаты для пакоя ўзяты з фондаў Лідскага гісторыка-мастацкага музея, кнігі для “хатняй бібліятэкі” перададзены жыхарамі горада (галоўным чынам гэта творы класікаў беларускай і рускай літаратуры). Ёсць у бібліятэцы і энцыклапедыі – памочнікі пісьменніка ў рабоце над творамі, матэрыялы па гісторыі Лідчыны.

– Паэтэса Ніна Тарас успамінала, што ў Валянціна Таўлая, у гэтым доме, дзе ён жыў у Лідзе, таксама была вялікая бібліятэка, – адзначае куратар літаратурнага музея. – Але ў час вайны гэтая бібліятэка была знішчана. І вось мы вырашылі ў Доме Таўлая зноў абсталяваць бібліятэку пісьменніка, няхай і не перадваеннага, а больш позняга часу, – свайго роду другі мемарыяльны пакой. Невядома, ці менавіта ў гэтым пакоі знаходзілася таўлаеўская хатняя бібліятэка, але што такая бібліятэка ў Доме-музеі паэта павінна быць, адназначна. У памяць аб Валянціне Таўлаю, аб “лідскім” перыядзе яго жыцця. Таўлай праз гэты пакой нібы перадае свае пісьменніцкія паўнамоцтвы будучым пакаленням.

Плануецца, што ў пакой адкрытага захоўвання “Бібліятэка пісьменніка” будуць прыходзіць сучасныя лідскія паэты. Яны атрымаюць магчымасць акунуцца ў той час, пагутарыць з сябрам па пяру пад настольнай лямпай. Тут плануецца праводзіць невялікія камерныя сустрэчы, квэсты з мэтай знаёмства з творчасцю пісьменнікаў, гульні з разгадваннем іх зашыфраваных псеўданімаў. Будзе цікава і пазнавальна!

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться