Супрацоўнікі музея ў Лідзе даследуюць і фіксуюць аўтэнтычныя традыцыі, гісторыю быту і прадметаў, якія ўяўляюць каштоўнасць для будучых пакаленняў

12 Ноября 2021 1524
Раней наша газета ўжо адзначала, што, распрацоўваючы і праводзячы музейныя заняткі, прысвечаныя традыцыям беларускага народа, яго духоўнай і матэрыяльнай спадчыне, супрацоўнікі Лідскага гісторыка-мастацкага музея абапіраюцца ў асноўным на традыцыі, агульныя для ўсіх беларусаў. Аднак ім хацелася б, каб большая частка інфармацыі, выкарыстоўваемай на занятках, была звязана  з рэгіянальна-лакальнай культурай Лідчыны, ранейшага Лідскага павета. Хацелася б пашырыць веды іх гасцей у галіне этнаграфіі на рэгіянальным узроўні.

Каб збіраць адпаведную інфармацыю, у музейшчыкаў не заўсёды ёсць магчымасць выехаць у этнаграфічную экспедыцыю па вёсках Лідчыны – і паўгода назад яны вырашылі арганізоўваць сустрэчы з носьбітамі гэтай каштоўнай інфармацыі ў сценах музея. Такія сустрэчы праводзяцца ў рамках навукова-даследчага праекта – этнаграфічнай гасцёўні “Дванаццаць месяцаў у святах і абрадах”. Праз арганізацыю так званых этнапасяджэнняў, якія праводзяцца звычайна ў другую сераду кожнага месяца, супрацоўнікі музея даследуюць і фіксуюць аўтэнтычныя традыцыі, гісторыю быту і прадметаў, якія ўяўляюць каштоўнасць для будучых пакаленняў. 

– На жаль, назіраецца скарачэнне колькасці карэннага вясковага насельніцтва, вясковых старажылаў, носьбітаў этнічных традыцый, – расказвае куратар праекта Ірэна Клімовіч. – Улічваючы гэтую акалічнасць і тое, што вялікая частка былых вясковых жыхароў пражывае ў горадзе, мы імкнёмся запісаць у час сустрэч жывыя ўспаміны і назіранні з іх жыцця. Стаць удзельнікам гасцёўні можа не толькі былы вясковы старажыл, але і любы лідчанін, якому ёсць што паведаць пра асаблівасці святаў і абрадаў на лідскай зямлі, які можа перадаць у музей прадметы, звязаныя са святамі і абрадамі. Каб падзяліцца каштоўнай інфармацыяй або перадаць той ці іншы прадмет, можна падысці ў музей у любы дзень – неабавязкова менавіта ў дзень пасяджэння. Для нас каштоўныя жывыя ўспаміны, назіранні з жыцця, унікальныя прадметы, якія ўяўляюць цікавасць як аб’екты даследавання. Мы гатовыя запісаць таксама песні, гульні, прыкметы, тое, як бавілі некалі вяскоўцы вольны час (цудоўна, калі хтосьці падмацуе свой аповед старымі фотаздымкамі, якімі падзеліцца з музеем). А яшчэ нас цікавяць традыцыі ткацтва, вышыўкі, выкарыстанне прадметаў побыту, моўныя асаблівасці і многае іншае, што датычыцца рэгіянальна-лакальнай культуры Лідчыны, яе этнічных асаблівасцей.

– Ірэна Антонаўна, ці можна ўжо гаварыць аб нейкіх выніках праекта “Дванаццаць месяцаў у святах і абрадах”? 

– Паўгода работы навукова-даследчага праекта – невялікі тэрмін, каб падводзіць якіясьці вынікі гэтай работы. Праект гэты доўгатэрміновы, і пакуль ён праходзіць стадыю спроб. Мы аналізуем сустрэчы ў рамках этнаграфічнай гасцёўні, думаем над тым, як лепей іх праводзіць, даводзім іх да ведама лідчан. Але тое, што новы праект мае права на жыццё, адназначна. Канешне, мы і не чакалі, што людзі да нас хлынуць, што ад наведвальнікаў не будзе адбою, – пасяджэнні пакуль наведваюць адзінкі, і тут свой адбітак накладваюць эпідэміялагічная сітуацыя, узрост нашых патэнцыяльных гасцей. Аднак за гэтыя паўгода ў рамках этнагасцёўні адбыліся знаёмствы з цікавымі людзьмі.

– Раскажыце падрабязней аб гэтых знаёмствах. 

– Так, адной з першых да нас заглянула Ірына Аляксееўна Кароль з Паўднёвага гарадка і перадала нам лялькі-абярэгі. Не аднойчы да нас заходзіла, актыўна з намі супрацоўнічае Зінаіда Дзмітрыеўна Рамановіч, якая перадала ў музей шэраг прадметаў з вёскі Масявічы: драўляныя граблі, матавіла, чаўнок ад ткацкага станка, прыстасаванне для падбівання саломы на страсе і інш. Вацлаў і Ганна Фяткевічы з вёскі Мікулішкі Шчучынскага раёна (некалі тэрыторыя Лідскага павета) дапамаглі нам даведацца аб гісторыі ложка, некалі перададзенага ў наш музей з гэтай вёскі. Магчыма, вырабіў гэты ложак бацька Ганны Фяткевіч – Іван Аляксандравіч Лукашэвіч з вёскі Замасцяны, які славіўся на ўсю акругу як майстар па вырабе ложкаў, крэслаў, сталоў. Цікавай атрымалася наша гутарка з Таццянай Леанідаўнай Ліпніцкай, якая расказала аб асаблівасцях вырабу і нарыхтоўкі масла ў вёсцы Эйтуны. Асаблівую падзяку хачу выказаць Ганне Юр’еўне Наўроцкай з вёскі Чаплічы, якая перадала ў музей шмат цікавых прадметаў, звязаных з даўнейшым вясковым побытам: дзіцячы ложак, куфар, начоўкі, хустку-абхінанку, шкляную мухалоўку і многае іншае. “Мне стала шкада гэтых рэчаў, яны ж могуць змарнавацца, – казала яна. – Таму перадаю іх вам – няхай ідуць у людзі”. Адна з удзельніц клуба “Актыўнае даўгалецце” – Лора Аляксандраўна Васільева – расказала аб сваёй маці Марыі Васільеўне Васільевай і падзялілася рэцэптам пірага з бульбай і цыбуляй, які выпякала маці да вайны. Даведаліся мы і аб традыцыйнай страве жыхароў вёскі Ліпнішкі – прысаках, якія гатаваліся з молатай грэчкі, заліваліся салодкім малаком (падобная страва вядомая і ў Цыбарах, толькі называлася яна па-іншаму і залівалася кіслым малаком). Дарэчы, асаблівасцям кухні на Лідчыне мы прысвяцілі асобны праект – “Спадчына кулінарная”. 

– Трэба адзначыць, што гэтай восенню для этнаграфічнай гасцёўні ў музеі з’явілася новае памяшканне – атмасферна-этнаграфічная гасцёўня “Час. Традыцыі. Вобразы” на другім паверсе (раней сустрэчы ў рамках гасцёўні ладзіліся на першым паверсе, у памяшканні часовай этнаграфічнай экспазіцыі “Падарожжа ў часе”). Раскажыце крыху аб новым месцы “прапіскі” гасцёўні. 

– У новым пакоі прадстаўлена багатая этнаграфічная калекцыя прадметаў, сабраная за ўсю гісторыю існавання музея. Гэта перш за ўсё калекцыі вырабаў ткацтва, ганчарных вырабаў, пячны інвентар, ложак (той самы, з вёскі Мікулішкі Шчучынскага раёна, аб якім я гаварыла раней), куфар. Асаблівую атмасфернасць пакою надае макет печы з імітацыяй агню ў ёй. Плануем папоўніць экспазіцыю бандарнымі вырабамі. 

– Што яшчэ ў планах работы этнагасцёўні? 

– Сабраць больш падрабязную інфармацыю аб кожнай з прадстаўленых у пакоі рэчаў. І да пошукаў гэтай інфармацыі, да больш глыбокай даследчай работы нас падштурхоўваюць менавіта сустрэчы ў рамках этнагасцёўні. Да гэтых сустрэч мы плануем падключыць і школьныя этнаграфічныя гурткі, будзем абменьвацца з імі каштоўнай інфармацыяй. Заўсёды будзем рады бачыць у якасці нашых гасцей і юных удзельнікаў такіх гурткоў, іх кіраўнікоў – займацца навукова-даследчай дзейнасцю разам заўсёды лягчэй. А яшчэ звяртаюся да ўсіх жыхароў горада: калі вы маеце прадметы, якія ўяўляюць цікавасць для нашай этнаграфічнай гасцёўні, перадавайце іх, калі ласка, у музей – няхай, як казала Ганна Юр’еўна Наўроцкая, ідуць у людзі.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться