«Вуліца імя героя». «Любімчык палка» – так называлі аднапалчане Мікалая Выдайку

27 Марта 2020 935

«Любімчык палка» – так называлі аднапалчане гвардыі маёра 24-га гвардзейскага Чырванасцяжнага палка 5-й гвардзейскай Бесарабскай дывізіі Мікалая Выдайку.


З першых дзён вайны сын украінскай зямлі ўдзельнічаў у многіх баявых аперацыях, праявіў мужнасць і адвагу падчас сталінградскіх баёў, за што быў узнагароджаны медалём «За абарону Сталінграда». Удзельнічаў у вызваленні Беларусі, геройскі загінуў у ліпені 1944 года падчас налёту варожай авіяцыі пад Гродна.

Лідчане памятаюць маёра Выдайку як вызваліцеля горада. У гонар франтавіка-героя названа адна з вуліц Ліды.

Мікалай Выдайка нарадзіўся ў 1913 годзе ў вёсцы Цярноўка Дшулінскага раёна Вінніцкай вобласці ў сям'і селяніна. Працоўную дзейнасць пачаў у 1932 годзе, настаўнічаў. У 1941 годзе прызваўся на фронт.

У 24-м гвардзейскім Чырванасцяжным палку гвардыі маёр быў намеснікам камандзіра палка па палітчастцы. Умеў словам дастукацца да салдат, асабістым прыкладам мужнасці і адвагі натхняў увесь асабісты склад на выкананне баявой задачы. 1 ліпеня 1944 года, калі праціўнік пры падтрымцы трох бронетранспарцёраў перайшоў у контратаку, маёр з асабістым складам стойка ўтрымліваў плацдарм на рацэ Гайне. І ўтрымаў яго. Пры гэтым былі знішчаны дзве роты праціўніка і адзін варожы самалёт. А ўжо 3 і 4 ліпеня полк штурмам авалодаў мястэчкам Чырвонае, захапіўшы склады праціўніка з боепрыпасамі, гаручым і іншай ваеннай маёмасцю. Пазней у сваіх успамінах гвардыі маёр Астроўскі пісаў пра Выдайку:

«Яго заклік пранікаў у душу кожнага байца. Мы ўсе чулі яго словы, мы ўсе ішлі ў бой, і кожны з нас успамінаў усё тое, што бачыў раней, каб за ўсё прычыненае зло адпомсціць ворагу. Раніцай 25 чэрвеня завязаўся бой за сяло Яснае Віцебскай вобласці. Праціўнік з перавышаючымі сіламі ўпарта абараняў мяжу. «Таварышы! – звярнуўся да байцоў гвардыі лейтэнант Марозаў. – Мы ўсе чулі словы гвардыі маёра Выдайкі пра тое, што там, за лініяй фронту, стогне народ, чакае нас, воінаў-вызваліцеляў. Так наперад, на захад!» Грозная лавіна коннікаў рынулася ў бой. Праціўнік не выстаяў, яго супраціўленне было зламана».

Ішлі баявыя дні. Маёр Выдайка з'яўляўся сярод салдат то ў адным, то ў другім падраздзяленні. Байцы абкружалі яго, засыпалі пытаннямі, і на кожнае ён даваў вычарпальны адказ: “Біць ворага!”

Вызваленне горада Ліды ад нямецкіх акупантаў – асобная старонка ў баявой біяграфіі маёра. 7 і 8 ліпеня полк, ведучы бой з танкамі і мотапяхотай праціўніка, авалодаў чыгуначнай станцыяй Юрацішкі, затым перарэзаў бальшак Ліда-Іўе. У гэтых баях былі знішчаны прыкладна рота праціўніка, два транспарцёры, спалены чатыры нямецкія танкі і чатыры аўтамашыны. Полк упэўнена прасоўваўся да Ліды. Выдайка натхніў асабісты склад на выкананне баявой задачы. Добра прадуманай і арганізаванай расстаноўкай сіл у самых складаных умовах баявых дзеянняў маёр змог забяспечыць байцоў боепрыпасамі і харчаваннем, арганізаваць вынас з поля бою параненых і эвакуацыю іх у санустановы. Ліда была вызвалена.

Баі за Гродна аказаліся не менш цяжкімі. Праціўнік прымаў усе меры, каб затрымаць наступленне коннагвардзейцаў. Выдайка звярнуўся да байцоў, і гэта было апошняе выступленне на мітынгу пры атрыманні баявога загаду:

«Хто бачыў спаленыя гарады і вёскі, хто бачыў слёзы на вачах маці, хто чуў стогны і плач дзяцей і старых, хто любіць сваю радзіму, у таго міжволі павінна падняцца грозная рука са зброяй над галавой ворага…»

Немцы ішлі ў атаку пры падтрымцы танкаў і авіяцыі. З успамінаў гвардыі маёра Дамініка Вадзінскага:

«Праціўнік увёў у бой танкі і штурмавыя прылады. Некалькім танкам удалося прарвацца да агнявой пазіцыі мінамётчыкаў. Пайшлі ў ход супрацьтанкавыя гранаты. Два танкі ахуталіся дымам, іншыя палівалі нас смяротным свінцом. Да нас на выручку падаспела супрацьтанкавая батарэя старшага лейтэнанта Агафонава. Прыбыў маёр Выдайка. Ён на свае вочы ўбачыў карціну бою. У гэтым баі загінула шмат мінамётчыкаў, частка атрымала раненні. Вялікія страты былі і ў іншых падраздзяленнях палка. Маёр Выдайка падышоў да мяне і па-сяброўску абняў: «Прашу цябе, зрабі ўсё магчымае і пратрымайся яшчэ некалькі гадзін. Іншым таксама не лягчэй. Адпраў параненых і пахавай забітых».

Гэта была іх апошняя сустрэча. 13 ліпеня 1944 года ў 20.00 асколкам варожай бомбы жыццё камісара абарвалася. Вестка аб гібелі ўлюбёнца палка глыбокім болем адгукнулася ў сэрцах салдат і афіцэраў.

«Нас апавясцілі, што маёр Выдайка загінуў, – піша ва ўспамінах Вадзінскі. – Праціўнік нанёс удар па камандных пунктах палка. Я адзіны раз за ўсю вайну па тэлефоне звярнуўся да камандзіра палка падпалкоўніка Пятра Ткаленкі з просьбай дазволіць мне выйсці з бою і пакінуць замест сябе намесніка. Падпалкоўнік, ні аб чым не спытаўшы мяне, сказаў: «Дазваляю».

У двары нейкага дома каля цела Мікалая Выдайкі стаялі начальнік палітаддзела дывізіі, камандзір палка, парторг і яшчэ некалькі афіцэраў штаба. Развітанне было кароткім, а затым цела адправілі ў Ліду, дзе пахавалі. Салдаты і афіцэры 24-га гвардзейскага Чырванасцяжнага ордэна Суворава кавалерыйскага палка працягвалі весці бой за горад Гродна. Кожны імкнуўся адпомсціць ворагу за смерць камісара.

Маёр Выдайка прайшоў слаўны баявы шлях. За выдатнае выкананне заданняў камандавання на фронце быў узнагароджаны медалямі «За адвагу», «За абарону Сталінграда», ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I і II ступеняў. А 14 ліпеня 1944 года падпалкоўнік Жураўлёў запоўніў узнагародны ліст героя. 24 сакавіка 1945 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР маёр Мікалай Выдайка пасмяротна быў узнагароджаны ордэнам Леніна.

Сёння адна з вуліц горада Ліды носіць імя героя, а ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі захоўваецца медаль «За абарону Сталінграда», афарбаваная крывёю. Унікальны экспанат – наглядны прыклад сапраўднага гераізму. І пра гэта ніколі не забываліся мясцовыя жыхары. 31 мая 1965 года рашэннем Савета дэпутатаў працоўных адна з вуліц горада стала насіць імя Мікалая Фёдаравіча Выдайкі.

– Я ведаю, што гэта быў савецкі воін, які загінуў пры налёце варожай авіяцыі, – кажа жыхарка вуліцы Надзея Канстанцінаўна Бяляўская. – Ён пахаваны ў брацкай магіле ў нашым гарадскім парку. Менавіта туды штогод мы прыходзілі са сваім працоўным калектывам у дні галоўных дзяржаўных святаў – 9 Мая і Дня Незалежнасці – каб ускласці кветкі. Але потым, па прычыне ўзросту, эстафету перадалі нашаму падрастаючаму пакаленню. Упэўнена: яны таксама перададуць яе сваім дзецям.

– Маёр Выдайка, як і многія воіны Чырвонай Арміі, якія змагаліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, склаў галаву за свабоду і незалежнасць Беларусі, – кажа Канстанцін Доўжык, таксама жыхар вуліцы Выдайкі. – Яны прайшлі выпрабаванне агнём і праверку на чалавечнасць. І вельмі важна, што ніхто не забыты, што наша вуліца носіць імя героя. Салдаты той страшнай вайны павінны быць увекавечаны ў памяці пакаленняў.

– Ніколі не сатруцца з памяці суровыя выпрабаванні 1941-1945 гадоў, якія вялізным цяжарам ляглі на плечы нашых прадзедаў, – адзначыла лідчанка Вераніка Голуб. – Менавіта савецкія воіны ўпісалі сваю гераічную старонку ў гісторыю вайны. І Мікалай Выдайка – у іх ліку. Памяць аб доблесным маёры ўвекавечана ў назве адной з вуліц прыватнага сектара горада. Кожны яе жыхар ведае слаўную гісторыю подзвігу байца.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться