Рыцарскі турнір, фестываль кваса i многае іншае пройдзе падчас святкавання 690-годдзя Ліды

27 Августа 2013 3549

Ліда рыхтуецца да грандыёзнай падзеі – урачыстага свята, прысвечанага 690-годдзю з дня яе заснавання. Робяцца апошнія штрыхі, прыбіраюцца вуліцы і дамы, заключныя карэкціроўкі ўносяцца ў праграму, узнёслы настрой апаноўвае лідчанамі. Чым парадуюць арганізатары жыхароў і гасцей горада, даведаўся карэспандэнт “Лідскай газеты”.

У гонар гістарычнай падзеі жыццём напоўніцца Лідскі замак. Будаўнічая пляцоўка на час звернецца, на тэрыторыі будзе наведзены парадак. А гаспадарамі замка на два дні стануць рыцары. Усю арганізацыю гістарычнага дзейства ўзяў на сябе лідскі рыцарскі клуб “Dies Magna”. У замку запланавана правесці рыцарскі турнір “Меч Лідскага замка”. Пацверджанне на ўдзел у ім ужо далі больш за дзесяць клубаў з Беларусі, чакаецца прыезд літоўскіх рыцараў. Калі больш дакладна, то ў суботу, 14 верасня, распачнецца камандны рыцарскі турнір.

Пасля яго заканчэння адбудуцца шэраг паядынкаў, канцэртнае выступленне, плануецца фаер-шоу. А ў нядзелю тут жа пройдуць фіналы індывідуальнага і каманднага турніраў. На тэрыторыі замка будуць працаваць тыр па стральбе з лука, майстар-клас каваля, гульнёвыя пляцоўкі (кіданне сякер, турнір лучнікаў), рамесныя рады, старадаўняя кухня. Як паведаміла карэспандэнту “Лідскай газеты” дырэктар гісторыка-мастацкага музея Ганна Драб, для наведвання будзе адкрыта вежа Вітаўта. Можна будзе набыць білеты двух відаў: на трыбуны або на галерэі.

У самім гісторыка-мастацкім музеі для гасцей адкрыецца шэраг выстаў. У белай зале распачнецца экспазіцыя “Мой горад” – вынік пленэра “Крыштальная палітра-2013”. Не меншую цікавасць уяўляе і яшчэ адна новая выстава – “Крылы над Лідай”, прысвечаная стагоддзю Лідскага аэрадрома. 

Ля сцен Лідскага замка расцягнуцца рады “горада майстроў”. Як паведаміла карэспандэнту дырэктар Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры “Спадчына” Алена Шчэліна, да нас з’едуцца ўмельцы з усёй Беларусі, сваю творчасць прадставяць пятнаццаць індывідуальных рамеснікаў-лідчан. Да ўдзелу запрашаюцца ўсе жадаючыя. Лідчане і госці свята змогуць убачыць і набыць вырабы ручной працы. Тут жа будуць працаваць майстар-класы.

Падчас урачыстасцей з нагоды юбілея горада адбудзецца і свята кваса. Яно развернецца на пляцоўцы “Фестывальнай”, што побач з падатковай інспекцыяй. Дэлегацыі розных рэгіёнаў Гродзеншчыны адкрыюць свае падвор’і, на якіх не толькі пакажуць, чым багаты, але і ўшануюць яго вялікасць Квас. Свята так і будзе называцца – “Яго вялікасць Квас”. На гэтай жа пляцоўцы адбудуцца выступленні артыстаў, пройдзе шэраг гульнёвых праграм, рэкламныя акцыі ААТ “Лідскае піва” з дэгустацыяй старадаўняга напоя. А надвячоркам рыхтуецца не зусім звычайны “Flash Mob” “Танцуючы горад”, падчас якога госці атрымаюць магчымасць павучыцца народна-бытавым танцам.

Вялікая канцэртная праграма рыхтуецца на галоўнай святочнай плошчы, якую ў Лідзе называюць дажыначнай, – ля Палаца культуры. Будзе дадзены вялікі канцэрт зорак беларускай эстрады, сярод якіх Іскуі Абалян, Саша Нэма, Ганна Шаркунова, Іван Буслай і іншыя. З двухгадзінным канцэртам выступіць у Лідзе і зорка расійскай эстрады. Якая?.. Інтрыга пакуль захоўваецца. А надвячоркам у суботу на галоўнай пляцоўцы стартуе праект “Энергія новага пакалення: Лідзе – 690”. Працягнуцца мерапрыемствы і на другі дзень. На дажыначнай плошчы творчую справаздачу дадуць лепшыя мастацкія калектывы Лідчыны, з багатай музычнай праграмай перад гледачамі выступяць навучэнцы Лідскага музычнага каледжа.

Падчас святкавання 690-годдзя Ліды будзе працаваць шэраг святочных пляцовак. З задавальненнем правесці час на той ці іншай, у адпаведнасці са сваім густам, зможа кожны жыхар або госць нашага горада-юбіляра.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться