Цвермская каплічка: сіла веры цуды творыць

14 Сентября 2024 772

Да вёскі Цвермы Дубровенскага сельсавета ад Ліды не больш за пятнаццаць кіламетраў – лічы, рукой падаць. Але прыйдзецца добра патрэсціся на дарозе-тарцы. А потым яшчэ кіламетр – па вузкай дарожцы ўздоўж лесу. І толькі тады самым церпялівым пад ляснымі шатамі адкрыецца яна – цвермская каплічка. У намоленае месца не зарастае народная сцежка, аб чым сведчаць дагледжанасць, мноства кветак і не менш рознакаляровых стужак, павязаных на галінах паўшай на зямлю векавой хвоі. Напэўна, кожны, хто тут бывае, адчувае душой ціш і ласку, а фізічна – асаблівае, напоенае лясной чысцінёй паветра. 

Пра цвермскую каплічку “Лідская газета” калісьці ўжо пісала, але цікаўнасць лідчан да гэтага месца была, ёсць і будзе. Па просьбах нашых чытачоў вяртаемся да тэмы, каб расказаць адкуль каплічка пайшла і чым слаўная. А дзеля гэтага сустракаемся з сям’ёй лідчан Валянціна і Ядзвігі Капачэль, якія больш, чым хто, могуць пра яе расказаць. 

“Пастаў тут крыж!”

Валянцін Эдуардавіч Капачэль – фермер, і зараз у яго літаральна гарачая пара. Таму сустракаемся і гутарым з яго жонкай Ядзвігай Станіславаўнай, якая расказвае нам гісторыю, лічы, з першых вуснаў.

Яе муж Валянцін родам з вёскі Гімбуты, што непадалёку ад Цвермаў. Лідчанін памятае, як яшчэ ў дзяцінстве бабуля вадзіла яго ў гэтае месца каля старога шляху з Ліды на Ліпнішкі, дзе калісьці стаяла каплічка, і казала, што яно вельмі святое. Касцёлаў на той час не было або яны былі зачыненыя, а месца ля Цвермаў карысталася вялікай пашанай у вернікаў. Калі Валянцін Эдуардавіч стаў дарослым, часцяком, ходзячы па родным лесе падчас палявання, зварочваў у гэты куточак. Маліўся сваімі словамі, як умеў.

А аднойчы з ім здарылася такая падзея… Прысніўся дзіўны сон: нібыта стаіць ён на тым месцы, каля векавой хвоі… Дарэчы, у сне ён бачыў яе менавіта такую, як сёння, паваленую на зямлю, хаця на той час яна яшчэ расла, трымалася за карані. І вось па галінах хвоі да яго паўзе змяя. Валянціну вельмі страшна, і хоча ён адступаць назад, але не можа. Ды раптам чуе голас: “Не бойся! Яна цябе не ўкусіць. Пастаў тут крыж!”

Калі прачнуўся, то, вядома ж, вырашыў так і зрабіць: калі-небудзь паставіць на гэтым месцы крыж. Але час ішоў, справа адкладвалася... 

– Аднойчы мы паехалі ў Дзятлава, дзе ў каталіцкім лагеры адпачывала дачка. Разгаварыўшыся з сястрой-манахіняй, я ўспомніла пра мужаў сон. “Не хвалюйцеся, – сказала яна. – Калі Бог выбраў яго, значыцца, зробіць. Рана ці позна паставіць крыж. Яму прыйдзецца, бо наканавана Богам”. І сапраўды адбылося так.
У 2006 годзе ў Валянціна Эдуардавіча раптам пачаліся праблемы са здароўем. Прычым адбывалася нешта незразумелае: па аналізах чалавек здаровы, а па адчуванню – ніякі, яму дрэнна, неспакойна, няма апетыту, ён слабне на вачах. Валянцін Капачэль і яго жонка пабывалі ў розных дактароў. Адзін з іх, у чарговы раз правёўшы агляд, папрасіў мужа выйсці з кабінета і спытаў у яго жонкі: “А вы людзі веруючыя? Ці не шукалі вы паратунку ў рэлігіі?” 

– “Так, я веруючая”, – адказала Ядзвіга Станіславаўна. – З дзяцінства мама вадзіла нас кожную нядзелю ў касцёл. Муж, бывала, нават кпіў з мяне, што надта апантаная ў веры. А пасля пачутых слоў ад урача мяне нібыта ахінула. Выйшла з бальніцы і накінулася на яго з папрокамі: “Канешне, ты будзеш хворы, ты ж яшчэ калі абяцаў крыж паставіць?!” 

“Вярнуліся дамоў, – успамінае лідчанка. – За кароткі час муж зрабіў металічны крыж. А потым разам з дзецьмі мы ўзялі яго і паехалі ў Цвермы. Валянцін быў зусім слабы. Хваляваліся: што мы зробім?.. Але прыехаўшы, былі вельмі ўражаныя: у адным месцы зямля была такая мяккая, быццам ускапаная, са свежым жоўценькім пяском. Нібыта хтосьці прыгатаваў месца. Мы з лёгкасцю паставілі крыж, памаліліся. Прыехалі дамоў. Муж заснуў, а ранкам прачнуўся здаровы. Калі б хто чужы сказаў аб гэтым цудзе, не паверылі бы… А тут – яно адбылося на нашых вачах. Якая Боская сіла!.. Успомнілі словы манахіні: зробіць, нікуды не дзенецца, а не зробіць адразу – жыццё прымусіць. Вось і прымусіла – хваробаю”.

Заняў свой зямны трон амшалы крыж 

Пасля таго, як быў усталяваны крыж, Ядзвіга Станіславаўна звярнулася ў касцёл, каб асвяціць яго. Ксёндз Уладзімір Гуляй (на той час ён служыў у Фарным касцёле) вельмі ўзрадаваўся і захацеў зрабіць гэта асабіста сам. Аказалася, у яго меліся копіі архіўных матэрыялаў пра гісторыю старадаўняй цвермскай каплічкі. Вось пра што можна з іх даведацца…. 

Калісьці ля вёскі Цвермы, паблізу старога шляху з Ліды на Ліпнішкі (праз в. Такары), стаяў драўляны крыж з фігуркай Іісуса Хрыста. Ён меў вялікую пашану ў людзей і быў знакаміты цудамі, гісторыя якіх сягае ў сярэдзіну 18 стагоддзя. Вуснае паданне гаворыць, што ў гэтай жа вёсцы ў тыя часы жыў гаспадар па імені Стэфан Валяль з жонкай Мар'янай і дачкой Мар'янай. Прыкладна ў 1774 годзе яны сталі сведкамі такой гісторыі... Бура паваліла крыж з распяццем, і Стэфан Валяль вырашыў забраць фігурку Хрыста, зберагчы яе. Загарнуў у палатно і палажыў у свіран. Але раптам ён, Стэфан Валяль, і яго жонка Мар'яна аслеплі. Аднойчы ў сне з'яўляецца яму Збавіцель і кажа: "Чаму мяне заключыў! Аднясі на ранейшае месца!" Пасля прабуджэння Стэфан папрасіў суседзяў, каб зрабілі крыж, да яго ўмацаваў фігурку. Новы крыж паставілі на ранейшым месцы пад лесам. Па заканчэнні справы Стэфан Валяль і яго жонка Мар'яна раптам зноў пачалі бачыць. На памяць пра цудоўнае выздараўленне Валялі, пакуль жылі, штогод ладзілі пачастунак для ўсёй вёскі. Куплялі цяля, прывозілі або варылі піва і частавалі суседзяў. Ад таго часу крыж пачаў лічыцца цудадзейным, а людзі ўзносілі малітвы і прыносілі ахвяры ў выглядзе завязаных на ім фартушкоў з палатна, атрымліваючы пазбаўленне ад хвароб і дапамогу ў нягодах. Увесь крыж ад фігуры Іісуса Хрыста аж да зямлі абвешалі даматканым палатном у выглядзе фартушкоў з нашытымі надпісамі. Фартушкоў ніхто не забіраў, і яны віселі і буцвелі дзясяткі гадоў. Да крыжа прыходзілі не толькі католікі, але і праваслаўныя.


10 чэрвеня 1935 г. (гэта быў другі дзень Сёмухі) пры ўдзеле амаль 15 тысяч вернікаў на гэтым месцы асвечана каплічка. Яна была пабудавана над драўляным крыжам з фігуркай Хрыста. Такім чынам  была ўсталявана ў Цвермах у славу Божую пастаянная капліца, а ў ёй у алтары заняў свой зямны трон амшалы крыж з фігуркай Збавіцеля, якая пратрывала каля двух стагоддзяў пад старой хвояй.


Цікава. Архіўныя матэрыялы захавалі занатаваныя сведчанні аб цудах, якія адбываліся з людзьмі па малітвах ля каплічкі: “Двухгадовы хлопчык Францішак Жак у 1931 г. захварэў на шкарлятыну і меў пухліну ў горле. Дзіця паклалі ў шпіталь. Лекар-хірург сказаў, што хлопец не будзе жыць. Пасля вяртання са шпіталю дадому, малітваў і вывешвання фартушка на крыжы Франак хутка выздаравеў. Ядзвіга Гольмант з Цвермаў мела сардэчную недастатковасць і хварэла ўвесь 1930 год. Пасля таго, як памалілася перад крыжам, паправілася. Кастусь Вінча, 50-гадовы жыхар Цвермаў, доўгі час адчуваў хваробу лёгкіх і быў на прасвеце (рэнтгене), лекары пастанавілі, што ён мае сухоты (туберкулёз). Пачаў маліцца пад крыжам і працаваць пры яго аздабленні і будаўніцтве капліцы. І вось ні болю ўжо не чуе, ні стомы…” Захаваліся і больш познія сведчанні: у каваля з в. Ішчолна моцна захварэла жонка. Даведаўшыся пра цвермскі крыж з фігуркай Хрыста, ён прыязджаў сюды і шчыра маліўся. Жонка выздаравела, а каваль у знак падзякі абшыў крыж меддзю. Гэтую медзь падчас пабудовы новай каплічкі Валянцін Эдуардавіч акуратна склаў і паставіў побач у форме крыжа (яе і зараз тут можна ўбачыць).

Капліца ў Цвермах уцалела і тады, калі змянілася ўлада і на нашы землі прыйшлі другія Саветы, і нават падчас Вялікай Айчыннай вайны. А вось у 1960 годзе яе знеслі… Разбуралі саўгасным трактарам, зачапіўшы тросам за верх капліцы. Вернікам аднак дазволілі вынесці крыж з фігуркай, які яны перадалі ў Тракельскі касцёл. 

Людская памяць захавала гісторыі аб тым, як былі пакараныя тыя, хто разбурыў каплічку. Гэтых людзей было пяцёра, і кожнага напаткаў трагічны лёс. Каменне з-пад фундаменту каплічкі вывезлі на будаўніцтва фермы ў адной з вёсак, і на ёй пазней тройчы адбываліся няшчасныя выпадкі. А з дрэва каплічкі пабудавалі дом у другой вёсцы: у ім не маглі жыць людзі, а потым ён і ўвогуле згарэў – ціха, роўна, нібыта свечка.

Захавалася і гісторыя пра старую хвою… Пасля разбурэння капліцы геадэзісты вырашылі паставіць у гэтым месцы трыангуляцыйны знак. Хвоя замінала ім, і таму было вырашана яе спілаваць. Як толькі пачалі пілаваць, высветлілася, што піла замалая, а з дрэва пацякла смала, колерам падобная на кроў. Гэта моцна напалохала геадэзістаў, і яны пакінулі дрэва ў спакоі. Аднак час зрабіў сваю справу, і дрэва гадоў пятнаццаць таму павалілася. Гэта была сапраўды магутная хвоя таўшчынёй у тры з паловай ахопы.

Каплічка працягвае служыць людзям

47 гадоў святая імша не адпраўлялася ў намоленай мясціне каля Цвермаў. Але так было заўгодна Богу, каб гісторыя цвермскай каплічкі ажыла, працягнулася ў нашы дні. І сваю ролю адыграла ў гэтым зноў жа сям’я Капачэль. Ведаючы, што крыж з фігуркай Збавіцеля апынуўся ў Тракельскім касцёле, сям’я звярнулася да тагачаснага пробашча Паўла Галінскага, а той у сваю чаргу вярнуў крыж у Цвермы. Гэта адбылося тады, калі  Валянцін Эдуардавіч вырашыў пабудаваць новую мураваную каплічку на месцы старой. Будаўніцтва цягнулася амаль тыдзень. Многія людзі з навакольных мясцін аказвалі дапамогу. Падтрымалі добрую справу і ксёндз Павел Галінскі, пробашч парафіі ў Тракелях, а таксама ксёндз Уладзімір Гуляй, пробашч парафіі Ліда-Фара. Знамянальна, што ўрачыстае асвячэнне мураванай капліцы ў Цвермах адбылося, як і калісьці, на другі дзень Сёмухі. Каплічка атрымала назву "Узвышэнне Святога Крыжа". Там быў змешчаны вернуты з Тракеляў стары векавечны крыж з фігуркай Хрыста (той самы, што калісьці выратаваў Стэфан Валяль). Хочацца верыць, што яшчэ не адно стагоддзе ён будзе нагадваць вернікам аб ўсемагугнай Божай ласцы!

Цячэ плынь людзей у святое месца ля Цвермаў. Асабліва шмат народу прыходзіць і прыязджае сюды на святочныя фэсты, якія сталі традыцыйна праводзіцца на другі дзень Сёмухі. Гавораць, у гадзіны набажэнства дажджавыя хмары рассейваюцца, і нават машкара перастае даймаць прысутных.

Людзі, ужо нашы з вамі сучаснікі, распавядаюць пра новыя факты дапамогі і вылячэння. Напрыклад, як прыязджала сюды не так даўно сям’я з Дуброўні – іх дарослыя дзеці жывуць у Мінску і доўгі час не мелі дзетак. Па малітвах ля цвермскай каплічкі і міласці Божай яны сталі шчаслівымі бацькамі. Такіх сведчанняў вельмі многа.

Драўляны крыж з фігуркай Збавіцеля знаходзіцца па-за шклом, а на старой хвоі, якая так і ляжыць за каплічкай, па-мацярынску аберагаючы яе, кожны год з'яўляюцца сотні ахвярных стужак. Каплічка працягвае служыць людзям. 

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться