Аграгарадок Ходараўцы Лідскага раёна адзначыў своеасаблівы дзень нараджэння

24 Июля 2013 6017

У мінулую суботу Ходараўцы адзначылі сваё свята – своеасаблівы дзень нараджэння вёскі, якая з нядаўніх пор стала аграгарадком і ўжо шмат гадоў (дакладна ? са студзеня 1940 года) з’яўляецца цэнтрам сельсавета. Ходараўскі сельсавет аб’ядноўвае чатырнаццаць населеных пунктаў, у якіх пражывае каля тысячы чалавек. Такім чынам, каб стаць удзельнікам свята, было каму і куды прыйсці. Нядаўна адрамантаваны цэнтральны Дом культуры гасцінна адчыніў свае дзверы для ўсіх гасцей, а супрацоўнікі клуба і артысты-аматары падрыхтавалі шырокую і цікавую праграму вечарыны. 

Калі рэдакцыйныя “Жыгулі” па дарозе на Ходараўцы абагнала машына старшыні мясцовага СВК, падумалася, што прысутнасць на свяце кіраўніка гаспадаркі, у якой працуе большасць насельніцтва аграгарадка, будзе мець для жыхароў асаблівую сімвалічнасць. І гэта думка падалася правільнай, бо само паняцце «культура» ? неад’емная частка шматлікіх складаемых нашага жыцця і працы. Да культуры земляробства таксама мае дачыненне.

З невялічкай затрымкай (прайшоў моцны дождж) зала клуба запоўнілася амаль цалкам. На прыгожа прыбранай сцэне вядучыя Юлія Яфімец і Алена Конан прывіталі прысутных і абвясцілі пачатак імпрэзы. 

З уступным словам выступіла старшыня Ходараўскага сельскага Савета Валянціна Валюк. Валянціна Бернардаўна пазнаёміла землякоў са статыстыкай у дачыненні да аграгарадка. Слухачы даведаліся, што ў Ходараўцах жыве 48 поўных сем'яў, дзе гадуюцца 88 дзяцей. 37 дзетак растуць у адзінаццаці шматдзетных сем'ях. Тры сям'і ў гэтым годзе адзначаюць свае сярэбраныя вяселлі. 

Далей сцэнарый свята, які распрацавала Марыя Шылкоўская, мастацкі кіраўнік ЦДК, традыцыйна ахапіў асноўныя напрамкі жыцця ў аграгарадку. Вядучыя вечарыны звярталіся са словамі ўдзячнасці да працаўнікоў СВК і работнікаў гандлю, выхавальнікаў дзіцячага садка і супрацоўнікаў пошты, да медыкаў і настаўнікаў. Старшыня сельскага Савета Валянціна Валюк віншавала і ўручала падарункі юбілярам, гаспадарам лепшых падвор'яў і кветнікаў, самай сталай жанчыне і маці самай маладой немаўляткі. Дарэчы, гэтыя падарункі – чайныя сервізы, крыштальныя цукерніцы і другія вырабы ? былі набыты з фінансавай дапамогай Лідскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза працаўнікоў дзяржаўных і іншых устаноў (старшыня ? Філіп Векслер). За віншаваннямі гучалі песні. 

Пра маладую, але ўжо вядомую на Лідчыне жаночую вакальную групу “Медуніца” Ходараўскага ЦДК трэба было б весці асобную размову: дзяўчаты спявалі так прыгожа, што нават малыя дзеці ў клубе змаўкалі падчас выканання, а дарослыя з удзячнасцю прымалі кожную песню і не шкадавалі далоней па заканчэнні выступлення. 

Свята закончылася. Сціхлі апладысменты. Людзі пачалі разыходзіцца. Месца побач са старшынёй сельскага Савета, пакінутае для кіраўніка мясцовай гаспадаркі, так і засталося пустым.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться