Іншых частавалі і самі каштавалі. У Лідзе прайшло свята «Каравай у печы чакае сустрэчы»

28 Августа 2020 1611
Колькі гасцей сабрала свята “Каравай у печы чакае сустрэчы”, ніхто не лічыў. Але на пах духмянай здобы ў аграгарадок Крупава ў мінулую нядзелю з’ехаліся не толькі жыхары найбліжэйшых вёсак, але і гараджане. Дзясяткі разнавіднасцяў – ад простага пірага з яблыкам да пірага з рыбай – абуджалі апетыт: паспрабаваць хацелася кожны кулінарны шэдэўр.

– Свята пірага мы праводзім упершыню, – расказвае метадыст аддзела культурна-масавай работы Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Алена Габіс. – Спадзяёмся, што яно стане традыцыйным. Самі падумайце: уборачная кампанія завяршылася, ёсць магчымасць крыху расслабіцца перад копкай бульбы, пабалаваць сябе і суседзяў смачнай выпечкай. Тым больш што для нашага чалавека няма лепшага адпачынку, чым жывыя зносіны з добрымі людзьмі. 

Свае кулінарныя шэдэўры на свяце “Каравай у печы чакае сустрэчы” прадставілі гаспадыні як з самаго аграгарадка Крупава, так і з суседніх населеных пунктаў: Бердаўкі, Першамайска, Мінойт і Ліды. Конкурсу на самы смачны духмяны твор не было – яны ўсе былі такімі, – а вось выстава-дэгустацыя “Хлебнае Крупава” мела поспех. Кожны госць, зыходзячы са сваіх смакавых пераваг, выбіраў пірог-фаварыт, а ў якасці прызнання браў рэцэпт. Для гаспадыні, паверце, няма лепшай пахвалы, чым апусцелыя талеркі і дапытлівыя позіркі. (Дарэчы, якія рэцэпты ўвайшлі ў кулінарны сшытак журналіста “Лідскай газеты”, можна даведацца, прачытаўшы ў гэтай жа газеце чарговы выпуск спецпраекта “Справа гаспадарская”. 


Але не толькі пірагамі былі захоплены людзі, якія прыйшлі на свята. Для малых быў разгорнуты дзцячы гарадок з батутамі і горкамі. Хтосьці захоплена слухаў канцэрт артыстаў мясцовай самадзейнасці і запрошаных выканаўцаў. 




А ўвагу журналіста “Лідскай газеты” прыцягнула выстава-продаж вырабаў з лазы. Вазы, кошыкі, скрыначкі, дэкаратыўныя фігуры – усё гэта было пераважна тварэннем рук крупаўчанкі Алены Войсят.


– Некаторыя прадстаўленыя тут вырабы рабіў мой сын Аляксандр, але іх адзінкі, – расказвае майстрыха, – У асноўным гэта мая творчасць.


Пляценнем з лазы Алена Войсят займаецца адносна нядоўга. Але ўражвае іншае: яна самавук, усю тэхналогію спасцігала праз літаратуру і інтэрнэт, а таксама пераймала ад бацькі Генрыха Бальцэвіча, які раней плёў кошыкі.

Алена Войсят з татам Генрыхам Бальцэвічам.

– Вядома, атрымлівалася ўсё не адразу. Але сын зрабіў мне інструменты, спецыяльна пад маю, жаночую, руку. І паціху справа пайшла. Я сама займаюся нарыхтоўкай матэрыялу: хаджу па лясах і палях, выразаю лазу, – дадала жанчына. 


А яшчэ яна падзялілася марай: Алена Войсят хоча вучыць лозапляценню дзяцей. Тым больш што для гэтага ў яе ўсё ёсць: веданне самаго рамяства, а таксама вопыт працы выхавальнікам у дзіцячым садку. Спадзяёмся, у Крупаўскім Доме культуры прачытаюць аб гэтым і арганізуюць гурток. “Лідская газета”, у сваю чаргу, абяцае абавязкова напісаць аб гэтай добрай справе.   



Уручэнне дажыначнага снапа кіраўніку спраў Крупаўскага сельвыканкама Святлане Камінскай.

…Свята “Каравай у печы чакае сустрэчы” не толькі пакінула прыемныя ўражанні, але і парадзіла некалькі ідэй. Што, калі арганізатарам разгледзець магчымасць правесці ў наступным годзе майстар-класы па дэкарыраванні пірагоў? Замест сапраўднага здобнага цеста можна выкарыстоўваць салёнае або нават пластылін. Асабіста я сказала б вялікі дзякуй, калі б сваім рэцэптам падзялілася самая старэйшая жыхарка аграгарадка Крупава – гэта ж сапраўдны скарб! А можа, рэцэптамі сваіх пірагоў таксама падзяліліся б і прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, якія пражываюць на Лідчыне? Ой, гучыць так апетытна і шматабяцальна, што аж слінкі пацяклі!



Свята, як і здоба, выдатнае тым, што заўсёды можна імправізаваць з «начынкамі». І не карыстацца гэтым нельга. 

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться