Жыхары вёскі Істокі знайшлі і аднавілі падземную крыніцу

22 Июня 2024 796
У Беларусі ёсць куткі неверагоднай прыгажосці, якія валодаюць асаблівай прыцягальнай сілай. Адзін з такіх – невялікая вёсачка Істокі, што прытулілася да шашы на Беліцу. Назву гэтаму населенаму пункту, відавочна,  далі крыніцы, што “кіпелі” тут дзясяткамі. Аднак было гэта шмат гадоў таму. Пасля міліярацыйных мерапрыемстваў, якія праводзіліся на тэрыторыі Лідскага раёна, жыватворныя ручайкі заіліліся і зніклі.

Пасля гэтага вёска Істокі нібы асірацела і паволі пачала марнець. Трэба аднавіць родныя вытокі, – вырашылі мясцовыя жыхары і пачалі шукаць вакол сябе падземныя крынічкі. Амаль год мужчыны рабілі шурфы ў тых месцах, дзе раней струменіліся крынічкі. І, нарэшце, знайшлі: за возерам, што раскінулася пасярод Істокаў, з-пад зямлі выбілася чыстая, нібы сляза, вадзіца. Добраўпарадкавалі тое месца ўсёй вёскай:  адныя дапамаглі будаўнічымі матэрыяламі, другія – грашамі, а некаторыя – часам і сіламі.  А калі скончылі, запрасілі святара на сумесную малітву. Атрымалася шчырае вясковае свята, на якое з’ехаліся людзі з суседніх вёсак, родныя і знаёмыя мясцовых жыхароў і нават творчы калектыў з Ганчарскага Дома культуры. Журналіст “Лідскай газеты” таксама там была, смачную ваду са студзенькі піла. Дарэчы, цяпер аб усім падрабязней…

Пад заступніцтвам свяціцеля Мікалая

Ля адноўленай крынічкі, як некалі іх продкі, сабраліся на малітву людзі. Навялі вакол парадак, прынеслі стол, на траве разаслалі дыван і ўстанавілі лаўкі… Дату для такой урачыстаcці выбралі знакавую – дзень памяці свяціцеля Мікалая Цудатворца. Айцец Іаан, настаяцель храма Узвіжання Крыжа Гасподняга ў аграгарадку Беліца, правёў вадасвятны малебен і асвяціў прыродны выток. 

– Божы ўгоднік Мікалай – адзін з самых ушанаваных святых. Пры зямным жыцці ён учыніў мноства цудаў і шмат дапамагаў людзям, за што ў народзе яго вельмі любілі і верылі, што святы Мікалай адгукнецца на любую просьбу. Святы лічыцца заступнікам падарожнікаў і засцерагае іх у дарозе. Яго просяць уберагчы ад раптоўнай смерці, прымірыць у канфлікце і абараніць нявінна асуджаных. Мікалай Цудатворца вядомы здольнасцю вылечваць хваробы, пазбаўляць ад беднасці і патрэбы, а таксама накіраваць у складаных жыццёвых сітуацыях. Са сваімі жальбамі да яго можа звярнуцца кожны, але важна,  каб у сэрцы была вера і надзея, – падкрэсліў у сваёй прамове святар. 

Цячэ вада ў ярок

Я падышла да крыніцы і зазірнула ў цёмную глыбіню: калі добра ўгледзецца, можна ўбачыць фантанчыкі і ледзь прыкметную пульсацыю празрыстай вады. Крыніца жыве! Аблакаціўшыся аб бетоннае кола, зачарпнула гліняным збаном вады, глыкнула. Ледзяная, аж сківіцы зводзіць. Але мяккая і прыемная. П’еш і яшчэ хочацца… 

– Крынічная вада аднолькава смакавала і мясцовым магнатам, і простаму люду: пілі яе “жывой”, гатавалі супы і гарбату, купалі дзяцей, каб засцерагчы іх ад хвароб, мясцовыя прыгажуні акуналі ў крынічную ваду свае тварыкі, каб скура даўжэй заставалася маладой і гладкай. Існуюць у народзе і розныя павер’і. Кажуць, калі юнак назначыць каханай спатканне каля крыніцы, то чакаць неўзабаве вяселля. Але найбольш “памоцнай” мясцовая крынічка была пры хваробах вачэй і страўніка, – расказвае  81-гадовая Марыя Кудла. 

Бабуля Мар’я, бадай, самая сталая жыхарка вёскі Істокі. Тут яна жыве амаль палову стагоддзя. Усё жыццё працавала даяркай у калгасе, а яе муж – трактарыстам. А вось свёкар Сцяпан, успамінае жанчына, быў асобай неардынарнай: знаходзіў крыніцы, аднаўляў іх і даглядаў. 

– Помню, аднойчы так застудзіў ногі, что некаторы час нават не мог хадзіць. Каб пазбавіцца ад болю ў суставах, загадаў прынесці крынічнай вады, пагрэць яе ў печы  і расцерці ногі. Не памятаю колькі спатрэбілася працэдур, але хвароба адступіла. Вось як пасля гэтага сумнявацца ў гаючых уласцівасцях мясцовай вады? – рытарычна пытаецца мая субяседніца. 

– А мой сваяк, які раней жыў у Істоках, але потым з’ехаў за мяжу, прасіў сына прывезці яму нашай крынічнай вады. Так сумаваў па Бацькаўшчыне і родных мясцінах, – далучаецца да размовы тутэйшая жыхарка Зінаіда Рэйба. 

Зінаіда Аляксандраўна таксама з тых, хто памятае родную вёску шматлюднай. Кажа, гадоў 60 таму жыццё тут кіпела: працавалі аж два водныя млыны, было шмат дзяцей і моладзі, вяселлі гулялі цэлай акругай, а калі хтосьці паміраў – аплаківалі таксама ўсёй вёскай. Чаго не скажаш цяпер: пачуць дзіцячы смех можна толькі ўлетку, калі да кагосьці прыязджаюць унукі, а зімаваць  у Істоках застаюцца ўсяго некалькі гаспадароў. Зінаіда Рэйба прызнаецца: дзеці не раз прапаноўвалі забраць яе ў горад, каб была пад даглядам родных і медыкаў. Але бабуля Зіна заяўляе катэгарычна: толькі ў Істоках яна адчувае сябе прывольна і спакойна. Тут яе душа адпачывае.

Моц і сіла роднай зямлі

Існуе гіпотэза, что падземныя вытокі маюць не толькі лекавыя ўласцівасці, але і ўласную памяць. Некаторыя навукоўцы лічаць: у вады, якая б’е з глыбінь, інфармацыйная матрыца чыстая. Таму пры ўзаемадзеянні з арганізмам чалавека, яна змывае слабыя электрамагнітныя палі, якія ўзніклі па прычыне хвароб. Такім чынам, энергетыка чалавека аднаўляецца. 

Здаўна людзі прыпісваюць крыніцам пэўную «медыцынскую» накіраванасць. напрыклад, жыровіцкая вада дапамагае пры паралічы і радыкуліце, а ключ, што б’е бліз вёскі Вітаўка Дзяржынскага раёна ачышчае сасуды, лечыць сэрца. Але такое дзяленне вельмі ўмоўнае, бо любая прыродная вада можа вылечыць хваробу – была б вера.

– У людзей часта складваецца няправільнае ўяўленне пра тое, што такое святая вада і як яе неабходна ўжываць. Калі мы верым у Бога і лічым, што святыя крыніцы – гэта тыя месцы, дзе мілата Божая даецца ў дапамогу людзям, то павінны разумець: Гасподзь перш за ўсё жадае духоўнага здароўя і ачышчэння, – кажа айцец Іаан. – Людзі не наведваюць царкву, не ўдзельнічаюць у яе сакрамантах. І разам з гэтым спадзяюцца на цуд, што святая вада вырашыць усе праблемы. Але цуд адбываецца толькі там, дзе душа падрыхтавана для прыняцця Божай ласкі. Гэта як у жыцці: вялікі ўраджай прынясе толькі тое поле, на якім чалавек добра папрацаваў. Для вернікаў – гэта чытанне Евангелля, выкананне запаведзяў, шчырая споведзь, жалоба за грахі, міласэрнасць да людзей... Толькі ў гэтым выпадку кожны з нас можа спадзявацца, што Бог дасць аздараўленне. 

Цяпер у маленькай вёсачцы Істокі таксама будзе свае асабістае свята. Мясцовыя жыхары спадзяюцца, што роўна праз год, у дзень Мікалая Цудатворца, сюды зноў з’едуцца людзі. Будуць гучаць і шчырыя малітвы аб здароўі, і песні з надзеяй аб добрым будучым, і прыемныя ўспаміны аб былым… Нездарма кажуць, жыве крыніца – жыве і вёска.  






Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться