«VI Усебеларускі народны сход не будзе юбілейным па ліку, але стане гістарычным па сэнсе»

03 Февраля 2021 516
Кацярына Серафіновіч, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, галоўны рэдактар «Лідскай газеты»:

– Многае ўжо сказана пра Усебеларускі народны сход, як яго дэлегатамі, так і тымі, хто не зычыць краіне і яе народу дабра, спрабуючы зрабіць так, каб сход не адбыўся. Дарэмныя гэтыя старанні нядобразычліўцаў – шосты па ліку Усебеларускі народны сход пройдзе 11-12 лютага, і гэта будзе, я ўпэўнена, адна з найбольш важных падзей не толькі бягучага года, але і ў цэлым пяцігодкі. Гэта будзе мерапрыемства, на якім вызначацца грамадска-палітычны і сацыяльна-эканамічны накірункі жыцця краіны на бліжэйшую і больш аддаленую перспектывы.

Якімі яны будуць? Гэта пытанне сёння цікавіць многіх. У складзе прадстаўнікоў рэгіянальных СМІ мне давялося прысутнічаць на прэзентацыі праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады. Палажэнні Праграмы былі дэталёва разгледжаны і на абласным сходзе дэлегатаў Гродзенскай вобласці, акцэнт быў зроблены на развіццё прынёманскага краю. 

У цэлым уражвае праект Праграмы, у ім так граматна спалучыліся напрамкі, накіраваныя на развіццё прамысловага комплексу, высокатэхналагічных вытворчасцей, і разам з тым асноўнымі напрамкамі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў новай пяцігодцы стануць умацаванне інстытута сям’і, садзейнічанне занятасці, дастойная аплата працы, актыўнае даўгалецце… Так шмат увагі ўдзелена непасрэдна клопату аб чалавеку, аб кожным жыхары рэспублікі. Важна, каб усе грамадзяне краіны, нашы землякі азнаёміліся з праектам Праграмы, якая будзе абмяркоўвацца на ўсенародным форуме. Для гэтага на старонках “Лідскай газеты”, на яе сайце, у сацыяльных сетках рэдакцыяй размешчаны палажэнні Праграмы. 

Упэўнена, сваё слова скажуць дэлегаты сходу. А гэта людзі, якія не толькі вызначыліся ў жыцці з прафесіяй і дасягнулі ў ёй значных поспехаў, але і маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю і працуюць на ўсеагульную карысць. Такіх патрыётаў краіны я часта сустракаю сярод сваіх калег, сярод тых лідчан, з кім даводзіцца мець стасункі па працы, і, безумоўна, у Савеце Рэспублікі. 

Адданыя сваёй сям’і, справе, Радзіме людзі маюць права і магчымасць сказаць сваё слова пры вырашэнні будучыні краіны. У Год народнага адзінства мы ўсе, незалежна ад сацыяльнага статусу, палітычных поглядаў, павінны згуртавацца вакол самых важных для нас каштоўнасцей і дбаць аб міры і згодзе ў нашым агульным доме – Беларусі.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться