Мястэчка, якога ўжо няма на карце, або Дзе ў Лідскім раёне знаходзілася вёска Кабыльнікі?
13 Января 2025
907

Аказваецца, не толькі людзі мяняюць свае імёны на больш мілагучныя, але і населеныя пункты. Напрыклад, вёска з паэтычнай назвай Крыніцы яшчэ паўстагоддзя таму была Кабыльнікамі. Чаму змянілі тапонім, і як новая назва паўплывала на лёс мясцовых жыхароў? Каб разгадаць даўнія таямніцы, журналіст “Лідскай газеты” адправілася ў Дварышчанскі сельсавет.
Што агульнага паміж шчаўем, лавай і працавітымі сялянамі? Сувязь знойдуць хіба што местачкоўцы, якія цікавяцца гісторыяй сваёй вёскі. Яны кажуць, што існуюць тры версіі, паводле якіх паходзіць назва вёскі Кабыльнікі. Першая звязана са шматгадовай травяністай раслінай – конскім шчаўем, якая раней была распаўсюджана ў гэтых мясцінах. У народзе яе яшчэ называлі кабылякамі. Некаторыя ж мяркуюць, што назва вёскі Кабыльнікі паходзіць ад спецыяльнай лавы для пакаранняў, якую сяляне называлі кабыла або кабылка. “Лепей не рызыкуй, бо пойдзеш кабылу нюхаць”, – казалі тым, каму пагражалі публічнымі розгамі. Але гэтую версію мясцовыя жыхары прымаюць не з ахвотай. Бліжэй за ўсё ім апошняя легенда, паводле якой жылі ў Кабыльніках працавітыя, сумленныя людзі. Яны, як тыя кабылкі, моўчкі цягнулі на сваіх плячах усе цяжкасці прыгатаванага ім лёсу.

Насамрэч, жыццё простых людзей у мінулых стагоддзях было нялёгкім. Землі, на якіх з’явіліся лідскія Кабыльнікі, у першай палове XV стагоддзя былі ўласнасцю вялікіх князёў літоўскіх, у другой палове XV стагоддзя перайшлі баярам вялікакняжаскага акружэння. Гісторыкі лічаць, што вёска заснавана не пазней за XVІ стагоддзе, таму што найбліжэйшае буйное паселішча – Дворышча – пісьмова згадваецца ў 1520 годзе.
– З канца XVІ стагоддзя і да 1773 года Кабыльнікамі валодала Віленская езуіцкая акадэмія. Амаль 200 гадоў прадукты і даходы ішлі на ўтрыманне студэнтаў і прафесараў, – расказвае гісторык Валерый Сліўкін, які амаль усё сваё жыццё збірае звесткі пра Лідскі раён. – Пасля расфарміравання ордэна езуітаў вёска пайшла па руках: ёю валодалі суддзя Міхаіл Ромер, слонімскі земскі суддзя Ігнацій Шукевіч, навагрудскі падкаморы Стэфан Незабытоўскі, а з 1815 года – Войцех Ян Пуслоўскі.
На асобе Войцеха Пуслоўскага хочацца спыніцца, бо менавіта з гэтага таленавітага прадпрымальніка пачалося развіццё прамысловасці на нашых землях. Войцех Пуслоўскі першым стаў выкарыстоўваць паравыя рухавікі ў вытворчасці і паклаў пачатак мануфактуры “Альбярцін”. Гэта папяровая фабрыка працуе ў Слоніме і па сённяшні час. Скупліваючы маёнткі, якія прадаваліся былымі гаспадарамі за даўгі ці па добрай волі, ён стварыў вялізную зямельную латыфундыю ў Слонімскім, Пінскім і Віленскім паветах. У Лідскім жа павеце Войцеху Пуслоўскаму належалі Геранёны, Ліпнішкі, Тракелі, Дворышча і, вядома, Кабыльнікі.
Рэформа, якая змяніла жыццё сялян
Так, гутарка ідзе пра адмену прыгоннага права. У 1865 годзе жыхары Кабыльнікаў атрымалі па 20 дзесяцін зямлі. Самымі буйнымі былі гаспадаркі Юзэфа Барылы, Юрыя Яскеля, Івана Стасюкевіча, Мацвея Бычынскага, Сямёна Лыскаўкага, Міхала Залогі, Юрыя Вайтовіча, Юзэфа Жука і інш. Упэўнены, што сярод гэтых прозвішчаў сучасныя жыхары вёскі Крыніцы знойдуць імёны сваіх прадзедаў. І хоць гэтыя “вольныя” сяляне штогод павінны былі ўносіць выкупныя плацяжы, жыццё іх, бясспрэчна, змянілася да лепшага. Аб гэтым сведчыць і перапіс мясцовага насельніцтва, паводле якога колькасць жыхароў вёскі павялічылася ўдвая. Так, у 1900 годзе ў Кабыльніках пражывала 180 чалавек. Яны апрацоўвалі зямлю, разводзілі жывёл, наймаліся для перавозкі грузаў, хтосьці нават гандляваў саматканым палатном і гаспадарчай дробяззю.

Але такім размераным жыццё простых людзей было нядоўга – пачалася Першая сусветная вайна. З Лідскага павета на службу заклікалі каля 17 тысяч мужчын. З Кабыльнікаў адправіліся на вайну больш за 20 чалавек.
– У верасні 1915 года кайзераўскія войскі ўвайшлі ў Ліду. З той пары жыццё сялян рэгламентавалася загадамі і распараджэннямі нямецкай адміністрацыі. Людзі жылі ў пастаянным дэфіцыце лекаў і мыла. Перамяшчэнне дазвалялася толькі пешшу ў межах паселішча. Уначы дзейнічала каменданцкая гадзіна. Усе людзі ва ўзросце ад 16 да 60 гадоў абавязаны былі плаціць грашовыя падаткі і аддаваць частку сваіх прадуктаў харчавання.
Другая сусветная вайна
– Толькі жыхары Кабыльнікаў крыху акрыялі ад Першай сусветнай вайны, як апынуліся на парозе новага ўзброенага канфлікту. У пачатку 1941 года сярод вяскоўцаў зноў прайшла мабілізацыя, на гэты раз ў Чырвоную армію. Праз год на лідскіх землях распачаўся партызанскі рух, – расказвае гісторык Валерый Сліўкін.
Аб земляках, якія загінулі ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, цяпер мясцовым жыхарам нагадвае стэла ў цэнтры вёскі. На помніку з рэльефам ордэна Вялікай Айчыннай вайны знаходзіцца 12 прозвішчаў, сярод якіх ёсць і прозвішчы закатаваных старшыняў сельсаветаў.

Чаму Кабыльнікі ператварыліся ў Крыніцы?
Так, вандруючы ў часе і пераскокваючы з адной гістарычнай падзеі да другой, мы дайшлі да моманту, калі вёска Кабыльнікі знікла з карты Лідскага раёна. На змену ёй з’явілася мястэчка з паэтычная назвай Крыніцы. Адбылося гэта прыблізна ў 70-х гадах мінулага стагоддзя.


– Добра памятаю, што назва нашай вёсачкі змянілася, калі сюды стаў хадзіць аўтобус, – успамінае 90-гадовая Ганна Анацка. – Магчыма, камусьці прыйшлося недаспадобы такое “мужыцкае” імя населенага пункта. І было вырашана змяніць яго на больш гучнае. Новую назву падказалі самі местачкоўцы – у нашай вёсцы з даўніх часоў струменіліся крыніцы. Было іх некалькі, таму і вёску назвалі менавіта Крыніцы – у множным ліку.

Ганна Іванаўна расказвае, што мясцовыя крыніцы ўтварылі невялічкае плыткае возера. Вада ў ім была настолькі халодная, што вяскоўцы карысталіся вадаёмам у якасці халадзільніка – апускалі ў ваду бітоны з малаком. А для зручнасці некаторыя нават зрабілі пад іх невялічкія драўляныя студзенькі.
– Бывала, прыйдзеш да азярца са сваім малаком, адкрыеш бітончык, а ён на чвэрць пусты. Відаць, хтосьці ўжо падсілкаваўся халодным тлусценькім напоем, – з гумарам успамінае былое Ганна Анацка. А потым дадае: “Але гэта, напэўна, жартавалі дзеці ці моладзь, бо людзі ў нашай вёсцы былі па большасці сумленнымі”.

Дарэчы, Ганна Іванаўна, бадай, самая сталая жыхарка вёскі Крыніцы. Тут яна жыве аж з 1958 года. Спачатку працавала ў полі, потым на ферме цялятніцай, а калі пабудавалі дзіцячы садок, уладкавалася туды “нянечкай”. Кажа, вёска заўжды была жывая, жыццё тут бруілася і бурліла, як тыя крыніцы. З асаблівай цеплынёй успамінае бабуля Ганна мясцовы клуб – эпіцэнтр культурнага жыцця вяскоўцаў. Тут праводзіліся і сельскія сходы, і “навагоднія агеньчыкі”, і нават вяселлі.
– З адным вяселлем, якое, кажуць, у Кабыльніках святкавалі цэлы тыдзень, звязана вельмі рамантычная гісторыя, – заінтрыгавала бабуля Ганна і падрыхтавалася апавядаць:

“Ехаў неяк праз нашу вёску малады чалавек са сваім сябрам. Быў ён не толькі прыгожым і багатым, але і надзіва прыстойным. Убачылі хлопцы мясцовую крыніцу і вырашылі спыніцца. Напіліся вады, адпачылі крыху на траўцы, а потым прабіла іх нешта на жарты (вядома ж, моладзь!). Захацелі вандроўнікі пажартаваць над “тубыльцамі”.
– Давай праверым, – кажа адзін з хлопцаў, нешта шукаючы па кішэнях, – ці ахвочыя тутэйшыя людзі да чужых грошай. – І кінуў манетку ў празрыстую вадзіцу.
Юнакі схаваліся ў кустах і пачалі чакаць. На шчасце, доўга сядзець у засадзе ім не прыйшлося. Да крынічкі падышла маладзіца, нахілілася, каб памыць твар і, мабыць, заўважыла, што на дне нешта ляжыць і ярка свеціцца. Захацелася ёй даведацца, што гэта такое. Нахілілася да вады – і як гопнецца туды, толькі пырскі паляцелі. Спалохаўся малады чалавек, што зрабіў кепска, і пабег ратаваць дзяўчыну: падхапіў на рукі і вынес на траву. А як глянуў у яе прыгожы твар, дык адразу ж закахаўся. Хутка маладыя справілі вяселле і жылі ў любові і шчасці да самай старасці. Кажуць, з той пары маладзіцы, якія вельмі хацелі замуж, пачалі часцей хадзіць да крыніцы. Мабыць, спадзяваліся таксама сустрэць свайго “прынца”.
***
А вы, паважаныя чытачы, калі-небудзь цікавіліся, адкуль паходзіць назва вашага мястэчка, вёскі? Можа бабулі і дзядулі апавядалі вам цікавыя гісторыі ці легенды пра свой родны куток? У вас ёсць добрая магчымасць папоўніць імі фальклорную скарбніцу Лідскага раёна. Тэлефануйце ў рэдакцыю “Лідскай газеты”, дасылайце лісты – і наступны рэпартаж, магчыма, будзе менавіта пра вашу мясцовасць!За дапамогу ў напісанні дадзенага артыкула выказваю падзяку: былому супрацоўніку Лідскага гісторыка-мастацкага музея Валерыю Сліўкіну, былому дырэктару эксперыментальнай базы “Ніва” Віктару Кудлу, жыхарцы вёскі Крыніцы Ганне Анацка, а таксама лідчаніну Станіславу Інцэвічу, які нарадзіўся і вырас у вёсцы Крыніцы.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.




