Мастацтва паперы і нажніц. У Лідзе працуе аўтарская выстава выцінанкі

05 Августа 2019 2054

Адправіцца ў краіну чароўнай выцінанкі можна, наведаўшы аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры. Тут адкрылася выстава работ таленавітага майстра Дар’і Юрчык.

Экспазіцыя сабрала больш за 60 работ, у кожнай з якіх свая складаная кампазіцыя, свае гісторыя, сюжэт, тэматыка. Адны карціны расказваюць аб цыкле жыцця беларусаў, другія знаёмяць з архітэктурай. У мудрагелістых узорах адлюстраваны таксама абрадавыя святы: Вялікдзень, Купалле. Можна з іншага боку пабачыць п’есу лялечнага тэатра “Батлейка” “Цар Ірад”. Ёсць нават калекцыя, прысвечаная мясцоваму майстру разьбы па дрэве Міхаілу Рышкевічу.

– Я натхнілася яго работамі і гэтыя пачуцці з дапамогай нажніц перанесла на паперу, – расказвае Дар’я Юрчык падчас экскурсіі па выставе. – Вось інтэр’ерныя лямпы. Выцінанка тут прадстаўлена на шкле. Калі запаліць святло, памяшканне “зальецца” малюнкам. Прасторавая выцінанка – дастаткова новы накірунак, спроба вярнуць гэты від мастацтва ў побыт людзей. Бо калі звярнуцца да гісторыі, можна заўважыць, што нашыя продкі актыўна выкарыстоўвалі выцінанку для ўпрыгажэння свайго побыту.

Дар’я Юрчык адзначыла, што выразаць з паперы ўзоры пачала ў 2004 годзе, калі паступіла ў Маладзечанскае музычнае вучылішча на аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Выцінанка адразу прывабіла дзяўчыну імкненнем да раўнавагі, прыемнай марудлівасцю і ў той жа час эфектам нечаканасці. “Упачатку ніколі не ведаеш, што будзе на выхадзе, як павядуць сябе папера, эскіз пад націскам нажніц”, – дадала майстар. За 15 гадоў “адносін” з выцінанкай Дар’я ўдзельнічала ў шматлікіх выставах і конкурсах рознага ўзроўню, неаднаразова станавілася іх прызёрам. Почырк лідскай мастачкі ўжо добра вядомы сярод беларускіх калег.

– Нягледзячы на тое што беларуская выцінанка ўжо даўно з’яўляецца сусветным брэндам, папяровыя карункі з нашай краіны ёсць у многіх замежных калекцыях, самі мясцовыя жыхары досыць прадузята і нават абмежавана ставяцца да гэтага віду мастацтва, – лічыць малодшы навуковы супрацоўнік аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Марына Савіцкая. –  А таму наведванне аўтарскай выставы Дар’і Юрчык для значнай часткі публікі можа стаць сапраўдным адкрыццём, аказацца глыбей, складаней і шматзначней за тое, што звычайна асацыюецца з немудрагелістым словам “выцінанка”. Сучасная выцінанка – гэта не проста ўпрыгажэнні для дома, гэта творы станковага мастацтва.

Аўтарская выстава выцінанкі будзе працаваць да канца жніўня.


Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться