Алена Пасюта правяла сустрэчу з дэпутацкім актывам у Бераставіцкім раёне
Рух наперад
На пачатку сустрэчы адзначалася, што Бераставіцкі раён не стаіць на месцы, многае радуе вока: як дагледжаныя палеткі, так і выгляд населеных пунктаў. Але гэта не значыць, што можна супакоіцца. На парадку дня нямала праблем, якія трэба паслядоўна вырашаць.
Па словах старшыні сельвыканкама Ганны Болдак, у аграгарадку Вялікія Эйсманты ствараюцца ўсе ўмовы для камфортнага пражывання ў сельскай мясцовасці. Выконваюцца стандарты па сацыяльным і медыцынскім абслугоўванні, адукацыі, гандлёвым забеспячэнні. Працуе Дом культуры, школа мастацтваў, ёсць конна-спартыўная школа, дзе аказваюцца паслугі іпатэрапіі. Развіццю тэрыторыі спрыяе і адносная блізкасць да абласнога і раённага цэнтраў. Адной з адметных асаблівасцяў аграгарадка з’яўляецца брэндавае свята «Эйсмантаўскі фэст», якое дэманструе талерантныя адносіны паміж праваслаўнай і каталіцкай канфесіямі.— Наша галоўная задача накіравана на работу з насельніцтвам, — зазначыла Алена Пасюта. — Тое, як працуе зваротная сувязь, дазваляе распрацоўваць стратэгію развіцця ў сваёй мясцовасці і, такім чынам, крок за крокам рухацца наперад.
Вялікая работа па добраўпарадкаванні была праведзена падчас падрыхтоўкі да раённых «Дажынак».
Значныя сродкі на навядзенне парадку ўкладзены мясцовым сельгаспрадпрыемствам «Варанецкі», якое ўзначальвае Юрый Ярэміч. Ён паведаміў, што на падрыхтоўку да «Дажынак» патрачана 400 тысяч рублёў.Дарэчы, сёлета ў Бераставіцкім раёне прынята новая канцэпцыя, звязаная са святам хлебаробаў. Цяпер «Дажынкі» будзе прымаць не раённы цэнтр, а кожны аграгарадок па чарзе. Месцы правядзення свята вызначаны на найбліжэйшыя тры гады. Першым якраз і сталі Вялікія Эйсманты. Тут да свята ў гарадскім парку з’явілася гандлёвая зона і музычны фантан з каляровай падсветкай. Новыя лакацыі сталі працягам добраўпарадкавання паркавай зоны, плошча якой складае 2,5 гектара.
Ёсць планы і на далейшае ўдасканальванне паркавай інфраструктуры.
Мяркуецца, што работы будуць весціся на працягу двух гадоў. За гэты час трэба давесці да ладу дзіцячую пляцоўку, дадаць сюды новыя элементы, у тым ліку батут. Для падлеткаў на спартыўнай пляцоўцы плануецца ўстанавіць адпаведныя трэнажоры. Не будзе пакінуты без увагі і так званы «Мосцік закаханых», каля якога ёсць намер уладкаваць фотазону з карэтай і конікам. Але самым маштабным праектам парку стане міні-басейн і цяплічка. «Сёння парк працуе на людзей, але яго патэнцыял не да канца асвоены. Тут яшчэ можна ўвасобіць нямала карысных ідэй», — лічыць Юрый Ярэміч. Але разам з тым зазначае, што ўсе задумкі будуць ажыццяўляцца ў адпаведнасці з фінансавымі магчымасцямі.
Заканадаўства ў дапамогу
Новыя ідэі вельмі важна рэалізаваць, лічыць старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта. Калі ёсць жаданне, сродкі можна знайсці, у тым ліку ў абласным і рэспубліканскім бюджэтах. У сувязі са змяненнем заканадаўства «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні» з’явілася магчымасць рэалізаваць свае праекты ў рамках конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў. Бераставіцкі раён адзін з нямногіх, дзе пакуль не скарысталіся такой магчымасцю. Між тым, алгарытм гэтай работы ўжо адпрацаваны і мае добры вынік.
Некалькі праектаў можа прапанаваць Эйсмантаўскі сельскі Савет пры падтрымцы мясцовай гаспадаркі. Напрыклад, тая ж спартыўная пляцоўка ці рэканструкцыя мосціка закаханых. Але, згодна з умовамі конкурсу, патрэбны і актыўны ўдзел ініцыятыўных грамадзян. Думаю, што насельніцтва гатова аб’яднацца, каб ажыццявіць дадзеныя праекты. Бо наша агульная задача — гэта аб’яднанне людзей дзеля агульнай справы.— У Гродзенскай вобласці да канца года будзе рэалізавана 15 ініцыятыў.
Найлепшым прыкладам такой супольнасці з’яўляецца добраўпарадкаванне месцаў агульнага карыстання, у прыватнасці цэнтральнага парку. Пакуль работа тут вядзецца толькі сіламі гаспадаркі.А грамадзянская ініцыятыва — той самы механізм, які выконвае сацыяльную функцыю, — упэўнена Алена Пасюта.
Па словах старшыні Бераставіцкага раённага Савета дэпутатаў Паўла Панкевіча, інфраструктура парку напаўняецца паэтапна. Напачатку была ўсталявана зона для гледачоў, якая стала месцам правядзення масавых мерапрыемстваў.
Паступова з’явіліся іншыя лакацыі, і гэтыя работы будуць працягвацца, падкрэсліў падчас экскурсіі па парку старшыня райсавета.
Ён зазначыў, што месца адпачынку прыйшлося даспадобы ўсім пакаленням мясцовых жыхароў. Яны таксама ўносяць свае прапановы наконт элементаў інфраструктуры. Гэтыя ідэі падтрымліваюцца, асабліва тыя, што датычаць маладзёжнага асяроддзя. Напрыклад, быў добраўпарадкаваны вадаём, адхоны якога абклалі камянямі і зладзілі дэкаратыўныя дарожкі.Талака — гэта па-нашаму«Магчыма, справа пойдзе хутчэй, калі мы зможам атрымаць фінансавую падтрымку праз конкурс грамадзянскіх ініцыятыў. Гэта будзе для нас добрай дапамогай, тым больш што ўсе складнікі ў нас ёсць: сельскі Савет, спонсар у асобе мясцовай гаспадаркі і ініцыятыўныя жыхары. Таму думаю, што ў наступным годзе ад нас таксама паступяць заяўкі на ўдзел у абласным конкурсе праектаў», — запэўніў старшыня райсавета.
Менавіта ўдзел саміх жыхароў з’яўляецца самай галоўнай умовай праекта.
У гэтым сутнасць самога конкурсу, які аб’ядноўвае людзей дзеля значных для іх жыцця мэт.
Наогул, гэта ў традыцыях і менталітэце беларусаў — працаваць талакой.— Для таго, каб людзі цанілі свой родны куток, яны павінны прыняць удзел у яго добраўпарадкаванні. Вопыт суботнікаў тут вельмі дарэчы.
Мы не жылі ніколі асобна. А грамадзянскія ініцыятывы дапамагаюць аб’яднаць вялікую колькасць людзей, уцягваюць іх у сумесную грамадска карысную дзейнасць, — падкрэсліла ў ходзе дыялогу Алена Пасюта.
На яе думку, вельмі важна, каб такія ініцыятывы зыходзілі ад саміх жыхароў і былі накіраваны на кансалідацыю грамадства. У гэтым плане неабходны жывыя кантакты органаў улады, дэпутатаў з насельніцтвам, бо толькі такім чынам можна зразумець, якія праблемы яго хвалююць, і знайсці шляхі вырашэння, дабіцца рэальнага паляпшэння жыцця людзей.
Напрыклад, у сельгаспрадпрыемстве «Варанецкі», дзе працуе 430 чалавек, вялікую ўвагу надаюць замацаванню кадраў. Маладыя спецыялісты атрымліваюць даплаты, для пражывання ёсць трохпакаёвая кватэра, закуплена новая мэбля. Сярэдняя зарплата па гаспадарцы склала за першыя паўгода 2300 рублёў.Вялікія Эйсманты — адзін з аграгарадкоў, дзе расце колькасць насельніцтва. А гэта той індыкатар, які разам з экалогяій ацэньвае якасць жыцця, зазначыла Алена Пасюта. Па яе словах, у Бераставіцкім раёне створана нераўнадушная каманда, якая зацікаўлена ў яго развіцці.