Старадаўні крой да твару. У што апраналіся жыхаркі Лідчыны сто гадоў назад?

24 Января 2021 1459
Сёлетнія зімнія дні і выдатнае снежнае надвор’е далі магчымасць майстрам аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці прадэманстраваць плён сваёй працы – традыцыйныя сялянскія жаночыя касцюмы першай паловы ХХ стагоддзя, якія бытавалі на тэрыторыі сучаснага Лідскага раёна.

Створаны яны былі рукамі супрацоўнікаў аддзела, якія летась правялі карпатлівую работу, каб касцюмы выглядалі максімальна натуральна. На аснове літаратурных крыніц і этнаграфічных фондаў музеяў Беларусі яны склалі асноўныя характэрныя рысы адзення мясцовай сялянкі тых часоў, самі выткалі палатно на спадніцы і хусты і пашылі яго па старадаўнім кроі і тэхналогіі апрацоўкі. 

Знамянальна, што дэманстрацыя камплектаў адзення адбылася ў вясковым асяроддзі, а характэрныя зімовыя ўмовы адпавядалі тагачасным. Фотасесія, мадэлямі ў якой выступалі самі майстрыхі, прайшла ў вёсцы Серафіны. І не дарэмна: дзякуючы аўтэнтычнай абстаноўцы, якая захавалася тут да сённяшняга дня, удалося гарманічна спалучыць касцюм з драўлянай архітэктурай вёскі. На фоне неашаляваных хат касцюмы выглядаюць найбольш натуральна.

 – Нашы прабабулі зімой насілі вельмі зручнае і прыгожае адзенне, – апавядае карэспандэнту метадыст па народным касцюме Ірына Дыдышка. – Галаўныя ўборы жанчын прадстаўлены варыянтамі саматканых  і купленых хустаў розных памераў. Шарсцяныя ахінанкі (вялікія хусты) замянялі вопратку, таму імі пакрывалі галаву, на якой ужо была танчэйшая хустка, завязаная вакол шыі, і ахіналі ўсё цела. У спалучэнні з кажушком падыходзілі хусты сярэдніх памераў, запраўленыя пад каўнер або канцамі пад бараду з махрамі навыпуск. Выдатна глядзіцца хуста, завязаная адным канцом вакол шыі, другім – спушчаная на плячо бурносіка, пашытага з паўшарсцянога палатна. Андаракі (святочныя спадніцы) шылі доўгімі з шарсцянога або паўшарсцянога палатна. Спадніцы былі аднатонныя, клятчастыя, у палоску. У халоднае надвор’е маглі спалучаць дзве спадніцы, каб было цёпла і выглядала пышна. Камплекты завяршаюць вязаныя рукавічкі з воўны, валены абутак, боцікі.

Над стварэннем рэплік (а гэта практычна дасканалая рэканструкцыя касцюма) працавалі вельмі творчыя людзі: метадыст па народным касцюме Ірына Дыдышка, майстры па ткацтве Валянціна Сільвановіч, Марыя Шылкоўская, Яўген Маркевіч, майстар па пашыве адзення Марына Андрушкевіч.

– Хочацца падзякаваць жыхарам вёскі Серафіны і мясцовай уладзе, па-першае, за гасціннасць, а па-другое – за тое, што стараюцца захаваць аблічча вёскі такім, якім яно было ў пачатку мінулага стагоддзя, – адзначыла напрыканцы Ірына Маркаўна.

 Фота Юрыя Матуйзы.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться