Прызнаныя атрыбуты незалежнасці. Лідчане адзначылі Дзень Дзяржаўнага сцяга, герба і гімна Рэспублікі Беларусь.

12 Мая 2024 1579
Дзень дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга ў Беларусі адзначаюць ужо больш за чвэрць стагоддзя. А з мінулага года другая нядзеля мая стала таксама святам нашага гімна. Гэта трыяда ўвасабляе наш суверэнітэт і нацыянальнае адзінства. Сімвалам, якія нас яднаюць, у Лідзе прысвяцілі патрыятычную акцыю, кульмінацыйным момантам якой стала ўрачыстае ўзняцце Дзяржаўнага сцяга. А сотні лідчан выканалі галоўную песню краіны – дзяржаўны гімн.


Па традыцыі ў гэты святочны дзень прадстаўнікі органаў улады, працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, ваеннаслужачыя сабраліся на плошчы ў Лідзе на ўрачыстую цырымонію «Мы грамадзяне адзінай краіны. Сімвалы ведаць і помніць павінны». Са словамі віншаванняў да землякоў звярнулася старшыня раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш.

Ні адна значная падзея ў жыцці нашай дзяржавы не абыходзіцца без урачыстага ўзняцця Дзяржаўнага сцяга. Павага да галоўных дзяржаўных сімвалаў – гэта праява патрыятызму, адказнасці за сучаснасць і будучыню сваёй Айчыны, гонару за слаўныя баявыя і працоўныя здзяйсненні, шанаванне нацыянальных святынь і гістарычных традыцый, – падкрэсліла Інэса Генадзьеўна. 


Ганаровага права ўзняць Дзяржаўны сцяг былі ўдастоены прадстаўнікі таленавітай моладзі, а таксама дырэктар Бярозаўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў Ядзвіга Стацэвіч і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дырэктар завода гарачага ацынкавання «Конус» Андрэй Жамойда.

– Беларускі сцяг лятаў у космас, узнімаўся на самыя высокія горныя вяршыні, быў у Антарктыдзе. Спартсмены пасля сваіх перамог у рукі нязменна бяруць Дзяржаўны сцяг. З нашым сцягам лёгка знайсці беларускіх балельшчыкаў на трыбунах розных спартыўных ці музычных спаборніцтваў. Герб і сцяг нашай краіны вянчаюць усе дзяржаўныя ўстановы. А эталоннае гучанне галоўнай песні нацыі – гімна – двойчы на дзень гучыць у эфіры тэле- і радыёканалаў краіны, у пачатку і завяршэнні вяшчання. Усе гэтыя сімвалы нязменна аб’ядноўваюць нацыю, – адзначыў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дырэктар завода гарачага ацынкавання «Конус» Андрэй Жамойда.

– Дзень дзяржаўнага сцяга і дзяржаўнага герба мы святкуем з 1998 года. Аднак у Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу: «Той факт, што дзяржаўных сімвалаў у нас тры (герб, сцяг, гімн), а дзяржаўнае свята прысвечана толькі двум, напэўна, гэта няправільна. Трэба выправіць недахопы». Так, 12 красавіка 2023 года быў падпісаны Указ №105, які карэктаваў назву свята і мяняў яго на «Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь». Лічу гэта рашэнне правільным: новая назва дасць магчымасць аддаць даніну павагі ўсім тром дзяржаўным сімвалам Беларусі, – сказала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Кацярына Серафіновіч. 

Песнямі і танцамі ў гэты дзень віталі землякоў самадзейныя артысты. Падчас урачыстасці прайшла цырымонія пасвячэння ў піянеры. Гальштукі школьнікам, якія ўступілі ў шэрагі БРПА, павязалі ганаровыя госці мерапрыемства.

– Стаўлюся да дзяржаўнай сімволікі з павагай і шанаваннем, як кожны сапраўдны беларус. Нацыянальны гімн ведаю на зубок. Лічу, што любоў да Радзімы складваецца з клопату пра захаванне традыцый, – выказала сваю думку салістка эстраднай студыі «Акцэнт» Палаца культуры г. Ліды Дар’я Жук.















Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться