На першым плане – бяспека людзей. Прайшло чарговае выязное пасяджэнне прэзідыума Лідскага раённага Савета дэпутатаў
19 Января 2019
1642

Адкрыла работу пасяджэння член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш.
З дакладамі па акрэсленых пытаннях выступілі намеснік старшыні райвыканкама Віктар Пранюк, начальнік Лідскага РАНС Дзмітрый Бяляўскі, галоўны інжынер ВУ “Лідагаз” Андрэй Кузьміч, намеснік галоўнага інжынера Лідскіх электрычных сетак Валерый Баяроўскі, загадчыца псіханаркалагічнага дыспансера Лідскай ЦРБ Ірына Федаровіч.
У выступленнях гучала: у 2018 годзе на тэрыторыі раёна адзначалася змяншэнне колькасці пажараў у параўнанні з 2017 годам. Паказчык колькасці пажараў на 10 тысяч насельніцтва ў Лідскім раёне складае 7,51, што ніжэй за сярэднеабласны паказчык. Такі вынік не матэрыялізаваўся ў рэчаіснасці толькі з добрых пажаданняў – гэта вынік мэтанакіраванай, прадуманай работы. На гэтым моманце акцэнтаваў увагу Віктар Пранюк і прывёў факты: за 2018 год у дамах ведамаснага падпарадкавання было ўстаноўлена 1 130 АПА, на выдзеленую з раённага бюджэту адрасную сацыяльную дапамогу адрамантавана 200 пячэй, 130 электрычных праводак. “Спыняцца нельга – гэта работа павінна весціся пастаянна”, – сказаў Віктар Францавіч.

На пасяджэнні былі агучаныя і такія факты: колькасць пажараў у домаўладаннях змяншаецца, у многім таму, што ў раёне добра пастаўлена работа аглядальных камісій, але ўжо намеціўся рост колькасці пажараў у гаспадарчых пабудовах. Вядома ж, гаспадары гэтых пабудоў, якія ў нашай мясцовасці яшчэ называюць “летнімі кухнямі”, а таксама хлявоў і гаражоў аб пажарнай бяспецы клапоцяцца ў апошнюю чаргу, у выніку пазбаўляюцца саміх пабудоў і ўсяго, што ў іх знаходзіцца.

Намечаны шэраг іншых дзейсных мер для павышэння ўзроўню бяспекі жыхароў Лідчыны. Яны будуць рэалізоўвацца на працягу года.
На пасяджэнні са станоўчага боку адзначалася работа аглядальнай камісіі Дубровенскага сельскага выканаўчага камітэта (старшыня – Юрый Вітук) і Мажэйкаўскага сельскага выканаўчага камітэта (старшыня – Алег Саўрас), якія паказалі высокія вынікі ў прафілактычнай рабоце па папярэджанні пажараў.

Затым у членаў раённага прэзідыума, удзельнікаў выязнога пасяджэння была магчымасць пазнаёміцца з работай ПАВП-11 Лідскага РАНС. Начальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага пункта Марат Пазняк расказаў пра новую тэхніку, якой аснашчаны мясцовыя выратавальнікі. Новая пажарная машына (дарэчы, беларускай вытворчасці) аснашчана ўсім неабходным для аказання дапамогі людзям, якія трапілі ў бяду. З дапамогай сучаснага абсталявання выратавальнікі ў лічаныя хвіліны могуць вызваліць людзей з заблакіраваных машын, якія трапілі ў аварыю, аказаць дапамогу таму, хто трапіў у палонку… Ды ці мала бывае непрадказальных сітуацый, калі патрэбныя не толькі вопыт і ўменні выратавальнікаў, але і спецыяльнае абсталяванне?

– 10 тон вады хапае, каб патушыць пажар дома без дадатковых водных крыніц, – тлумачыць Дзмітрый Бяляўскі. – Такія машыны асабліва патрэбныя ў сельскай мясцовасці, дзе не заўсёды ёсць магчымасць хутка запоўніць аўтацыстэрны вадой.




Акрамя Беліцы, такія машыны ёсць у Бярозаўцы і Лідзе. Увогуле, плануецца, што і далей будзе весціся абнаўленне машыннага парку (сёлета яго папоўніць яшчэ адна машына) раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, бо бяспека людзей, а пры неабходнасці іх выратаванне – гэта тое, на чым не эканомяць.

Быць у Беліцы – і не наведаць мясцовыя славутасці? Гісторыя гэтага аграгарадка ўнікальная – недарэмна ёй былі прысвечаны праграмы рэспубліканскага тэлебачання. Паглядзець тут ёсць што. Найперш быў наведаны касцёл Святога Юрыя. Пробашч парафіі ксёндз Валянцін Хвядук расказаў пра яго гісторыю і паведаміў важную падрабязнасць: у жніўні плануецца кансэкрацыя касцёла. Гэта падзея, безумоўна, увойдзе ў гісторыю мясцовай святыні.

Гасцям Беліцы варта наведаць і яе музейныя пакоі. Адзін з іх арганізаваны ў мясцовай школе былой настаўніцай геаграфіі Соф’яй Заенчукоўскай у 2004 годзе. Цяпер ім кіруе Часлава Валюк, таксама настаўніца геаграфіі. Найбольш каштоўныя экспанаты тут – кнігі, якія датуюцца XVIII стагоддзем.



Пра што думалася падчас гэтых экскурсій? Пра тое, што нашы продкі былі дасведчанымі людзьмі. Зразумела, што тэхнічны прагрэс быў не на тым узроўні, на якім ён знаходзіцца цяпер, але тэхналогіі рамёстваў гавораць пра высокі ўзровень майстроў, вышыўкі – пра талент і густ жанчын, якія дбалі аб сямейных традыцыях і знешняй прыгажосці, кнігі – пра цягу да ведаў… Не горшая спадчына, праўда? Адназначна выклікае павагу, а яшчэ – жаданне захаваць самабытнасць беларускай культуры для нашчадкаў тых, хто жыў у мінулым.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.