І зноў вясна, і зноў «Жанчына-чараўніца». Выстава, якую абавязкова варта наведаць!

14 Апреля 2022 2481

У гэтым годзе ўдзел у праекце прымаюць пятнаццаць майстрых. Жанчыны-чараўніцы (у прамым сэнсе слова) сапраўды здзівілі.

Вырабы дапамагаюць пагрузіцца ў атмасферу духоўнасці і творчасці. Цікава было ўбачыць аўтарскія калекцыі вышывак, вязанне, бісерапляценне, вырабы з саломкі, скрапбукінг, інтэр’ерных лялек ручной работы і многае іншае. Як паведаміла карэспандэнту “Лідскай газеты” навуковы супрацоўнік аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Марына Савіцкая (на здымку), колькасць удзельнікаў выставы пастаянна расце. Майстрыхі з асаблівым натхненнем дэманструюць свае творы наведвальнікам.

Рукатворная прыгажосць прываблівае. Напрыклад, Марына Більдзь шмат гадоў стварае сапраўдныя валагодскія карункі, раннія ўзоры якіх захаваліся сёння толькі ў расійскіх музеях. Галоўным чынам гэта карункі з залатых і срэбных нітак. Іх прадавалі на вагу, прымаючы ў разлік дарагавізну каштоўных металаў, а не прыгажосць вырабаў. Такімі карункамі ўпрыгожвалі ўборы, выкарыстоўваліся яны ва ўбранні храмаў. Найвялікшую папулярнасць яны атрымалі ў Еўропе ў XVIII стагоддзі. Тады пра карункавыя ўпрыгажэнні рускіх майстрых не марыла рэдкая модніца. Але каб зрабіць валагодскія карункі, як і вядомыя ва ўсім свеце слуцкія паясы, трэба было правесці за працай нямала бяссонных начэй. Майстрыха ўпэўнена: па прыгажосці ажурныя ўзоры не параўнаюцца ні з якімі іншымі з народных промыслаў. Нездарма аб іх складаліся вершы і песні. Цікава, што сапраўдныя карункі Валагодчыны не вяжуцца кручком. Яны плятуцца з дапамогай адмысловых кійкоў з ядлоўца, ці, як іх яшчэ называюць, каклюшак, на якія намотваецца льняное прадзіва. Справа гэта нялёгкая, патрабуе часу, а яшчэ ўседлівасці і цярплівасці.

Яшчэ адна жыхарка Ліды, Людміла Крупская, увесь вольны час прысвячае вышыўцы роўняддзю. Аснова работ майстрыхі – натуральны лён. Тканіну яна купляе заўжды якасную. Трывалы, зручны льняны матэрыял не толькі ўбірае вільгаць, але і забяспечвае выдатнае самаадчуванне асабліва гарачым летам. Таму ў ліку работ жыхаркі нашага горада не толькі ручнікі, абрусы, сурвэткі, але і адзенне: блузкі, спадніцы, сукенкі, якія робяць шчаслівымі шмат людзей, выклікаюць у іх станоўчыя эмоцыі, дадаюць у іх жыццё цеплыні і ўтульнасці. Для майстрыхі гэта і ёсць шчасце, як і для яе калег. Не менш захапляе вышыўка Валянціны Коц, Таццяны Бяляевай, Алы Лысухінай, Ірыны Кароль. Гледзячы на іх работы, разумееш: вышыўка – вельмі займальны від творчасці, які дазваляе рэалізаваць на тканіне самыя яркія і мудрагелістыя фантазіі майстра. Хто б мог падумаць, што з дапамогай такіх простых рэчаў, як іголка, набор нітак, тканіна-канва, схема, з «загадкавымі» значкамі можна стварыць шэдэўр, які здольны супернічаць з карцінамі, напісанымі фарбамі? Сапраўды, вось дзе майстры на ўсе рукі!

Яшчэ адзін цікавы накірунак, які прадстаўлены на выставе, – аўтарскія лялькі. Ідэі належаць Ларысе Пашкевіч і Вользе Бурак. Усе лялькі зроблены ўручную і нібы жывыя. Анёлы, смешныя каты паводле матываў Цільд, зайцы і гэтак далей – у кожнай майстрыхі ў арсенале ёсць найбольш запатрабаваныя зараз персанажы.

–  Працэс стварэння аўтарскай лялькі цудоўны і шматгранны, і той факт, што гэты від мастацтва, маючы багатую гісторыю, жыве і квітнее і сёння, кажа пра многае, – заўважыла Марына Савіцкая. – Лялька мяккая, цёплая, утульная, з ёй не хочацца расставацца ні днём, ні ноччу. Вы думаеце, што толькі маленькія дзяўчынкі любяць лялек? Нічога падобнага! Не сакрэт, што дарослыя таксама з задавальненнем гуляюць з імі. Пра лялек наогул можна апавядаць бясконца, таму што ў гэтым відзе мастацтва існуе бясконцае мноства напрамкаў, пачынаючы з тэкстылю і заканчваючы фарфорам. Тэкстыль, напрыклад, гэта самы просты від лялечнага мастацтва, у якім таксама існуе мноства накірункаў, ад зусім недарагіх да вельмі дарагіх. Лялькі – гэта ручная праца, ад асновы да самай дробнай дэталі ўбору, вобразу.

Прадстаўлены на выставе і вырабы з саломы, лёгкія, трывалыя, досыць даўгавечныя плеценыя аксесуары. Заслугоўваюць увагі вязанне з джутавай ніткі (у гэтым накірунку працуе Ірына Брушкова) і арыгінальныя касцюмы і паліто на тэму пор года, звязаныя кручком Галінай Курачкінай-Івановай. Калі глядзіш мадэлі адзежы, разумееш: гэта незямная прыгажосць. Ніякіх абмежаванняў ні па колеры, ні па фактуры пражы – толькі густ, пачуццё меры і палёт фантазіі! Але ўсе сакрэты раскрываць не будзем. Аб захапленні чароўных жанчын мы яшчэ раскажам у нашым традыцыйным праекце “З паметкай “Аўтарская работа”.

– Цёплая атмасфера і столькі выдатных работ, – дзеліцца ўражаннямі наведвальніца выставы, лідчанка Галіна Навіцкая. – Сапраўды, вельмі цікава тут быць. Кожная работа мае сваю гісторыю. Вочы разбягаюцца ад прыгажосці, якую стварылі жыхаркі нашага горада. Я, напрыклад, не магу налюбавацца вышыўкай на кашулі з лёну. У сучаснай модзе гэты від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва займае шырокую нішу, але часцей за ўсё брэндавыя вырабы з дэкорам роўняддзю каштуюць немалых грошай. Таму думаю аб асваенні асноў вышывання. Калі атрымаецца, упэўнена, што гэта дапаможа не толькі мець у гардэробе эксклюзіўныя рэчы, але і нядрэнна сэканоміць сямейны бюджэт. Буду акуратнай і ўседлівай вучаніцай.










 

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться