Паглядзіце, як можна. Жыхарка Ліды арганізавала ў бабуліным доме выставу для аднавяскоўцаў

05 Ноября 2020 1681
Вёсачка. Пад такой досыць немудрагелістай назвай у Вінкаўцах адбылася сапраўды неверагодная па сваёй задумцы і ўвасабленні падзея: унучка адной з былых мясцовых жыхарак – Аляксандра Ліпінская – падзялілася з аднавяскоўцамі асабістымі асацыяцыямі, звязанымі з гэтым месцам. Яны адбіліся ў выставе, унікальнасць якой у тым, што ладзілася яна, лічы, па суседстве, то бок у звычайнай вясковай хаце, дзе замест экспазіцыйнай залы быў жылы пакой. 

Нягледзячы на неафіцыйнасць і нават нейкую самадзейнасць усяго мерапрыемства, неабходныя “каноны” былі цалкам выкананыя: на брамцы ў свой двор, пад аб’явай аб графіку прыезду аўтакрамы, на ствалах дрэў Аляксандра за некалькі дзён да пачатку развесіла афішы маючай адбыцца падзеі. Не заўважыць запрашэння было нельга, а таму навіна аб нейкай там “выставе-асацыяцыі “Вёсачка” ў хаце Ліпінскіх” па Вінкаўцах разляцелася хутка, чым усіх узбаламуціла: “Што гэта будзе? А навошта? Ой, як цікава!” 



Аляксандра Ліпінская: “Вінкаўцы  – гэта малая радзіма майго таты Яўгена, яго сястры і маёй цёткі Ірыны. Разам з родным братам Арцёмам і стрыечным – Арсеніем – мы праводзілі тут шмат часу, нягледзячы на тое што жылі ў горадзе. Я адчуваю цесную сувязь з гэтым месцам, домам. Гэта стала падставай для творчасці. У маёй практыцы назапасілася вельмі шмат работ, на стварэнне якіх натхніла вясковае жыццё. Заставалася толькі дачакацца моманту, каб зрабіць іх часткай выставы”.



…І вось той самы дзень надышоў. Пятніца. Вечар. У доме, у якім ніхто ўжо пастаянна не жыве, які сям’ёй выкарыстоўваецца выключна ў вяснова-летні перыяд, падлога месцамі паблісквае як напамін аб тым, што яе толькі што вымылі. Патрэсквае агонь у печцы, аддаючы сваё цяпло і напаўняючы памяшканні пахам чагосьці вельмі роднага, на пліце “спявае” чайнік, на стале – салодкія пачастункі, замест тэлевізара атмасферу стварае магнітафон. Усё як звычайна, усё як у вёсцы позняй восенню: добра, ціха і лагодна. Гасцей чакаюць, але без лішняй мітусні.  

 


На гадзінніку – пачатак сёмага, і ў дзвярах чуюцца галасы: “Мы прыйшлі. Куды нам заходзіць?” – гэта мясцовыя жыхаркі, старажылы Вінкаўцоў Ірына Казіміраўна Трапіла і Ірына Баляславаўна Мойсак. Жанчыны какетліва просяць іх не фатаграфаваць, а самі выпростваюць спіны і ўсміхаюцца на камеру. Але хвіліна-другая – і пенсіянеркі наогул перастаюць заўважаць журналіста, цалкам пераключаюцца на выставу. 

 
– Памятаеце велізарную ліпу, якую мы спілавалі? Дык вось, яна поўнасцю “перапрацаваная” ў мастацтва. А гэтыя фігуркі – з гліны, яны аб’яднаны адной тэмай і называюцца “Беларусачкі”. Тут акварэль, батык, – тлумачыць Аляксандра. – Фотаздымкі – 10-гадовай Яны Войсят. Так, яна з Вінкаўцоў і, нягледзячы на ўзрост, вельмі захапляецца фатаграфіяй. На працягу гэтага года стварыла вялікую колькасць здымкаў, у якіх перадала стан прыроды ў ваколіцах вёскі. Сурвэткі – маёй бабулі… 



– Леакадзія была вельмі таленавітай, – тут жа падхопліваюць Ірына Казіміраўна Трапіла і Ірына Баляславаўна Мойсак, сядаючы на канапу. – Яна любіла займацца рукадзеллем, а яшчэ чытаць. Памятаем, як у яе да позняй ночы святло гарэла ў акне. Раніцай пытаем: “Чаго не спалася?” А яна ў адказ: “Такая кніга цікавая трапіла!” Вось і скажы, што вясковая жыхарка! Такая па эрудзіраванасці любой гарадской нос утрэ! А дзед ваш – Іван – як маляваў хораша! Саша, адназначна, гэта ты ў іх пайшла… 



 
На гэтыя словы аўтар выставы толькі сціпла паціснула плячыма і ўсміхнулася. Усё менавіта так. Хоць дзеда Івана Аляксандра зусім не памятае, бабулю Леакадзію – вельмі смутна, але сувязь пакаленняў адчувае трывалую. Самы яркі ўспамін, звязаны з Вінкаўцамі, – гэта какава, якую бабуля заварвала па першай просьбе сваіх унукаў.


– Я скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, па спецыяльнасці – мастак народных рамёстваў, – расказвае для “Лідскай газеты” Аляксандра Ліпінская. – Маладым спецыялістам прыйшла працаваць у раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, зараз вяду індывідуальныя заняткі па развіцці творчых здольнасцей навучэнцаў Лідскага каледжа. 



Работы Аляксандры Ліпінскай неаднаразова станавіліся часткай групавых выстаў работ маладых беларускіх мастакоў. У прыватнасці, зараз іх можна ўбачыць у сталічным Палацы мастацтваў.



Вельмі хутка выстава-асацыяцыя “Вёсачка” ператварылася ў простыя вячоркі. Гаспадары дома – брат і сястра Яўген і Ірына Ліпінскія – разам з суседкамі разглядалі фотаальбом, успаміналі былое, расказвалі адзін аднаму пра тое, як склалася жыццё іх агульных знаёмых, таксама былых жыхароў Вінкаўцоў. Нягледзячы на тое што я нікога не ведала, не магла падтрымаць размову, чужой сябе не адчувала. Цікава было проста слухаць. Час ад часу маруднасць і мернасць гутаркі парушалі госці, якія заходзілі паглядзець выставу, даведацца, што наогул адбываецца ў доме Ліпінскіх. “Сашка, якая ты малайчына!” “Гэта ж трэба было да такога дадумацца!” “А як Арцём пажывае ў Мінску? Даўно бачыліся”, “Іра, твой Сенька па-ранейшаму такі ж кучаравы?” – між іншым пыталіся наведвальнікі. 



– Задума выставы цалкам будавалася на маіх адчуваннях загадкавасці і казачнасці вясковага жыцця, – пакуль дарослыя гутарылі аб сваім, у нас з Аляксандрай таксама з’явіўся час на размову. – Мяркую, што мае асацыяцыі з ціхім, размераным жыццём вёскі моцна ідэалізаваныя, навеяныя больш фальклорам, чым рэчаіснасцю. Работы, прадстаўленыя на выставе, раскрываюць і дапаўняюць маё ўспрыманне вёскі, многія з іх адлюстроўваюць непасрэдна жыццё Вінкаўцоў. Адна з работ настолькі доўга з’яўляецца часткай дома, што літаральна не разглядаецца асобна ад яго. 

 
Гаворка ідзе пра кактус, намаляваны вітражнымі фарбамі стрыечным братам Аляксандры – Арсеніем – амаль 20 гадоў таму. Дарэчы, з гэтым творам знаёмы кожны жыхар вёскі Вінкаўцы. Мала таго, дом Ліпінскіх многія так і называюць: “Той, што з кактусам на шыбе”.

 
…Вяртаючыся дадому, я ўсё думала аб тым, якая простая, але дзіўная задумка – арганізаваць ва ўласным доме выставу. Адразу прыгадала сваё дзяцінства, як мы, бываючы на канікулах у бабулі з дзядулем у вёсцы, на бялізнавай вяроўцы вывешвалі пакрывала, насупраць ставілі крэслы або лаўкі і запрашалі ўсіх на “канцэрты-спектаклі”, якія рыхтавалі самастойна. Дарослыя, пакідаючы справы, прыходзілі, апладзіравалі, а потым яшчэ доўга не разыходзіліся – размаўлялі… Не, “Вёсачка” – гэта не проста выстава-асацыяцыя, гэта нагода сабраць жыхароў адной вёскі разам і падтрымаць дух суседства, напамін аб тым, як важна захоўваць адносіны адзін з адным, пацвярджэнне таго, што вёска жыве. “У наступны раз я прынясу свае пакрывалы, саматканыя. А яшчэ можна булак напячы, больш людзей паклікаць, а то сядзяць па хатах”, – амаль праз тры гадзіны, развітваючыся, планавалі жыхары Вінкаўцоў. І няма сумнення, што гэты наступны раз абавязкова будзе. У любы дзень. Без усялякай нагоды. Таму што ў гэтым зацікаўленыя маладыя.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться