“Як цудоўна з сябрамі разам зноў нам пабыць”. У Лідзе прайшоў XV фестываль нацыянальных культур
”Суквецца сяброўства” – падзея, якая ўжо сама па сабе свята нашага шматнацыянальнага рэгіёну (нагадаю: на Лідчыне ў міры і згодзе жывуць прадстаўнікі больш пяцідзесяці нацыянальнасцей – беларусы, рускія, палякі, украінцы, літоўцы, яўрэі, немцы, армяне, азербайджанцы, татары і інш.) адбылася нягедзячы ні на што, у мурах старажытнага Лідскага замка, а галоўнае – у вельмі цёплай сардэчнай атмасферы, сабраўшы на адной сцэне лепшых сяброў.
“Радзіма мая дарагая” – пад музыку прыгожай і роднай кожнаму беларусу песні прадстаўнікі розных суполак выйшлі на сцэну пад імправізаванай аркай з беларускіх рушніікоў. А потым па добрай традыцыі віталі ўдзячных гледачоў. Словы прывітання і пажаданняў гучалі на розных мовах.
У атмасферу святочнага дня, якую хацеў было, але не змог сапсаваць дробны дождж, яркіх фарбаў дадаў непаўторны канцэрт. У ім у адно суквецце спляліся выступленні творчых аматарскіх калектываў: раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі” (народны ансамбль польскай песні “Крэсавяцы”), рэгіянальнага мемарыяльна-культурнага грамадскага аб’яднання (салістка ансамбля яўрэйскай музыкі “Шалом” Кацярына Клімовіч), раённай арганізацыі “Трэмбіта” грамадскага аб’яднання ўкраінцаў “Ватра” (вакальны ансамбль “Смярычка”). У выкананні мастацкіх калектываў Палаца культуры г. Ліды прысутныя ўбачылі і пачулі рускія, беларускія, украінскія, польскія песні і танцы. Гледачоў радавалі сваёй творчасцю калектыў рэтра-песні “Мерыдыян”, харэаграфічны калектыў народнага танца “Чаравічкі” і інш.
Прысутныя ў Лідскім замку падчас фестывалю “Суквецце сяброўства” дружнымі воплескамі віталі выступленні прадстаўнікоў нацыяных суполак. Ці маглі пакінуць раўнадушнымі такія любімыя мелодыі, як “Распрагайце, хлопцы, коней”, “Ой, на гары два дубкі”, “Хороши весной в саду цветочки”, “Ой пад вішняй”. Жыхары горада былі ўдзячныя творчым і аматарскім калектывам за вялікую колькасць станоўчых эмоцый, за ветлівасць і за адданасць сваёй культуры.
Карэспандэнт пацікавіўся ўражаннямі лідчан і ўдзельнікаў нацыянальных суполак.
Міхаіл Двілянскі, кіраўнік ансамбля яўрэйскай музыкі “Шалом”:
– Калектыў працуе творча і ў наступным годзе рыхтуецца сустрэць свой дваццаціпяцігадовы юбілей. Да гэтай даты зроблена вялікая справа – запісаны юбілейны дыск, у які ўвайшлі лепшыя творы розных гадоў. Я рыхтую артыкул з рабочай назвай “Музыка, з якой мы жывём”, у якім падводзяцца вынікі шматгадовай творчай працы. З калектывам мы запісалі песню “Шалом” – яна не новая, але вядомая і вельмі прыгожая, загучыць па-новаму ў наш юбілейы год. У калектыве з'явілася новая салістка Ларыса Шабаліна. У наступным годзе плануем свайго роду турнэ па гарадах Беларусі. Такая практыка ў нас ужо была на 15-гадовы юбілей – гастролі па беларускіх гарадах прайшлі паспяхова. “Шалом” хоча здзейсніць гастрольны тур зноў.
Вольга Пчыцкая, кіраўнік вакальнага ансамбля “Смярычка”:
– Мы чакалі гэты фестываль і актыўна рыхтаваліся. Спецыяльна да гэтай падзеі ў нас абноўленыя касцюмы. У нас склаўся новы дуэт: Аляксандр Ліцвіненка і Дзмітрый Пухнарэвіч. На працягу года мы не перарывалі рэпетыцыі. Падрыхтавалі блок песень да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Летась нам двойчы давялося выехаць на фестывалі украінскай песні ў Клайпеду. Акрамя таго, прымалі ўдзел у вялікім канцэрце, прысвечаным юбілею гродзенскага вакальнага ансамбля “Барвінак”. Увогуле, падтрымліваем сяброўскія адносіны з творчымі калектывамі. Штогод удзельнічаем ў Днях Украіны ў Мінску і сёлета спадзяёмся, што сітуацыя зменіцца і мы пабываем на гэтым свяце.
Аляксандр Гаштольд, саліст хору ветэранаў “Майскія зоры” Палаца культуры г. Ліды:
– Для мяне фестываль – гэта сапраўды свята. Свята сяброўства, узаемапавагі, адзінства, міжкультурнага дыялогу. Мы жывём у адным доме, Беларусі, і паяднаныя агульнымі сувязямі. Я па нацыянальнасці беларус, хаця прозвішча нагадвае пра літоўскія і нямецкія карані. Вучыўся на Украіне, спяваў у оперным тэатры г. Адэсы. Аб’ехаў увесь Савецкі саюз. І сёння ў маім рэпертуары рускія, украінскія, беларускія песні і ўсе яны блізкія мне па душы.
Ганна Комінч, салістка народнага ансамбля польскай песні “Крэсавяцы”:
– Нашаму калектыву сёлета споўнілася 30 год. Мы спявалі, спяваем і будзем спяваць. Вельмі любім спевы, польскія песні, таму нават нягледзячы на няпросты час, збіраемся разам. Запісалі ўжо чацвёрты дыск. Рэпертуар папаўняецца, і ў ім не проста народныя песні, а рэгіянальныя, гродзенскай мясцовасці. Мы рады, калі і сёння яны знайшлі водгук у сэрцах прысутных.
***
Можна не сумнявацца, што фестываль, які прайшоў сёлета ў вузкім коле, пакінуў найлепшыя ўражанні як у гледачоў, так і ва ўдзельнікаў. Несумненна, ён стане чарговай прыступкай у мацаванні цёплых адносін паміж прадстаўнікамі нацый і веравызнанняў.
Фестываль “Суквецце сяброўства” па традыцыі не развітваўся, а казаў “Да пабачэння”, “Да новых сустрэч”.