Ліда – культурная сталіца Беларусі-2020. Маўклівы сведка гісторыі гаворыць на розныя галасы

23 Октября 2020 1084
Сярэднявечны замак Гедыміна – візітная картка Ліды. Выдатны помнік абарончага дойлідства XIV стагоддзя ўваходзіць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. 

Будаўніцтва замка было пачата ў 1323 годзе па загадзе князя Гедыміна. Пабудаваная з камення і цэглы ў форме няправільнага чатырохкутніка з дзвюма вуглавымі вежамі крэпасць уваходзіла ў лінію абароны супраць крыжакоў Наваградак – Крэва – Меднікі – Трокі. Абкружаны балоцістымі берагамі рэк Лідзеі і Каменкі, Лідскі замак часта станавіўся надзейным сховішчам для сярэднявечных князёў і іх палітычных саюзнікаў. Калісьці у замку размяшчалася праваслаўная царква (у 1533 годзе яна была перанесена ў горад), на яго тэрыторыі існавалі жылыя і гаспадарчыя пабудовы, месціліся суд, архіў і астрог...

Пра гэтыя і іншыя цікавыя факты магчыма даведацца падчас экскурсій. А паглядзець у Лідскім замку ёсць на што. Сёння тут працуюць абедзве вежы: паўночна-ўсходняя, або вежа Вітаўта, і паўднёва-заходняя – вежа Гедыміна. На кожным з паверхаў – свая экспазіцыя. Тут прадстаўлены сярэднявечная зброя, рыцарскія даспехі, паляўнічыя трафеі, аўтэнтычныя, знойдзеныя падчас раскопак на замкавай тэрыторыі рэчы, працуюць выставачныя залы, у якіх экспазіцыі мяняюцца, створана шмат фотазон. Адна толькі выстава «Паляванне на ведзьмаў» вядомага прыватнага калекцыянера Сяргея Нурматава, на якой прадстаўлены розныя прыстасаванні для самых страшных катаванняў над людзьмі, чаго каштуе...

Сёння ў замку працуе некалькі відаў экскурсійных і забаўляльных праграм, а таксама інтэрактываў і квестаў, разлічаных на аўдыторыю рознага ўзросту. Экскурсіі праводзяць навуковыя супрацоўнікі Лідскага гісторыка-мастацкага музея. 

Безумоўна, падчас правядзення гістарычных вандровак гіды прытрымліваюцца фактаў з мінулага, але, нягледзячы на гэта, кожны з іх мае пэўную прастору для творчасці. Таму манера правядзення экскурсій у кожнага з навуковых супрацоўнікаў адметная, і ў кожнага – свой стыль апавядання... Яны, нібыта мастакі, малююць гістарычнае мінулае фарбамі, падабранымі на свой густ.

– Я, напрыклад, заўсёды імкнуся знайсці агульную мову з турыстамі, – раскрывае сакрэты прафесіі старшы навуковы супрацоўнік Мікалай Іода. – Таму ўдзяляю ўвагу ўзросту наведвальнікаў, іх роду заняткаў і стараюся апавядаць турыстам пра тое, што менавіта ім можа быць цікава. Калі перада мной аўдыторыя сур’ёзная – расказваю пра падзеі мінулага дакладна, па датах, калі дзеці – задаю шмат пытанняў. Знайсці патрэбную мову падчас экскурсій дапамагае атрыманая некалі адукацыя. Я магістр гістарычных навук і... настаўнік пачатковых класаў. А яшчэ прапаную турыстам самім выбраць мову правядзення экскурсіі – рускую ці беларускую.

Застаецца дадаць, што маўклівы сведка гістарычных падзей і захавальнік таямніц выклікае інтарэс у сучаснікаў сваёй самабытнасцю. Так, у 2019 годзе Лідскі замак наведала каля 50 тысяч чалавек. Сярод іх – турысты з Францыі, Аўстраліі, ЗША, Бразіліі, Японіі і іншых краін. Канешне, сёлета з-за складанай эпідсітуацыі турыстычныя патокі на Лідчыне зменшыліся, але маем надзею, што з цягам часу ўсё будзе так, як было да пандэміі.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться