Тры маладыя спецыялісты ў гэтым годзе атрымалі размеркаванне ў Палац культуры горада Ліды. Сярод іх – «Міс Лідчыны-2019»

11 Октября 2020 1594
Адразу тры маладыя спецыялісты ў гэтым годзе атрымалі размеркаванне ў Палац культуры горада Ліды. Гэта выпускнікі Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа Анастасія Дамуць і Рыгор Яршэвіч, а таксама выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Дзмітрый Балеўскі.

І цяпер, з дапамогай вопытных калег, Насця робіць свае першыя крокі ў прафесіі хармайстра народнага ансамбля песні і танца «Лідчанка», Рыгор – хармайстра народнай эстраднай студыі «Ліда-мюзікл», а Дзіма – балетмайстра ўзорнай студыі бальнага танца «Феерыя-дэнс».

Што адрознівае маладое папаўненне? Высокі ўзровень падрыхтоўкі, грунтоўныя веды і... вялікае жаданне набыць прафесійны вопыт. Нягледзячы на ​​тое што працоўны стаж кожнага з іх складае ўсяго пару месяцаў, у галіне культуры Анастасія, Рыгор і Дзмітрый не навічкі. Маладыя людзі не аднойчы дэманстравалі свой талент са сцэны. Упэўнена адчувае сябе перад глядацкай аўдыторыяй Анастасія Дамуць – пераможніца раённага конкурсу прыгажосці «Міс Лідчыны-2019». Да таго ж падчас вучобы ў музычным каледжы яна прымала актыўны ўдзел у канцэртнай дзейнасці народнага ансамбля музыкі «Вербіца», які існуе пры гэтай навучальнай установе. Рыгор Яршэвіч на працягу чатырох гадоў з'яўляецца салістам эстраднай студыі Палаца культуры «Акцэнт». Дзмітрый Балеўскі – майстар спорту і шматразовы чэмпіён Рэспублікі Беларусь па спартыўных бальных танцах, уваходзіць у рэйтынг топ-50 лепшых танцораў свету.

Маладыя людзі на дасягнутым спыняцца не збіраюцца. Так, Анастасія Дамуць працягвае вучобу ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў завочна і праз некалькі год атрымае дыплом культуролага. А яшчэ дзяўчына на базе Палаца культуры стварыла новы вакальны калектыў «Медуніца», прэм'ера якога, магчыма, адбудзецца ўжо ў лістападзе гэтага года падчас раённых «Дажынак». Шмат творчых планаў і ў хлопцаў, поспехамі якіх, мяркую, лідчане будуць ганарыцца ў самым хуткім часе.

На фота: маладыя спецыялісты Палаца культуры Анастасія Дамуць і Дзмітрый Балеўскі.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться