«ЛьВёнок» яднае дзяцей, вучыць іх педагогаў

13 Июня 2022 2138


На працягу амаль месяца наш гасцінны горад з’яўляўся сталіцай мастацтваў для самых яркіх і таленавітых дзяцей, іх педагогаў і бацькоў: на базе Лідскай дзіцячай школы мастацтваў праходзіў ІХ рэспубліканскі фестываль-конкурс дзіцячага мастацтва “ЛьВёнок” (Лідскі вянок). Амаль месяц найлепшыя юныя артысты дэманстравалі свае ўменні ў розных намінацыях і ўзроставых катэгорыях. Ацэньвала іх здольнасці кампетэнтнае журы, у склад якога ўваходзілі заслужаныя артысты, музычныя дзеячы, прафесары, дацэнты.

Нагадаем, што па колькасці ўдзельнікаў фестываль сёлета выйшаў на дапандэмійны паказчык – у ім прынялі ўдзел больш за 1800 дзяцей з усёй Беларусі. Лідчына была прадстаўлена практычна ўсімі школамі мастацтваў (і не толькі школамі мастацтваў). Праслухоўванні канкурсантаў праходзілі ў 33 намінацыях.

– Наша школа, як і ў папярэдніх фестывалях-конкурсах “ЛьВёнок”, праявіла сябе найбольш актыўна, – расказвае аб выніках конкурсу дырэктар Лідскай дзіцячай школы мастацтваў Алена Спірына. – З 66 узнагарод у скарбонцы лідчан дзве трэці – 44 – атрымалі вучні Лідскай ДШМ. У ліку нашых узнагарод – два Гран-пры (усяго Гран-пры на конкурсе было прадугледжана адзінаццаць). Другі год запар атрымлівае найвышэйшую ўзнагароду фестывалю наш аркестр баяністаў і акардэаністаў (кіраўнік – Інэса Чыркова). Не застаецца ён без узнагарод і на іншых конкурсах, паралельна з удзелам у сёлетнім “ЛьВёнке” не менш паспяхова выступіў на абласным конкурсе “Зайграйце, музыкі!” – стаў лаўрэатам І ступені. Уладальнікам Гран-пры фестывалю-конкурсу “ЛьВёнок” стаў і наш узорны духавы аркестр. Яго кіраўнік Андрэй Тарэнць жартам гаворыць, што вялікія плюшавыя львы (гэта і ёсць Гран-пры), якіх аркестр удастоіўся за гады існавання фестывалю-конкурсу, ужо не змяшчаюцца ў яго кабінеце – аднаго ён аддаў вучням (а ўсяго львоў чатыры). Дарэчы, абодва аркестры не заставаліся без узнагарод ні на адным “ЛьВёнке”. Спадзяёмся, калектыў баяністаў і акардэаністаў у хуткім часе атрымае званне ўзорнага.

– У якіх яшчэ намінацыях вылучыліся вучні Лідскай дзіцячай школы мастацтваў?

– Вылучыліся на конкурсе таксама нашы харэографы, вакалісты, скрыпачы, удзельнікі намінацый “Фартэпіяна”, “Фартэпіянныя ансамблі”, “Музычная літаратура” (дарэчы, вельмі цікавая намінацыя). Па выніках конкурсу ад школы будзе пададзена тры пакеты дакументаў на атрыманне матэрыяльнай дапамогі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

– Фестываль-конкурс завяршыўся. Што яшчэ можаце сказаць аб ім?

– У фестываль-конкурс “ЛьВёнок” мы ўклалі душу і сэрца, падрыхтавалі і правялі яго, як заўсёды, на высокім узроўні. Так, юныя канкурсанты хваляваліся, прыезджых стаміла дарога, але кожны змог сабрацца ў час выступлення, сканцэнтраваць увагу на сваім нумары, як кажуць, выкласціся па максімуме. Многія члены журы – людзі шаноўнага ўзросту, некаторым нават за восемдзесят, але яны ўважліва праслухалі ўсіх канкурсантаў, радаваліся за іх, падтрымалі конкурс сваёй прысутнасцю. Увогуле, музычная грамадскасць усёй Беларусі падтрымлівае нашага “ЛьВёнка”. Маштабны музычны форум яднае дзяцей, з’яўляецца пляцоўкай для вучобы іх педагогаў праз майстар-класы і метадычную дапамогу ад членаў журы, круглыя сталы.

– Рэспубліканскі фестываль-конкурс стаў яркім і гучным фіналам чарговага навучальнага года ў Лідскай дзіцячай школе мастацтваў. Якім быў гэты навучальны год для школы?

– Калі гаварыць коратка, то нашы вучні прынялі ўдзел у 31 фестывалі-конкурсе, у тым ліку ў 13 міжнародных, заваявалі 145 узнагарод. Шэсць нашых дзяцей адзначаны прэзідэнцкім фондам. Увесь год мы працавалі не пакладаючы рук, і гэтая вялізная, карпатлівая праца ўсяго нашага калектыву прынесла свае плады.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться