Вось дык майстрыхі! Лідскі аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры – пераможца рэспубліканскага фестывалю-кірмашу «Вясновы букет»

16 Июня 2021 1160
У Мінску адбыўся ХІІ рэспубліканскі фестываль-кірмаш народных мастацкіх рамёстваў “Вясновы букет”, на якім Лідчыну прадстаўлялі знакамітыя ў раёне майстры з Лідскага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры – удзельнікі шматлікіх фестываляў, выставак і кірмашоў народнай творчасці. Як вынік, у скарбонцы нашых прафесіяналаў – дыплом І ступені.

– Я не толькі прэзентавала свае работы, вытканыя ў апошні час, але і працавала за кроснамі, папулярызуючы дадзены накірунак дзейнасці, – дзеліцца ўражаннямі майстар па традыцыйным белаўзорыстым ткацтве Панямоння Валянціна Сільвановіч. – Журы высока ацаніла маё валоданне тэхнікамі шматнітовага ткацтва і якасць вырабаў. Як вынік – дыплом ІІ ступені. 

Вобразы прыроды і родных мясцін, святы і абрады, якія жывуць у памяці беларусаў, – усё гэта ўвабрала ў сабе аўтарская выстаўка выцінанкі Дар’і Юрчык, якая была падрыхтаваная па ўсіх канонах традыцыйнага выразання з паперы. Майстар па кераміцы Алена Свідэрская годна ўпрыгожвала кірмаш выстаўкай традыцыйнай жгуцікавай керамікі. Гэта былі талеркі, глыбокія вазы, дэкаратыўныя пано, калекцыя свістулек.

– У мяне засталіся найлепшыя ўспаміны аб свяце, – гаворыць Алена Свідэрская. – Я сустрэла апантаных сваёй справай людзей, убачыла высокі ўзровень мастацтва ва ўсіх накірунках рамеснай дзейнасці, пераняла каштоўны вопыт. Фестывалі з мэтай зберажэння і распаўсюджання народнай культуры павінны жыць. Гэта добрая магчымасць узбагаціць людзей як духоўна, так і матэрыяльна.

Вяртанне дадому для нашых майстроў было асабліва прыемным – з ганаровымі ўзнагародамі, святочным настроем, віншаваннямі ад блізкіх і калег. А гэта, безумоўна, добры штуршок да далейшага развіцця ў творчасці.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться