Што здзівіла місію СААЗ у Беларусі?

16 Мая 2020 898
Думаю, многія гараджане памятаюць, што сёння той суботні майскі дзень, у які на працягу дзесяцігоддзяў праводзілася традыцыйная легкаатлетычная эстафета на прызы “Лідскай газеты”. Сёлета яна павінна была прайсці ў 68-ы раз. Не сталася… Каранавірусная інфекцыя ўнесла свае карэктывы…

Эстафета праводзілася з 1952 года. У 2022 годзе яна павінна была стаць юбілейнай – 70-й па ліку. Цяпер храналогія самага масавага і з самай працяглай гісторыяй спартыўнага мерапрыемства раёна стане іншай.

Увогуле, пасля заканчэння пандэміі іншым стане не толькі адлік некаторых мерапрыемстваў – зменяцца многія рэчы. І я нават не бяру ў разлік такую рэч, як глабалізацыя свету, якая аказалася не такой трывалай з’явай, як гэта ўяўлялася. Так, мы раней чулі пра землятрусы, затапленні, пажары і ведалі, што краіны, якія знаходзяцца ў эпіцэнтры бедства, рэагуюць вядомымі мерамі. Цяпер вірус закрануў большасць краін свету. Адказ на выклік прагучаў па-рознаму.

Відавочным стала тое, што Беларусь, захаваўшы сістэму эпідэміялагічнага нагляду (ад якой паспяшаліся пазбавіцца іншыя краіны, а цяпер пачынаюць адраджаць санітарную службу), дзяржаўную медыцынскую дапамогу (у рэспубліцы нават у бальніцах раённых цэнтраў ёсць інфекцыйныя аддзяленні, у Лідскім раёне ў тым ліку), ішла ў правільным кірунку. І перад глабальным выклікам, ад якога іншыя краіны ўвайшлі ў вострае піке і не змаглі прадпрыняць нічога іншага, як жорсткія каранцінныя меры, аказалася ў стане эфектыўна супрацьстаяць распаўсюджанню віруса, выбраўшы тры лініі абароны: эпідэміялагічнае расследаванне і ліквідацыю ачагоў, медыцынскую дапамогу і меры дыстанцыравання.

Гатоўнасць краіны супрацьстаяць пандэміі ацанілі і эксперты місіі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, якія па запрашэнні Прэзідэнта працавалі ў Беларусі з 8 па 11 красавіка. Яны атрымалі доступ да ўсіх даных, якія хацелі, і наведалі медустановы па сваім жаданні. Ацэньваючы ўбачанае, сказалі: “Мы не разумеем, чаму так шмат робіцца ў вашай краіне і так мала вы пра гэта гаворыце”.

Асобная размова пра дактароў, медсёстраў, фельчараў, усіх, хто выйшаў на першыя пазіцыі ў дапамозе людзям, якіх закрануў каранавірус. Нашы ўрачы ў няпростых абставінах паказалі сябе прафесіяналамі, тымі, для каго клятва Гіпакрата не пусты гук. Яны ўпэўнена і прафесійна аказваюць дапамогу хворым людзям, ім, прафесіяналам з вялікай літары, надзеленым чалавекалюбствам, няма часу (ды і падстаў!), каб крычаць у мікрафоны сумніўным асобам: “Усё прапала, нічога добрага няма…” і г. д.

Нашы медыкі ведаюць цану працы, цану слова. Ім – павага і ўдзячнасць, і не толькі ў маральным плане. Вядома, што Прэзідэнтам нашай краіны падпісаны Указ “Аб матэрыяльным стымуляванні работнікаў аховы здароўя” – за работу ва ўмовах, звязаных з інфекцыямі, ім устаноўлена значная штомесячная надбаўка.

Клопат аб медыцынскіх работніках, адэкватныя меры перасцярогі, рэкамендаваныя людзям, разам з прынятымі на дзяржаўным узроўні рашэннямі аб эканамічных мерах падтрымкі найбольш уразлівых у гэтай сітуацыі сфер эканомікі – гэта таксама складнікі сістэмы, накіраванай на спыненне распаўсюджання каранавіруснай інфекцыі і барацьбу з яе наступствамі.

Ды сказаць хацелася нават не пра гэта, а пра тое, што так важна цяпер адчуваць салідарнасць з тымі, хто супрацьстаіць вірусу, павагу да людзей, якія прымаюць важныя рашэнні на карысць грамадства і нясуць за іх адказнасць.

А мерапрыемствы ў нашым жыцці яшчэ будуць. Цікавыя і змястоўныя. Абы было ў нас жаданне іх наведваць. Будуць і майскія світанкі з трэлямі салаўёў, і цёплыя вечары, напоеныя пахам свежаскошанай травы. Увогуле, наталяцца гэтымі дабротамі можна і цяпер. Рэкамендуючы разумную асцярожнасць пры наведванні грамадскіх месцаў, нас ніхто не закрывае ў дамах і кватэрах, не пагражае штрафамі за знаходжанне на вуліцы (неабходнасць самаізалявання для некаторых іншая справа) і не абмяжоўвае ў праве адчуваць паўнату жыцця.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться