Ажаніліся ў маі і пражылі 60 гадоў

13 Мая 2025 876
Жыхар вёскі Вангі Іван Баляслававіч Забела сёлета ў маі адзначыў дзве юбілейныя даты: 1 мая яму споўнілася 85 гадоў, 9 мая – 60 гадоў сумеснага жыцця з жонкай Ганнай Казіміраўнай. У народзе існуе павер’е: калі заключыш шлюб у маі, дык усё жыццё будзеш “маяцца”. Што гэта не так чарговы раз пацвярджае жыццёвая дарога юбіляраў Забела. Прайшлі яны яе годна. Нарадзілі і вырасцілі трох сыноў, зараз маюць пяцёра ўнукаў. Іван Баляслававіч шчыраваў механізатарам у калгасе. Ганна Казіміраўна спачатку працавала ў паляводстве, затым у мясцовым Доме быту і на ФАПе. 

Калі муж і жонка пайшлі на пенсію, таксама без справы не сядзелі. І нават зараз, у сталым узросце, маюць падсобную гаспадарку. Ганна Казіміраўна да гэтай пары трымае пчол. Яшчэ яна заўсёды была за ядлым грыбніком (добра, што навакольны прынёманскі край багаты на дары лесу). А вось перабіраць грыбы бярэ на сябе абавязак Іван Баляслававіч.

– Дружна ў пары любая справа ідзе на лад, – адзначае Ганна Казіміраўна і працягвае аповед. – З самага першага дня шлюбу і на працягу ўсіх 60 гадоў мы з мужам знаходзім паміж са бой паразуменне. Ён чалавек дабразычлівы, ахвотны да працы. Пэўны адбітак на гэта паклала тое, што ён рос сіратою.

Бацьку Івана Баляслававіча забралі ў Савецкую армію ў самым пачатку 1945 года. Праз некалькі месяцаў пасля гэтага ў Мастаўляны прыйшло паведамленне, што Баляслаў Забела загінуў падчас вызвалення Польшчы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пахаваны на могілках аднаго з польскіх гарадоў. Зусім хутка пасля гэтага з-за хваробы памерла і маці Івана Баляслававіча. Ён, які на той час, як гаворыцца, яшчэ ў пясочку гуляў, застаўся жыць з ненамнога старэйшым за сябе братам Аляксандрам і зусім маленькаю сястрою Марыяй.

Сваякі і аднавяскоўцы не пакінулі дзяцей. Тым не менш на плечы дзетвары ляглі дарослыя клопаты. Сястра з малых гадоў займалася хатнімі справамі (і гэта нягледзячы на тое, што, каб дацягнуцца да прыпечку і прапаліць у печы, ёй патрэбна было падстаўляць услончык), а браты ўзялі на сябе мужчынскія абавязкі. Каб забяспечыць сям’ю матэрыяльна, Іван пасля за канчэння пачатковай школы папрасіўся ў якасці прыцэпшчыка на работу ў калгас. Там пайшлі насустрач хлопцу, а праз некаторы час як ужо паўнапраўнаму механізатару даверылі трактар.


На ўсім працоўным шляху Івана Баляслававіча вызначалі добрасумленнасць і вялікая адказнасць пры выкананні работы. А працаваць яму даводзілася на розных участках сельгасвытворчасці: араць, сеяць, убіраць лён, упраўляцца з бульбакапалкай і іншае. Стараннасць механізатара ў 1972 годзе была адзначана дзяржаўнай узнагародай – ордэнам “Знак Пашаны”.



Тое, што Іван Забела клаў сілы на агульную гаспадарку, не забыта і цяпер. Сёлета ён аказаўся ў ліку тых юбіляраў раёна, каго за былыя працоўныя заслугі ўшаноўвае старшыня Лідскага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі. Нядаўна ў Беліцкім Доме культуры адбылася імпрэза, падчас якой Аляксандр Людвігавіч цёпла павіншаваў 85-гадовага віноўніка ўрачыстасці з юбілеем і ўручыў яму ганаровую грамату. Віншаванні Іван Баляслававіч атрымаў таксама і ад кіраўнікоў Лідскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза аграпрамысловага комплексу, Беліцкага сельвыканкама, КСУП “Пескаўцы”. На ўрачыстым мерапрыемстве прысутнічалі жонка Івана Баляслававіча, Ганна Казіміраўна, родныя сям’і. Са сцэны гучалі пажаданні ў адрас мужа і жонкі. Мы таксама далучаемся да ўсіх тых добрых слоў, якія былі выказаны!




Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться